Навіны з Чалым

11 кастрычніка

Па якой дарозе трэба наносіць удары пад дых Расеі і чаму кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі круты, а ён сам — не

Гісторыя «а-ля Прыгожын», беларускае золата і помнік карове.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой плануе ярка прадставіць школы з навучаннем на беларускай мове. Украінскі дэпутат Алег Дунда прапанаваў ударыць пад дых Маскве праз Беларусь. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некалькі цытат.
Змест
00:50 Звышсакрэтная інфармацыя аб планах ворагаў
01:40 «Арміі не хопіць…»
02:33 Памылка Масквы
03:35 Лукашэнка баіцца правакацыі
04:20 Ці адчувае Лукашэнка сябе ў бяспецы?
05:10 Год беларускай мовы
09:30 Перадвыбарчая кампанія

Вораг узяў ідэю на заметку

«Трэба біць там, дзе Расейская імперыя максімальна слабая, па самых уразлівых месцах, расхістваць яе з усіх бакоў. Я глыбока ўпэўнены — калі зойдзем адносна невялікімі падраздзяленнямі ў Беларусь, беларускае войска складзе сваю зброю"[, — заявіў украінскі дэпутат з фракцыі прэзідэнта Зяленскага Алег Дунда].

Ацаніце прыгажосць гульні. Яшчэ нядаўна Лукашэнка палохаў не толькі сваіх сілавікоў, там гэта хаця б зразумела, але, з нагоды і без нагоды, — настаўнікаў, лекараў, работнікаў сельскай гаспадаркі звышсакрэтнай інфармацыяй аб планах ворагаў уварвацца на тэрыторыю Беларусі. <...>

Паўтараў так часта, што аднаму з дэпутатаў украінскай рады прыйшла ў галаву ідэя: якая цікавая думка, нешта ў гэтым ёсць. <...> Гэта, фактычна, ленінская тэорыя слабога звяна ў сістэме імперыялізму, якая павінна быць вельмі добра знаёмая Лукашэнку».

Гісторыя «а-ля Прыгожын» і нявыдуманая пагроза

«А трэці, апошні момант, у выступе Дунды наогул апынуўся не заўважаны неспрактыкаваным поглядам нашых медыяў: "Гэта вялікі ўдар пад дых Маскве — паказаць, што яна не кантралюе гэтыя тэрыторыі (беларускія — рэд.), не гатовая абараняць іх. Фактычна, гэта гісторыя "а-ля Прыгожын".

А якая галоўная памылка Прыгожына? Ну, акрамя той, што ён даверыўся Лукашэнку. Тая, што Маскву з поўдня ўдалося ўзяць толькі хану Дэўлет-Гірэю. А ўсе астатнія наносілі ўдар пад дых Маскве па старой Смаленскай дарозе.

Адна гісторыя — займацца любімай справай усіх аўтакратаў, распавядаць пра тое, што ты адзіны, хто здольны абараніць краіну ад табой жа выдуманай пагрозы. І зусім іншая гісторыя, калі тыя, каму ты прыпісваў гэтую пагрозу, нават не рыхтуюць яе, а проста самі яе агучваюць».

Дзмітрый Мядзведзеў намякнуў на выкарыстанне Лукашэнкам ядравай зброі 

«Дзмітрый Мядзведзеў у сваім звыклым стылі з запалам піша: "Нейкая смярдзючая кіеўская Дунда прапанавала перанесці вайну ў Беларусь. Ну, тады ў Аляксандра Рыгоравіча будзе поўная падстава звярнуцца да Расеі для выкарыстання размешчанай у Беларусі ТЯЗ. І нам будзе цяжка адмовіць яму ў задавальненні паглядзець на агеньчыкі ў Кіеве".

І пасля ўсяго сказанага пытанне расейскага журналіста падчас саміту СНД у Маскве гучыць проста здзекліва: "Аляксандр Рыгоравіч, ці адчуваеце вы сябе цяпер у большай бяспецы пасля зменаў у расейскай ядравай дактрыне?”.

"Цяпер не адчуваю, таму што я ўжо адчуў у той час, калі на тэрыторыю Беларусі вярнулася самая сур'ёзная зброя. Вось тады я адчуў". А калі памятаць, што Лукашэнка адразу пасля заявы Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядравай зброі тэрмінова сабраў прэс-канферэнцыю з пасылам "ратуйце мяне ад гэтага вар'ята", то адказ Лукашэнкі, які ён даў у поце і з задышкай, трэба разумець наступным чынам: я ўжо і тады спалохаўся, цяпер-та што».

Пра помнік карове і навучальныя ўстановы з беларускай мовай

«Гэта сюжэт не толькі і не столькі пра беларускую мову. Вось, як кажа сам [кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Дзмітрый] Круты: "Першыя чатыры класы ў мяне ўсе прадметы ў школе былі на беларускай мове. І калі я пераехаў ужо ў раённую школу, у раённы цэнтр, то дзесьці паўгода мне спатрэбілася на прывыканне да шэрагу прадметаў на рускай мове. Зараз вялікі запыт на навучанне на беларускай мове. І мы з нашым міністрам адукацыі абмяркоўваем, як больш ярка паказаць тыя навучальныя ўстановы, якія праводзяць навучанне на беларускай мове".

Пра што гэта? Ён наўпрост з міністрам вырашае пытанні. Без пасярэднікаў. Без Лукашэнкі. А цяпер паглядзіце, як на гэтым фоне бледна глядзіцца тое, што некаторыя каментатары называюць перадвыбарнай кампаніяй Лукашэнкі. Нават яго ўласная прэс-служба адчувае няёмкасць ад выступаў шэфа.

Вось наведванне ААТ "Парахонскае" Берасцейская вобласці: "Бягучыя вынікі і арганізацыя справы не выклікаюць нараканняў, а таму размова была больш пра стратэгіі, — кажуць яны і тут жа выбачаюцца. — Для людзей, не ўцягнутых у сельскую гаспадарку, шмат якія рэчы могуць падацца досыць дробнымі, але з іх у выніку складваецца фінальны рэзультат".

Пра што зайшла размова аб стратэгіі? Першае — патрэбныя нармальныя кармы. Гнілаж не патрэбны. Другое — карове трэба паставіць помнік. Трэцяе — запусціў руку ў мех з насеннем і сказаў: “Вось золата. Не так проста гэтае насенне атрымаць. Гэта золата". І нарэшце, паглядзеў на трактары і сказаў, для прадпрыемства гэта must have».