Самалёт Аляксандра Лукашэнкі з бартавым нумарам EW-001PA вылецеў з Менску ў бок Масквы, паведамляе тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» са спасылкай на дадзеныя трэкера палётаў. У расейскай сталіцы Лукашэнка, як паведамляюць медыі, наведае парад Перамогі і сустрэнецца з Пуціным. Беларускі расследавальніцкі цэнтр сабраў усё, што вядома пра візіт.
Пералёт Аляксандра Лукашэнкі
Крыніца: Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги»

Гэта другі такі візіт за ўсю гісторыю. Да гэтага Лукашэнка быў на парадзе перамогі толькі аднойчы – 24 чэрвеня 2020 года. Тады з-за пандэміі COVID-19 святочныя мерапрыемствы ў Расеі прыйшлося перанесці практычна на паўтара месяца. Пры гэтым у Менску ў 2020 годзе Лукашэнка правёў вайсковы парад 9 траўня, нягледзячы на пандэмію каронавіруса.

Раней Лукашэнка адхіляў запрашэнні Крамля прыехаць на вайсковы парад, пры гэтым тлумачыў ён такое рашэнне заўсёды аднолькава. У 2019 годзе ён заявіў, што «не можа прапусціць» урачыстае мерапрыемства ў Менску і, акрамя таго, яго не запрасілі на маскоўскі парад. Аналагічным чынам ён адказаў на пытанні журналістаў і ў 2015 годзе.

Па нашых падліках, гэты візіт Лукашэнкі ў Маскву стане ягонай 14-й сустрэчай з Уладзімірам Пуціным з пачатку вайны ва Украіне. Толькі ў снежні 2022 года яны сустрэліся тры разы. Да гэтага кіраўнікі дзвюх краін сустракаліся прыкладна па чатыры-пяць разоў у год.

Лукашэнка апынуўся ў ліку пяці замежных лідараў, якія прыедуць у Маскву на 9 траўня. Парад таксама наведаюць прэзідэнт Казахстану Касым-Жомарт Такаеў, кіраўнік Кыргызстану Садыр Жапараў, прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашынян і прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў.

Да расейскага ўварвання ва Украіну замежныя лідары нярэдка прыязджалі ў Маскву на парад 9 траўня. Толькі ў 2005 годзе паглядзець парад Перамогі на запрашэнне Пуціна прыехалі паглядзець каля 50 сусветных лідараў. У 2022 годзе не прыехаў ніхто.

Іншыя Навіны