Расследаванні

27 студзеня 2023

Аляксандр Шакуцін зарабляе мільёны долараў у Еўропе ў абыход санкцый і пакрывае страты за кошт беларускага бюджэту

Па самых грубых падліках, утрыманне бізнесу сям'і Шакуціных абышлося беларускім падаткаплацельшчыкам у $100 мільёнаў

Матэрыял створаны пры падтрымцы Journalismfund.eu.

Аляксандр Шакуцін, які трапіў пад санкцыі ЕЗ як гаманец Лукашэнкі, працягвае весці прыбытковы бізнес у Германіі. Гэтай кампаніяй ён утоена кіруе праз літоўскую фірму, дзейнасць якой у Літве забароненая, а актывы — замарожаныя.

Холдынг «Амкадор», які ўзначальвае Шакуцін, некалькі гадоў працуе на страту і функцыянуе ў прыватнасці за кошт сродкаў падаткаплацельшчыкаў. Працу «Амкадора» падтрымлівае асабіста Лукашэнка, у тым ліку даючы холдынгу пазыкі.

Жонка і сын Шакуціна валодаюць бізнесам па рээкспарце кветак у Расею. На ім яны зараблялі дзясяткі мільёнаў долараў, не выплачваючы падаткі ў дзяржбюджэт.

Па самых грубых падліках, утрыманне бізнесу сям'і Шакуціных абышлося беларускім падаткаплацельшчыкам у $100 мільёнаў.

Еўропа-карміцелька

У 2020 годзе бізнесмен Аляксандр Шакуцін патрапіў пад санкцыі ЕЗ за падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка (злева), Аляксандр Шакуцін (справа)

Пасля гэтага дзейнасць яго кампаній у Еўразвязе павінна была быць спынена. Аднак нашае расследаванне паказала, што ў Германіі ў Шакуціна ёсць кампанія, якая працягвае функцыянаваць і прыносіць прыбытак.

Фірма SV MASCHINEN займаецца пастаўкамі сельгастэхнікі ва Усходнюю Еўропу. Сярод яе партнёраў –  Amazone, New Holland і Lemken. Наш калега з Германіі пад выглядам кліента патэлефанаваў у кампанію з просьбай аформіць пастаўку ў Беларусь партыі імпартных камбайнаў. Менеджэрка нямецкага офіса пацвердзіла, што гэта магчыма. Вывучыўшы фінансавыя справаздачы фірмы, мы высветлілі, што яе валавы прыбытак у 2020 годзе — €3,5 мільёна. 

У рэдакцыю БРЦ 20 лістапада і 11 снежня 2023 года прыйшлі лісты за подпісам кіраўніка SV Maschinen GmbH Віталя Варатніцкага, у якіх сцвярджаецца, што ў дадзеным расследаванні змяшчаецца некарэктная інфармацыя. У прыватнасці — аб складзе заснавальнікаў і сыходзе ад санкцыяў дзякуючы яго змене.

У 2023 годзе ў БРЦ выйшла некалькі расследаванняў аб дзейнасці «кашалька» Лукашэнкі Аляксандра Шакуціна, які знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ і ЗША. Праз дзесяць месяцаў пасля першай публікацыі на адрас рэдакцыі прыйшоў ліст ад нямецкай кампаніі SV Maschinen GmbH, якая ў іх згадвалася. У лісце за подпісам кіраўніка фірмы Віталя Варатніцкага сцвярджаецца, што мы падалі некарэктную інфармацыю аб актуальным складзе акцыянераў кампаніі SV Maschinen GmbH. Яна пастаўляе ў Беларусь і Расею тэхніку заходніх вытворцаў, якія заявілі аб сыходзе з гэтых рынкаў.

У расследаванні БРЦ гаворыцца, што кампанія звязана з Шакуціным, — і гэта не аспрэчваецца. Але героі нашага расследавання даслалі ўдакладненне адносна актуальнага размеркавання доляў у SV Maschinen GmbH.

Сутнасць у наступным. Нямецкі рэестр у адкрытым доступе падае два дакументы аб уладальніках: выпіску аб заснавальніках за 2014 год і статут арганізацыі за 2020, у якім паказаны іншы склад удзельнікаў. У абодвух складах Аляксандр Шакуцін прысутнічае ў якасці бенефіцыяра. Але дырэктар SV Maschinen GmbH сцвярджае, што актуальным з'яўляецца склад заснавальнікаў у дакуменце за 2014 год, а не ў статуце за 2020. У лісце за подпісам дырэктара SV Maschinen GmbH Віталя Варатніцкага тлумачыцца, што статут, які датаваны 2020 годам, паказвае першапачатковых акцыянераў, а не актуальных. Іншымі словамі, склад акцыянераў застаецца тым жа, што і ў 2014 годзе, і ў 2020 на фоне ўвядзення санкцыяў супраць «кашалькоў» Аляксандра Лукашэнкі ён не мяняўся.

У нашым расследаванні на падставе дакументу за 2020 год мы кажам, што склад акцыянераў на фоне санкцыяў абнавіўся, і таму дадаем удакладненне ва ўсе тэксты, дзе гэта сцвярджалася, хоць гэта і не змяняе сутнасці расследавання — што кампанія была і застаецца звязаная з Аляксандрам Шакуціным.

Склад акцыянераў SV Maschinen GmbH, паводле апошніх даступных нам дакументаў, наступны: Аляксандр Шакуцін, Ігар Субоцін, Яраслаў Буяльскі, Валянцін Ягораў і Віталь Варатніцкі.

У лісце ад SV Maschinen GmbH таксама падкрэсліваецца, што Аляксандр Шакуцін, па-першае, не з'яўляецца мажарытарным уладальнікам SV Maschinen GmbH, а па-другое, з моманту ўвядзення санкцыяў супраць яго не атрымліваў непасрэдных асабістых грашовых пераводаў ад гэтай нямецкай кампаніі, нягледзячы на тое, што застаецца яе сузаснавальнікам. У пацверджанне нам перадалі дакумент аўдыту.

Пры гэтым каманда БРЦ адзначае, што хоць доля Аляксандра Шакуціна і не зʼяўляецца мажарытарнай, але калі яе дадаць да доляў, якія належаць людзям, звязаным з Шакуціным іншымі дзелавымі сувязямі, сума перавысіць палову валодання кампаніяй. Гэтыя людзі:

Ігар Субоцін (валодае 28% кампаніі) — даўні бізнес-партнёр Аляксандра Шакуціна, пра якога мы падрабязна распавядалі ў адным з нашых расследаванняў. Паводле інфармацыі прэсы, абодва працавалі на Менскім трактарным заводзе. Сумесны бізнес пачалі весці з 1997 года. З тых часоў яны былі партнёрамі прынамсі ў 11 беларускіх і замежных фірмах.

Яраслаў Буяльскі (валодае 14% кампаніі) і Шакуцін, па словах апошняга, «у свой час працавалі ў ЦК ЛКСБ, нават пэўны час сядзелі ў адным кабінеце». У 2005 годзе Буяльскі стаў адным з заснавальнікаў і генеральным дырэктарам аб'яднання «Праммедінвест» (цяпер ТАА «Салеа — кіроўная кампанія холдынгу»), якое належыць сярод іншых Шакуціну, Субоціну, SV Maschinen GmbH і літоўскай EM SYSTEM. На гэтай пасадзе Буяльскі заставаўся да 2014 года, а саўладальнікам — да 2018 года. Пасля ён стаў паўнапраўным партнёрам Шакуціна і Субоціна ў не менш чым 9 фірмах (ЗАТ «Тэхпрамімпекс», ТАА «ПМІ Інжынірынг», ТАА «Амкадор-цэнтр», ТАА «Амкадор-Сэрвіс», ТАА «Саюзслаўпрам», ТАА «Амкадор-СЗ», UAB EM System, SIA Anulatrans і SV Maschinen GmbH).

Віталь Варатніцкі (валодае 15% кампаніі) у 2007 годзе працаваў начальнікам аддзелу ва УП «СПАМАШ» — Шакуцін з'яўляецца сузаснавальнікам гэтай фірмы з 2003 года.

Валянцін Ягораў (валодае 15% кампаніі), згодна з профілем у Linkedin, з 2010 зʼяўляецца бізнес-дырэктарам кампаніі SV Maschinen GmbH. У 2007 ён таксама працаваў ва УП «СПАМАШ».

Такім чынам з ліста Віталя Варатніцкага вынікае, што першапачаткова кампаніяй SV Maschinen GmbH валодалі Ягораў і літоўская EM SYSTEM. А летам 2014 са складу ўладальнікаў выйшла літоўская EM SYSTEM, сузаснавальнікамі якой з'яўляліся на той момант Шакуцін, Субоцін і Буяльскі, але ўвайшлі яе ўладальнікі — усё тыя ж Шакуцін, Субоцін і Буяльскі. Дадалася і новая асоба — Варатніцкі, ад імя якога прыйшоў ліст у нашую рэдакцыю. На два нашыя запыты, адпраўленыя раней у SV Maschinen GmbH, кампанія не адказала.

Таксама ў лісце ўтрымліваецца патрабаванне абвергнуць сцвярджэнне аб супрацы SV Maschinen GmbH з ААТ «Амкадор», якое нібыта змяшчаецца ў расследаванні. Аднак у нашых публікацыях няма такіх сцвярджэнняў.

Апытаныя БРЦ эксперты лічаць, што SV MASCHINEN удалося абысці санкцыйнае заканадаўства ЕЗ дзякуючы заблытанай структуры уласнікаў. Яна змянілася ў верасні 2020 года, незадоўга да ўвядзення абмежаванняў супраць Шакуціна. Першапачаткова ён валодаў кампаніяй разам з даўнімі партнёрамі: Яраславам Буяльскім, Ігарам Субоціным, Віталём Варатніцкім і Валянцінам Ягоравым.

Цяпер жа сярод уласнікаў з іх застаўся толькі Ягораў, якому належыць 30% фірмы. Астатнія 70% — у літоўскай кампаніі EM SYSTEM.

Гэтая фірма трапіла пад нацыянальныя санкцыі Літвы, і яе актывы на €8 мільёнаў аказаліся замарожаныя, як і яшчэ €6 мільёнаў неразмеркаванага прыбытку.

Прычынай таму —  Аляксандр Шакуцін, які саўладае кампаніяй разам з Ігарам Субоціным.

З-за сувязі з EM SYSTEM пад санкцыі патрапіла яшчэ адна літоўская кампанія — Amkodor Baltic. Яе рахункі заблакавалі менавіта за сувязі з Шакуціным, пра што нам стала вядома з электроннага паведамлення юрыста «Амкадора», якое трапіла ў інтэрнэт.

У Германіі ж сувязь доччынай кампаніі EM SYSTEM з Шакуціным не прасачылі, і яна пазбегла абмежаванняў. Працягвае працу і яе прадстаўніцтва ў Менску: у 2021 годзе яго чысты прыбытак склаў каля $1 мільёна.

Такім чынам, Аляксандр Шакуцін ужо два гады працягвае весці дзейнасць у ЕЗ, нягледзячы на забарону Бруселя. Мы звярнуліся ў Міністэрства фінансаў Германіі за афіцыйным каментаром і чакаем адказ.

Кветкавы атрад

У 2017 годзе Аляксандр Шакуцін ажаніўся другі раз.

Выбранніцай 58-гадовага бізнесмена стала 22-гадовая Марыя Сакіркіна, выпускніца БДЭУ і ўдзельніца конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна». Праз тыдзень пасля вяселля яны накіраваліся ў ААЭ у кампаніі Аляксандра Лукашэнкі.

А ўжо ў 2020 годзе Марыя пачала займацца бізнесам. Разам са сваім бацькам, а таксама пасынкам, Аляксандрам Шакуціным-малодшым, яна стала саўладальніцай кампаніі «Белмытвілія». Іх агульная доля — 71,25%. Астатняя частка была падзеленая паміж ТАА «Спамаш», якое належыць бацьку і сыну Шакуціным, і вянгерскай кампаніей Lucky Trade Group Hungary, якая была ліквідаваная летась.

«Белмытвілія» была зарэгістраваная ў Вілейцы, і ў 2020 годзе — калі акцыянерамі кампаніі сталі Шакуціны — эканамічная актыўнасць гэтага раёну рэзка павялічылася. За студзень-верасень экспарт вырас у 7 разоў ($94 мільёны), у параўнанні з тым жа перыядам 2019, а імпарт — у 47 разоў ($204 мільёны).

У 2021 годзе ў тыя ж дзевяць месяцаў раён працягваў нарошчваць знешні гандаль. Агульны абарот тавараў да верасня склаў $362 мільёны. З іх экспарт — $125, а імпарт $236 мільёнаў.

Але ўжо напрыканцы 2021 года Вілейка перастала дэманстраваць анамальную эканамічную актыўнасць, і гэта супала з пераездам з раёну «Белмытвіліі».

Кампанія працавала ў Вілейцы з моманту заснавання ў 2007 годзе, але яе дзейнасць была даволі сціплай, а ў 2019 годзе — нават стратнай. З прыходам у кіраўніцтва Шакуціных фірма паказала рэзкі рост: выручка вырасла ў 1878 разоў, дасягнуўшы амаль 300 мільёнаў рублёў, а чысты прыбытак склаў 11,3 мільёна рублёў.

У 2021 годзе выручка «Белмытвіліі» дасягнула 362 мільёнаў рублёў.

Згодна з матэрыяламі расейскіх арбітражных судоў, сфера дзейнасці фірмы — рээкспарт кветак у Расею. Гэты бізнес расквітнеў у 2011 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка сваім указам стварыў ільготы для імпарту з мэтай рээкспарту. Пастанова поўнасцю вызваліла імпарцёраў ад выплаты ПДВ, пры ўмове, што тавар будзе вывезены з Беларусі. Гэта дазваляла беларускім рээкспарцёрам не выплачваць падаткі ў дзяржбюджэт і зарабляць на гэтым звышпрыбыткі.

З гэтага пачаўся масавы рээкспарт кветак з Беларусі ў Расею. Там ПДВ плаціць было трэба, таму пры пастаўках кошт тавараў у разы заніжаўся. Удзельнічалі ў гэтай схеме і Аляксандр Шакуцін разам з сынам праз іх фірму «Логекс».

Пастановай рады міністраў Беларусі фінансавая справаздачнасць гэтай кампаніі была ўтоеная.

Але звышпрыбытак новага кветкавага бізнесу Шакуціных нам удалося ацаніць.

Выручка «Белмытвіліі» за два гады кіраўніцтва Шакуціных склала $264 мільёны. 20% ад гэтай сумы жонка, сын і цесць Шакуціна павінны былі заплаціць у дзяржбюджэт як ПДВ пры імпарце, але Лукашэнка сваім указам асабіста вызваліў іх ад гэтага.

Рука руку мые

Аляксандра Шакуціна неаднаразова заўважалі ў блізкім асяроддзі Аляксандра Лукашэнкi. Ён нават ездзіў да яго цешчы і збіраў з ім бульбу.

Крыніца: TUT.BY

У 2020 годзе Шакуцін быў сярод запрошаных гасцей на «таемнай інаўгурацыі».

Акрамя таго, Лукашэнка дапамог Шакуціну з грашыма, калі той у 2016 годзе вырашыў узвесці шматфункцыянальны комплекс «Шантэр Хіл» плошчай 140 тысяч квадратных метраў побач з Драздамі і Мінск-Арэнай.

Галоўным інвестарам праекту была кітайская кампанія Citic Group, якая вылучыла на яго $120 мільёнаў. Шакуцін адзначыў, што крэдыт выдадзены «на льготных умовах і з добрым тэрмінам» і, зноў жа, не без дапамогі Аляксандра Лукашэнкі.

Таксама Шакуцін неаднаразова лятаў з Лукашэнкам на дзяржаўным борце №1. Нам дакладна вядома, што яны разам ляталі ў Кітай, Венесуэлу, Катар і ААЭ.

Напрыклад, у кастрычніку 2017 года Шакуцін і Лукашэнка адправіліся ў Абу-Дабі. Афіцыйна гэтая паездка называлася «працоўным візітам», але была больш падобная на адпачынак. Публічна аб візіце было абвешчана 27 кастрычніка, але дзякуючы «Кіберпартызанам» мы даведаліся, што «борт №1» вылецеў з Менска за два дні да гэтага. Пры гэтым кампанію Шакуціну і Лукашэнку склалі першая настаўніца Мікалая Лукашэнкі і яго выкладчыца фартэпіяна, а таксама – спявачка, лекарка і дзяўчына са службы пратаколу.

За 12 дзён, якія яны былі ў ААЭ, Лукашэнка меў дзве афіцыйныя сустрэчы. Адна – з наследным прынцам Абу-Дабі, другая – з тагачасным прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Большую частку свайго часу сям'я Шакуціных праводзіць у Беларусі. У прэстыжным менскім мікрараёне Вяснянка ў іх ёсць катэдж, які нашыя эксперты ацанілі ў $1 мільён.

Паводле інфармацыі СМІ, суседзі Шакуціных – былая кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова, бізнесмен Сяргей Цяцерын і артыст Анатоль Ярмоленка.

Акрамя таго, у 2016 годзе Аляксандр Шакуцін купіў кватэру на праспекце Пераможцаў у Лебядзіным. Яе кошт ацэньваецца ў $250 тысяч.

У Марыі Шакуцінай ёсць кватэра на яе малой радзіме, у Жлобіне. Яна атрымала яе ў падарунак у 2017 годзе, за два тыдні да вяселля.

Справа тэхнікі

Аляксандр Шакуцін вядомы як адзіны буйны бізнесмен у прамысловай галіне Беларусі. Больш за 20 гадоў ён савалодае холдынгам «Амкадор», які вырабляе пагрузчыкі, укладчыкі асфальту і тэхніку для меліярацыі. Каля трэці гэтай прадукцыі пастаўляецца на экспарт, у асноўным – у Расею. Да прыходу Шакуціна, прадпрыемства працавала ўжо каля 70 гадоў і апошнія 10 з іх уяўляла сабой прыватную структуру з невялікай доляй дзяржавы. Разам з партнёрамі з Непала Шакуцін паступова выкупіў долі ў асобных акцыянераў і такім чынам атрымаў кантрольны пакет «Амкадора».

Прыватызацыя значна ўмацавала пазіцыі Шакуціна, і ў 2013 годзе яго назвалі другім найбольш уплывовым бізнесменам Беларусі. Для самога «Амкадора», аднак, у доўгатэрміновай перспектыве гэта мела адваротны эфект: прадпрыемства пачало працаваць у мінус. Кампенсуе страты холдынг з дапамогай пазык з дзяржбюджэту. На канец 2021 года доўгатэрміновы доўг дасягнуў прыкладна $120 мільёнаў. Непакрытыя страты —  $42 мільёны.

У канцы таго ж  2021 года Аляксандр Лукашэнка выдаў указ «аб стабілізацыі фінансавага стану арганізацый», вылучыўшы Шакуціну пазыку прыкладна на $50 мільёнаў пад адну другую стаўкі рэфінансавання (каля 4% гадавых). Акрамя таго, гэтую пазыку не абавязкова аддаваць грашыма. Указ прадугледжвае магчымасць узаемазаліку і пагашэнне доўгу акцыямі.

Наяўнасць рэгулярных дзяржсубсідый абвяргае ходкае ўяўленне, быццам «Амкадор» праяўляе «сацыяльную адказнасць», забіраючы стратныя прадпрыемствы ў дзяржавы ў свой холдынг. Бо сам ён часткова фінансуецца за кошт падаткаплацельшчыкаў.

Дзякуем за дапамогу ў гэтым расследаванні «Кіберпартызанам».

Іншыя Расследаванні

Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы

Расследаванні

Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы

Закуп толькі трох найменняў лекаў, пра якія мы раскажам у расследаванні, у расейскіх аптэках абышлася б бюджэту на $2 млн танней, чым оптам у беларускага...

24/01 Чытаць