Мы даведаліся, як у Еўразвяз праз Казахстан і Кыргызстан паступае беларускае дрэва.

Матэрыял створаны пры падтрымцы Journalismfund Europe.

Еўразвяз заявіў аб магчымым увядзенні новых санкцый супраць афіцыйнага Менску ў адказ на рашэнне Пуціна размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Але і ўведзеныя раней шэсць пакетаў санкцый, хоць і ўскладнілі экспарт беларускіх тавараў у ЕЗ, цалкам яго не абмежавалі, і некаторыя прыватныя кампаніі і дзяржпрадпрыемствы Беларусі працягваюць зарабляць на экспарце ў Еўропу. Мы даведаліся, як у Еўразвяз праз Казахстан і Кыргызстан паступае беларускае дрэва.

У драўніне хавалі кантрабандныя цыгарэты

Пасля ўвядзення санкцый на экспарт беларускіх калійных угнаенняў і драўніны, прыкметна знізіліся і аб'ёмы кантрабандных цыгарэт, якія паступалі ў Літву. Пра гэта гаворыць статыстыка Літоўскай мытні. Згодна з іх дадзенымі, у 2022 годзе колькасць затрыманых кантрабандных цыгарэт з Беларусі ў Літву зменшылася больш чым у 2,5 разы. Да гэтага колькасць канфіскаванай цыгарэтнай кантрабанды расла ў геаметрычнай прагрэсіі. У 2019 годзе на мяжы арыштавалі 8,6 мільёна пачкаў цыгарэт. У 2020-м — у два разы больш (16,88 мільёнаў пачкаў). У 2021-м — яшчэ амаль у паўтара разы больш (22,4 мільёнаў пачкаў). Гэта значыць, у мінулым годзе аб'ёмы кантрабанды ўпалі да ўзроўню 2019 года.

Супрацоўнікі мытні лічаць, што колькасць нелегальнай прадукцыі, якая ўвозіцца ў краіну, скарацілася дзякуючы таму, што ў санкцыйныя спісы трапілі тавары, у якіх традыцыйна хавалі цыгарэты. А гэта ў прыватнасці драўніна і вырабы з яе.

Што да беларускай драўніны, то нягледзячы на санкцыі і скандалы, звязаныя з нашымі мінулымі расследаваннямі, яна працягвае паступаць у Еўразвяз. Так, частку яе беларускія ўлады перанакіравалі ў Кітай. Драўняныя пастаўкі туды летась выраслі на траціну. Але частка па-ранейшаму абыходнымі шляхамі трапляе ў ЕЗ.

Беларускія пялеты едуць у Еўропу

Да нас трапілі дакументы, якія гавораць, што для некаторых прадпрымальнікаў санкцыі на беларускую драўніну адкрылі новыя фінансавыя гарызонты.

Польская кампанія PLRBL, якая на паперы займаецца будаўніцтвам і падборам персаналу з Усходняй Еўропы, 2020 скончыла са стратай у 77,5 тысяч долараў.

Аднак ужо праз пару месяцаў пасля таго, як беларускае дрэва трапіла ў няміласць, у жніўні 2022 года яна заключыла дамову з кыргызскай кампаніяй «Адміт» на пастаўку драўняных пялетаў. За, практычна, паўтара года, да снежня 2023-га,  «Адміт»  павінен паставіць PLRBL паліва на 1,5 млн еўра.

І ўсё б нічога, вось толькі лес для вытворчасці пялетаў набываецца ў Беларусі. А потым прадаецца ў ЕЗ. Адзін з кіраўнікоў PLRBL беларус Віталь Лешык нават не хавае гэтага.

Выпіска з Нацыянальнага судовага рэестра Польшчы rejestr.io
Крыніца: Выпіска з Нацыянальнага судовага рэестра Польшчы rejestr.io

Нашыя калегі з FRONTSTORY.PL пад выглядам пакупнікоў дамовіліся аб сустрэчы з ім. Выканаўчы дырэктар PLRBL Віталь Лешык дзеля патэнцыйных кліентаў прыехаў з Бяла-Падляска ў Варшаву. Падчас «перамоваў» Віталь абмовіўся, што можа дапамагчы патэнцыйным кліентам у набыцці беларускіх пялетаў.

Да сустрэчы з прадстаўніком PLRBL мы ўжо правялі папярэднюю працу, і ў нас былі падставы падазраваць фірму ў працы па шэрых схемах. Напрыклад, у нас ёсць міжнародная накладная кампаніі на ўсё тыя ж пялеты ад кыргызскага  «Адміт». Там напісана, што грузавік больш за 22 тоны з драўнянымі грануламі нібыта быў загружаны 14 кастрычніка 2022 года ў Бішкеку. Праз тыдзень — 22 кастрычніка, беларуская мытня зрабіла адзнаку ў CMR. Гэта азначае, што груз перасек беларускую мяжу. Па дакументах, у Беларусь груз даставіла менская транспартная кампанія «Еўра-2006». У Літве да склада кампаніі Vivalsa у горадзе Вэвіс драўняныя гранулы перавозіла літоўская транспартная кампанія Versatio. Гэтая пастаўка ішла пры пасярэдніцтве PLRBL.

Дэкларацыю на тавары падпісвалі прадстаўнікі кыргызскай мытні, а сертыфікат паходжання тавару выдавала Гандлёва-прамысловая палата ў горадзе Ош у Кыргызстане.

Як распавёў выканаўчы дырэктар PLRBL, у іх ёсць кампаніі не толькі ў Польшчы і Латвіі, але таксама ў Кыргызстане і Казахстане. Лес яны набываюць у Беларусі. Адтуль ён ідзе ў Кыргызстан ці Казахстан, дзе перапрацоўваецца ў пялеты. Там жа афармляюцца  дакументы, па якіх атрымліваецца, што сыравіна была кыргызстанская або казахстанская.

Мы таксама пад выглядам кліента набралі прадстаўніку PLRBL у Беларусі. Размаўлялі з Алегам Яновічам. Яновіч пацвердзіў, што кампанія сапраўды займаецца пастаўкамі пялетаў, але адмовіўся абмяркоўваць дэталі па тэлефоне. Сказаў, што баіцца «падставы».

А вось калі мы, як журналісты, звярнуліся да ўладальніка PLRBL Сяргея Азубінса, ён сказаў, што не ведае падрабязнасцей кожнай угоды, але адмаўляў, што яго кампанія парушае еўрапейскія абмежаванні. Па словах бізнесмена, яго кампанія ўвяла антысанкцыйныя меры.

Выпіска з Нацыянальнага судовага рэестра Польшчы reejstr.io
Крыніца: Выпіска з Нацыянальнага судовага рэестра Польшчы reejstr.io
Выпіска з Нацыянальнага судовага рэестра Польшчы reejstr.io
Крыніца: Выпіска з Нацыянальнага судовага рэестра Польшчы reejstr.io

Дарэчы, кыргызская кампанія-пастаўшчык паліўных гранул «Адміт» ужо фігуравала ў нашых расследаваннях. Яе ўладальнікі — беларусы Пытко Дзяніс Васільевіч і Мірук Уладзімір Ігаравіч.

Выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асобаў  Рэспублікі Кыргызстан
Крыніца: Выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асобаў Рэспублікі Кыргызстан
Выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асобаў  Рэспублікі Кыргызстан
Крыніца: Выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асобаў Рэспублікі Кыргызстан
Даныя з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»
Крыніца: Даныя з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»
Даныя з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»
Крыніца: Даныя з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Пашпарт»; прадстаўленыя «Кіберпартызанамі»

У Літву «Адміт» таксама пастаўляў драўніну з Кыргызстана. Аднак нашыя кыргызскія калегі з «Настоящего времени. Азия», па выніках таго расследавання, схадзілі ў «Адміт», па адрасе рэгістрацыі. І ніякай вытворчасці пялетаў там не аказалася.

Хадзілі туды і нашыя партнёры з кыргызскага KLOOP.KG. Але і тады вытворчасць фірмы-прывіда журналістам адшукаць не ўдалося.

Абавязковы сертыфікат вытворцы «Адміт» атрымліваў у Гандлёва-прамысловай палаце Кыргызскай Рэспублікі. Атрымліваецца, там нават не праверылі, а ці ёсць тая самая вытворчасць? Нашыя калегі доўгі час спрабавалі атрымаць адказ на гэтае пытанне ў мясцовых чыноўнікаў, але беспаспяхова.

Нам удалося датэлефанавацца ў кампанію «Адміт», каб удакладніць, ці не з'явілася ў фірмы нарэшце вытворчасць, якую нашыя партнёры ў Кыргызстане змаглі б наведаць. Аднак саўладальнік «Адміт» Дзяніс Пытко не захацеў з намі размаўляць.

Як нам удалося даведацца, PLRBL з ліпеня па лістапад 2022 года паставіла ў Літву амаль 2 тысячы тон пялетаў на 740 тысяч еўра, а «Адміт»са жніўня па снежань 2022 года — 2,5 тысячы тон на 860 тысяч еўра.

Ад «Пінскдрэва» з Уральску з любоўю

Мяркуючы па ўсім, абыйсці санкцыі спрабуюць і беларускія вытворчыя гіганты. У нас ёсць дакументы, якія ўскосна паказваюць на тое, што холдынг «Пінскдрэў» можа быць замешаны ў шэрых схемах.

10 з 10 апытаных польскіх і літоўскіх кампаній распавялі нам па тэлефоне, што пасля ўведзенай забароны на драўніну з Беларусі, фанеру і пялеты яны сталі вазіць з Кыргызстана і Казахстана. Раптоўныя экспартныя магчымасці апошняга прыцягнулі ўвагу не толькі прыватных беларускіх бізнесменаў, але і кіраўніцтва «Пінскдрэў».

Літаральна за месяц да ўступлення ў сілу санкцый супраць беларускай драўніны — 6 мая 2022 года, у Карагандзе па адрасе афіцыйнага гандлёвага прадстаўніцтва «Пінскдрэў» па Казахстану, з'явілася новая кампанія «Мануфактура плюс». Заснавальнікамі фірмы сталі нейкая Слоква Наталля Уладзіміраўна і «Гандлёвы дом «Мэбля KZ». А аднаасобны ўладальнік апошняга — «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў».

На сайце «Мануфактура плюс» гаворыцца, што яна — афіцыйны дылер «Сяміпалацінскага дрэваапрацоўчага завода № 1». А гэта адзіны вытворца вялікафарматнай фанеры ў Казахстане. Атрымліваецца, што беларускі «Пінскдрэў» стварыў кампанію, каб прадаваць у Еўропу прадукцыю свайго канкурэнта?

Мы патэлефанавалі ў «Мануфактуру плюс» і ўдакладнілі, чыю ж прадукцыю прасоўвае беларускі прадстаўнік у Казахстане. Там адказалі — «Сяміпалацінскага дрэваапрацоўчага завода № 1».

Калі ўявіць, што «Пінскдрэў» не мае дачынення да гэтай схемы, то выходзіць, што польскія і літоўскія фірмы возяць драўняную прадукцыю з краін, дзе яе проста не можа быць у вялікім аб'ёме.

Мы ўжо пісалі, што пасля ўвядзення санкцый супраць Беларусі, у Казахстане і Кыргызстане здарыўся экспартны цуд: продажы лясной прадукцыі з Казахстана ў ЕЗ  з чэрвеня 2022 года па студзень 2023 года выраслі амаль у 137 разоў, а з Кыргызстана — у 12 тысяч разоў. Калі перавесці ў грошы, атрымаецца 58 мільёнаў еўра за восем месяцаў.

Пры гэтым трэба ўлічыць, што Казахстан —  гэта лесадэфіцытная краіна. Там пустыні і стэп. Лесамі пакрыта ўсяго 5% плошчы. І гэта ў 8 разоў менш, чым у Беларусі, калі палічыць у працэнтах. Але ўлічваючы, што Казахстан па плошчы разоў у 10 большы за нашую краіну, то і плошча лесу там большая, чым у Беларусі. Праўда, палова гэтых лясоў прыпадае на саксаул. Гэта невысокія дрэвы часцей за ўсё з крывымі стваламі, якія ў асноўным растуць у пустыні. Але тэарэтычна з Казахстана маглі б ісці на перапрацоўку нават бярозкі.

А вось кыргызстанскі экспарт дрэва ў такіх аб'ёмах выглядае як цуд. Гэтая краіна параўнальная па плошчы з Беларуссю, а яе лясістасць —  менш за 6%. І ў асноўным там расце елка цянь-шаньская, а ў гарачых умовах Алтайскага хрыбта пераважаюць арчовыя і поймавыя пароды.

Мы звязалі гэты феномен з «Пінскдрэў». Пад выглядам кліента мы патэлефанавалі ў «Мануфактуру плюс» і замовілі фанеру фармату 1525 х 1525 мм, 15 мм таўшчынёй. Цікавілі ўпакоўкі па 27 лістоў. Фірма пацвердзіла, што ў іх ёсць такія.

Менавіта гэтая фасоўка нас зацікавіла не выпадкова. Справа ў тым, што як паведамілі нам крыніцы, якія працуюць на рынку, фанеру фармату 1525 х 1525, таўшчынёй 15 мм, па 27 штук ва ўпакоўцы пастаўляе толькі «Пінскдрэў».

Мы вырашылі праверыць гэтую інфармацыю, але не датэлефанаваліся да прадпрыемства ў Беларусі. Прыйшлося накіраваць туды афіцыйны запыт, але адказу пакуль не атрымалі.

Акрамя гэтага, ананімная крыніца ў сферы перавозак распавяла нам, што «Пінскдрэў» адгружае сваю фанеру ў г. Уральск (Казахстан). Там на тавар клеяць налепкі «Сяміпалацінскага дрэваапрацоўчага завода № 1». Потым прадукцыю грузяць у машыны на казахстанскіх і літоўскіх нумарах і адпраўляюць у Еўропу ў абыход санкцый.

На «Сяміпалацінскім дрэваапрацоўчым заводзе № 1», чыю прадукцыю нібыта прадае «Мануфактура плюс», нам удалося высветліць, што фанеру з патрэбнымі характарыстыкамі яны пакуюць не па 27, а па 26 лістоў.

«Мануфактура плюс» пастаўляла фанеру літоўскім, польскім, балгарскім, эстонскім, венгерскім і латвійскім кампаніям. Па сутнасці, выходзіць, што дзяржаўны «Пінскдрэў», знаходзячыся пад санкцыямі, стварыў фірму ў Казахстане і працягвае зарабляць грошы.

За няпоўны год гэтая кампанія толькі ў Казахстане заплаціла падатку на дабаўленую вартасць  больш за 2 млн долараў. Гэта падатак на тую прадукцыю, якую «Мануфактура плюс» увезла з тэрыторыі краін ЕАЭС. У самой кампаніі афіцыйна працуюць не больш за 5 чалавек.

Дадзеныя з электроннага сэрвісу Adata.kz
Крыніца: Дадзеныя з электроннага сэрвісу Adata.kz

Мяркуючы па ўсім, санкцыі, накладзеныя на беларускую драўніну, вакольнымі шляхамі навучыліся абыходзіць не толькі прыватнікі для сваёй асабістай выгады, але і дзяржаўны дрэваапрацоўчы гігант «Пінскдрэў». А ён прыносіць прыбытак у беларускую скарбонку. Выходзіць, што пытанне эфектыўнасці санкцый, якія Еўразвяз уводзіць супраць Беларусі, каб паўплываць на сітуацыю з палітвязнямі і бесперапыннымі рэпрэсіямі, усё яшчэ актуальнае.

Сертыфікат якасці беларускай турмы

Акрамя прамых санкцыяў, якія Еўразвяз наклаў на беларускае дрэва, існуе яшчэ некалькі ўмоў, якія могуць перашкаджаць незаконным пастаўкам тавараў. Калі казаць аб продажы драўніны ў ЕЗ, то на яе трэба атрымаць дакумент, які пацвярджае, што сыравіна была здабыта этычна. Гэта значыць, груба кажучы, без прымусовай працы і без парушэння экалагічных правіл устойлівага карыстання. Але нават тут аказалася не ўсё гладка.

Як мы высветлілі падчас нашага сумеснага расследавання з нямецкімі выданнямі Paper Trail Media і Der Spiegel, міжнародныя сертыфікаты «этычнасці» для сваёй прадукцыі ўхітрыліся атрымаць беларускія папраўчыя калоніі. Хаця там выкарыстоўваецца прымусовая праца, у тым ліку і палітвязняў.

«Умовы ўтрымання зняволеных у калоніі ў цэлым часта з'яўляюцца формай жорсткага бесчалавечнага зневажальнага абыходжання, на што звярталі ўвагу ў сваіх дакладах праваабаронцы «Вясны». Там жа прыводзіліся прыклады парушэнняў працоўных правоў зняволеных, у тым ліку апісваліся выпадкі вытворчых траўмаў і рэакцыя на іх адміністрацыі калоніі», — такі каментар БРЦ даў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Падчас працы ў складзе міжнароднага кансорцыуму журналістаў-расследвальнікаў (ICIJ) мы знайшлі парушэнні і ў сертыфікацыі беларускіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.

Слабыя месцы выявіліся ў працы двух найбуйнейшых незалежных арганізацый, якія выдаюць пацверджанні этычнасці атрымання прадукцыі — FSC і PЕFC. Без іх сертыфікатаў імпарт у ЕЗ магчымы, але большасць буйных еўрапейскіх пакупнікоў драўніны такі тавар не возьмуць. Ды і людзі ў ЕЗ таксама часта свядомыя і патрабуюць сертыфікат нават у дробных вытворцаў.

Яшчэ ў 2021 годзе 8 беларускіх калоній прадавалі сваю прадукцыю па сертыфікатах, якія працягнула FSC. Хаця праваабаронцы не раз дакладвалі аб тым, што ў пенітэнцыярных установах парушаюцца правы чалавека, адкліканыя сертыфікаты былі толькі бліжэй да канца года. А да гэтага, паводле звестак расследавальнікаў з Earthsight, тавар, выраблены рукамі ў тым ліку і палітвязняў, бесперашкодна паступаў у Еўропу.

«Ведаючы, як праходзіць сертыфікацыя, там даволі сціслыя тэрміны, даволі абмежаваная колькасць экспертаў, [...] пры жаданні арганізацыя, якая заказала сертыфікацыю, яны могуць нейкім чынам, скажам так, не ўсё паказаць сертыфікуючай арганізацыі. І сертыфікуючая арганізацыя можа нейкім чынам не ўсё заўважыць. Гэта можа быць наўмысна зроблена, але, хутчэй за ўсё, не наўмысна», — паспрабавала патлумачыць дапушчаныя парушэнні эколаг Інэса Балоціна.

FSC заявіў, што «прымусовая праца не з'яўляецца праблемай, уласцівай усім папраўчым калоніям» і што аўдыт FSC калоній пацвердзіў, што зняволеных не прымушалі працаваць і выплачвалі заробак, «хай нават невысокі». Ён заявіў, што «органы сертыфікацыі прызналі FSC сертыфікаты папраўчых калоній Беларусі несапраўднымі ў 2021 годзе з-за асцярог аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, але пры гэтым не патлумачыў, чаму гэтыя сертыфікаты не ўвайшлі ў спіс «адмененых і заблакаваных» і чаму для адмены спатрэбілася столькі часу.

Другая арганізацыя — PEFC, замарозіла свае сертыфікаты, прызнаўшы драўніну з Беларусі і Расеі канфліктнай, толькі ў 2022 годзе, калі РФ напала на Украіну. А да пачатку вайны, нягледзячы на парушэнні правоў чалавека ў краіне, сертыфікаты арганізацыі дзейнічалі. У Беларусі гэтую міжнародную арганізацыю прадстаўляе дзяржаўнае прадпрыемства «Белгіпралес». Гэта значыць, беларускія чыноўнікі праводзяць аўдыт сярод дзяржаўных жа лясгасаў. То бок самі ў сябе.

Мы накіравалі запыт PEFC, але не атрымалі адказу.

У абыход рэгулятараў і санкцыяў у Еўропу паступае не толькі беларускае дрэва. Гэта даказалі нашыя калегі з Der Spiegel у межах праекту Deforestation Inc. У прыватнасці, нягледзячы на санкцыі ЕЗ супраць ваеннай хунты М'янмы, у Нямеччыну паступае дарагое дрэва, якое выкарыстоўваецца, напрыклад, для палубаў на яхтах.

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з Siena, Fundacija Reporterow, Re: Baltica, Kloop, Улада пры садзейнічанні «Кіберпартызанаў» і OCCRP.

Іншыя Расследаванні