Расследаванні

01 сакавіка 2022

З «Каронай» на чале. Як Павел Тапузідзіс далучыўся да «фальшывага транзіту» і пабудаваў бізнес-імперыю

Расследаванне праграмы "Давайце разбірацца" пра нелегальныя пастаўкі беларускіх цыгарэт

Раней кантрабанда цыгарэт з Беларусі ў асноўным асацыявалася з прадукцыяй дзяржаўнай фабрыкі «Нёман» і беларускім бізнесоўцам Аляксеем Алексіным. Аднак, як высветліў «Беларускі расследавальніцкі цэнтр», яшчэ адзін вытворца цыгарэт у Беларусі можа атрымліваць немалыя выгады ад схемы «перарванага транзіту». Гаворка пра старшыню савету дырэктараў кампаніі «Тытунь-Інвест» Паўла Тапузідзіса, больш вядомага як саўладальніка гандлёвай сеткі «Карона».

Крыніца: ej.by

Фальшывы транзіт

У снежні 2020 года расейская мытня і ФСБ накрылі на рэгіянальным складзе буйную партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт «Карона» рынкавым коштам больш за паўмільёна долараў. «Тавар накіроўваўся на экспарт транзітам праз Расею, аднак быў разгружаны ў Тульскай вобласці для наступнай незаконнай рэалізацыі на ўнутраным рынку», гаварылася ў паведамленні расейскіх сілавікоў.

Сярод тых, хто быў уцягнуты ў нелегальныя пастаўкі цыгарэт з Беларусі ў Расею, апынуўся і прадпрымальнік Аляксандр Грэчышнікаў. Гэта актывіст «Народнай грамады», «кандыдат пратэсту» на выбарах 2020 года, які ў 2021 годзе з'ехаў у Літву разам з сямʼёй на фоне палітычнага пераследу і аднаўлення крымінальнай справы аб махлярстве.

Продажы беларускіх цыгарэтаў у Расею, сцвярджае Аляксандр Грэчышнікаў, вяліся па схеме «перарванага транзіту». Гэта калі на паперы цыгарэты свабодна едуць праз Расею ў іншыя краіны, дзе не трэба ляпіць на пачкі акцызы, але на справе туды не даязджаюць, а разгружаюцца, да прыкладу, у Падмаскоўі або той жа Туле. Менавіта з-за гэтай схемы ў апошні год моцна выраслі абʼёмы цыгарэтнай кантрабанды з Беларусі ў Расею, паведамілі мытнікі.

Ад Аляксандра Грэчышнікава мы атрымалі дакументы, якія праліваюць святло на кантрабандную схему, і вырашылі іх праверыць. Па словах былога кантрабандыста, сам ён у гэтай схеме выконваў ролю пасярэдніка паміж бізнесоўцамі, якія купляюць цыгарэты на менскай фабрыцы «Тытунь-Інвест», і сілавікамі, якія саму схему «крышуюць».

Так, паводле атрыманых дакументаў, летам 2018 года кліент фабрыкі Паўла Тапузідзіса – чэшская фірма «Atomic Corporation»  мела намер паставіць беларускія цыгарэты «Карона» у Абʼяднаныя Арабскія Эміраты ці Іран. 

Цыгарэты афармляліся менавіта ў гэтыя краіны, таму што туды можна было пастаўляць іх без акцызу, а значыць танней – на чвэрць, а то і напалову, распавялі інсайдары. Машыны грузіліся на фабрыцы «Тытунь-Інвест» у Менску. Затым фуры пад канвоем Дэпартаменту аховы МУС Беларусі даязджалі да мяжы з Расеяй, і пасля мяжы канвой спыняўся, а машыны з цыгарэтамі ехалі далей.

Па дакументах груз чэшскай фірмы павінен завяршыць мытны транзіт у Казахстане і выехаць за межы Еўразійскага эканамічнага саюзу. Але адбывалася гэта толькі на паперы і за пэўную плату, распавялі нам некалькі крыніц, якія былі задзейнічаныя ў такіх схемах.

Па словах Грэчышнікава, дакументы адпраўляліся на казахскую мытню, дзе ставіліся пячаткі, што машына да іх прыбыла. Для гэтага яны прасілі фатаграфіі фуры, каб устаўляць у свой кампʼютар, што сапраўды нібыта машына да іх дайшла. Адпаведныя пячаткі ставіліся на дакументы, і потым гэтыя дакументы вярталіся ў Беларусь для замоўцы.

Расследуючы гэтую схему, мы здабылі кантакты і «адпрацавалі» беларускіх кіроўцаў-кантрабандыстаў, якія былі задзейнічаныя ў ланцужку. Адзін з іх распавёў, што за фіктыўны транзіт мытнікам, бывала, плацілі і па 100 тысяч долараў. Па словах кіроўцы, у нейкі момант яны перасталі рабіць фіктыўныя пазнакі на мытні, менская фабрыка стала зачыняць гэтыя пытанні самастойна.

Журналісты з казахскага інтэрнэт-выдання «Vласть» накіравалі запыт наконт беларускай цыгарэтнай кантрабанды ў казахстанскую мытню. Мясцовыя чыноўнікі не выключылі, што мытнікі на месцах маглі рабіць памылкі або прымаць фіктыўныя пастановы.

Эксперт у лагістычнай сферы звярнуў увагу на тое, што ў дакументах няма адзнак аб міжнародных пераходах, праз якія павінна праходзіць машына. Там, як мінімум, павінны быць адзнакі аб перасячэнні ўзбекскай, туркменскай і іранскай межаў. 

Калі яны не пазначаныя, то машына па гэтых дакументах не можа прайсці.

Што насамрэч адбываецца з беларускімі цыгарэтамі, красамоўна дэманструюць і лічбы. Паводле дакументаў, атрыманых ад інсайдараў, з 18 да 30 ліпеня 2018 года ў ААЭ было пастаўлена больш за 3 мільёны пачкаў беларускіх цыгарэт «Карона» амаль на 750 тысяч долараў. 

Але, паводле звестак ААН, у ліпені 2018 года ААЭ не ўвозіла цыгарэты з Беларусі, а толькі ў сакавіку, чэрвені і снежні. 

З пастаўкамі ў Іран сітуацыя яшчэ цікавей. Дэкларацыі і рахункі ёсць, але цыгарэты растварыліся, так і не патрапіўшы ў Іран.

Пастаўшчыкі цыгарэтаў

Чэшская фірма «Atomic Corporation» з сярэдзіны чэрвеня па пачатак жніўня 2018 паставіла амаль 4 мільёны пачкаў цыгарэтаў «Карона» на суму больш за 900 тысяч долараў. Хто за ёй стаіць? Уладальнік кампаніі – беларус Алег Максіменка. З дапамогай «Кіберпартызанаў» мы даведаліся, што Максіменка прапісаны ў Магілёве. Яму 54 гады. У пачатку 2000-х працаваў у «Магілёўэнерга». Потым працаваў у прыватнай будаўнічай кампаніі з чэшскім капіталам. Была ў яго невялікая доля і ў фірме – «РайБудДом». 

0 / 2

Гэтая кампанія праваліла будаўніцтва дому ў Магілёве. У выніку дом дабудоўвала мясцовае дзяржпрадпрыемства

Партнёрам Максіменка па скандальнай будоўлі з падманутымі дольшчыкамі быў Канстанцін Кастэнка. Чалавек з такім жа імем і прозвішчам падпісваў даверанасці на перавозку цыгарэтаў ад імя «Atomic Corporatio».

На ўдзел 40-гадовага менчука Кастэнка ў кантрабандных схемах нам таксама паказалі нашыя інсайдары. Акрамя Максіменкі Кастэнка меў у партнёрах Ігара Чорнага – гендырэктара і акцыянера групы кампаній «Ізабуд» і фігуранта Панамскага архіва

Канстанцін Кастэнка адмовіўся ад каментароў, ледзь пачуўшы першае пытанне раследавальнікаў.

Бізнес-імперыя Тапузідзіса

А цяпер вернемся да таго, без каго нелегальныя пастаўкі цыгарэтаў у Расею былі б немагчымыя. У пачатку 1990-х гадоў створаная Паўлам Тапузідзісам кампанія «Прыма» выпускала цыгарэты і запалкі пад папулярнымі савецкімі брэндамі, затым яго кампанія «Тытунь-Інвест» (зарэгістраваная ў 1997 годзе) занялася вытворчасцю цыгарэтаў пад савецкімі і ўласнымі гандлёвымі маркамі «Карона» і «Форт». https://tabak-invest.by/about / Яшчэ пазней фабрыка Тапузідзіса заключыла пагадненне з Japan Tobacco International і вырабляе цыгарэты пад брэндамі Winston, Camel, Sobranie, LD і Monte Carlo. Да нядаўняга часу «Тытунь-Інвест» была адзінай прыватнай тытунёвай фабрыкай у Беларусі.

З 2006 года «Тытунь-Інвест» адкрывае гандлёвыя цэнтры «Карона» у абласных гарадах і раённых цэнтрах, сёння гэта ўжо каля 35 гандлёвых абʼектаў рознай велічыні. А з 2011 года асвойвае рынак адпачынку і забаў. На беразе Менскага мора вырастае загарадны комплекс Robinson Club. Цяпер  «Тытунь-Інвест» уваходзіць у дзясятку самых буйных падаткаплацельшчыкаў Менску. За 2020 выручка кампаніі павялічылася больш чым на чвэрць – да 660 мільёнаў долараў. Чысты прыбытак – амаль у два разы (да 80 мільёнаў долараў). 

0 / 2

Сёння Тапузідзіс удзельнічае ў грамадскім і палітычным жыцці Беларусі. Ён традыцыйна ўзначальвае адну з выбарчых камісій у Менску. Зʼяўляецца намеснікам старшыні Савету па развіцці прадпрымальніцтва пры беларускім урадзе і ганаровым консулам Грэцыі ў Беларусі. Пры гэтым у інтэрвʼю выданню «Наша Ніва» бізнесовец адмаўляў, што ягоны бізнес склаўся дзякуючы дзяржаве або з маўклівай згоды ўладаў

Аднак у той час, як яго бізнес-імперыя расла як на дражджах, Тапузідзіс, як вынікае з базы пералётаў, якую далі «Кіберпартызаны», злятаў на грэцкі курорт з сярэднім сынам Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыем і ягонай сямʼёй – жонкай Ганнай, трыма дачкамі і бабуляй дзяўчынак Галінай Лукашэнка. 

Павел Тапузідзіс адмаўляе сваё дачыненне да кантрабанды цыгарэт. Але на іншыя пытанні адмовіўся адказваць па тэлефоне.

Аўтар Аляксандр Ярашэвіч, рэдактары Вольга Ратмірава, Станіслаў Івашкевіч

0 / 3

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес
Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць