Расейская армія нясе істотныя страты ў вайне супраць Украіны. Але ў Маскве не любяць пра гэта казаць. Апошнім разам расейскае Мінабароны паведамляла пра забітых і параненых чатыры месяцы таму. На фоне вялікіх страт ва Украіне ў Расеі ідзе масавы набор добраахвотнікаў на вайну. СМІ распавядалі аб адкрыцці 14 пунктаў вярбоўкі наймітаў у Сірыі. Сірыйскім добраахвотнікам абяцалі плаціць ад 300 да 1 100 долараў на месяц у залежнасці ад спецыяльнасці.
Шырокі набор наймітаў на вайну з Украінай вядуць і ў Расеі. «Важныя гісторыі» высветлілі, што вярбуюць і беспрацоўных, і зняволеных. Актыўнасць праяўляюць прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр», якую звязваюць з «кухарам Пуціна», бізнесоўцам Яўгенам Прыгожыным.
А таксама Саюз добраахвотнікаў Данбасу, які ўзначальвае дэпутат Дзярждумы і экс-кіраўнік так званай Данецкай Народнай Рэспублікі Аляксандр Барадай.
З 8 ліпеня другая арганізацыя абвясціла прыём замежнікаў. Наш журналіст пад выглядам добраахвотніка патэлефанаваў, каб даведацца, ці возьмуць на вайну беларуса. Аказалася, з гэтым няма ніякіх праблемаў. У месяц абяцалі мінімум 2 000 долараў.
Афіцыйна ў Саюзе добраахвотнікаў Данбасу сказалі, што беларусы тэлефануюць ім штодня. Маўляў, ахвочых сотні, але колькі з іх запісаліся ваяваць, у арганізацыі не раскрываюць. Там таксама не змаглі нам сказаць, колькі беларусаў ужо ваюе ва Украіне.
Сярод іх – нарадзінец Ваўкавыску Васіль Курловіч,
які меў некалькі судзімасцяў, у тым ліку за наркотыкі.
Курловіч ваяваў на Данбасе з 2014 года. Служыў у агнямётнай роце, дыслакаванай у Алчэўску Луганскай вобласці.
За ўдзел у баях пад Дэбальцавам атрымаў узнагароду ад імя кіраўніка самаабвешчанай ЛНР. 47-гадовы Васіль Курловіч, па дадзеных телеграм-канала Саюзу маці, загінуў 22 сакавіка 2022 года.
«Мы з ім служылі ў адной роце, у сакавіку месяцы пры выкананні баявога задання загінуў ад снайпера, цела [тады] не маглі забраць, цяпер мінуў час. Я не ведаю, забралі яго ці не», – распавёў Міхаіл Шагодзін, калега Курловіча.
Акрамя Курловіча ў сацсетках альбо іншых крыніцах мы знайшлі яшчэ пяць нарадзінцаў Беларусі, якія загінулі на гэтай вайне. Гэта Павел Яўглеўскі, Пётр Лузанаў, Мікалай Маркаў, Уладзіслаў Чарноў і Андрэй Бабко. Украінская выведка ў сваю чаргу паведамляла пра пахаванне двух беларускіх наймітаў, не называючы іхных імёнаў. Але сярод беларусаў ёсць тыя, хто працягвае ваяваць ва Украіне.
Большасць беларусаў, якія ваююць у расейскіх і прарасейскіх падраздзяленнях ва Украіне, адкрыта пра сваю дзейнасць не распавядаюць. Але ў шэрагах так званай арміі ДНР мы знайшлі чалавека, які ператварыў сваю старонку «УКантакце» ў ваенна-палявы дзённік. Гэта 52-гадовы Анатоль Малчанаў,
нарадзінец Вінніцы, пражываў у Гомлі. Меў судзімасці, у тым ліку за крадзеж
і нявыплату аліментаў.
Яшчэ ў 2004 годзе трапіў у поле зроку КДБ за ўдзел у казацкім руху «Белая гвардыя».
У 2014 годзе быў у шэрагах «Крымскай самаабароны», удзельнічаў у блакаванні ўкраінскіх вайсковых базаў. Пасля прыбыў у Славянск, дзе камандаваў ротай выведкі пад пазыўным СОБР. Атрымаў цяжкое раненне ў руку, перанёс аперацыю, ваяваў ажно да канца 2014 года ў званні падпалкоўніка так званых Узброеных сілаў ДНР.
З сакавіка 2022 года на сваёй старонцы «УКантакце» Маўчанаў выклаў фота са зброяй у руках на фоне разбураных будынкаў на Данбасе.
У красавіку Маўчанаў напісаў, што ягоны рапарт наконт пераводу ў штурмавы батальён задаволілі,
а ў чэрвені выклаў фота ў форме Узброеных сілаў самаабвешчанай ДНР.
На сваёй старонцы Маўчанаў у асноўным аналізуе сітуацыю на фронце. Пра асабісты досвед ён распавядае мала.
Анатоль Малчанаў пагадзіўся на інтэрвʼю за 70 тысяч расейскіх рублёў. «Мяне ў гэтым жыцці цікавяць толькі секс і грошы», – напісаў Малчанаў у адказ на запыт. Мы не змаглі ўгаварыць яго на бясплатны каментар.
Маўчанаў – не адзіны беларус, які ваюе за сепаратыстаў ва Украіне. У пачатку траўня ў тэлеграм-каналах зʼявілася відэа з чалавекам у вайсковай форме і аўтаматам у руках, у якім калегі з «Нашай Нівы» апазналі Андрэя Грышуціна.
У свой час ён служыў ротным старшыною ў спецназаўскай частцы 3214 і малодшым сяржантам у палку патрульна-паставой службы міліцыі.
У 2012 годзе незаконна прадаваў насенне маку.
Ваяваў снайперам на Данбасе як мінімум з 2015 года. Пазыўны – Беларус.
Маці Грышуціна распавяла, што ейны сын жыве на Данбасе з 2014 года. Там ажаніўся і завёў дзіця. Адзін час працаваў у ДАІ. Калі пачалася вайна, Грышуцін узяў у рукі зброю.
«Ён цяпер ужо не беларус, а грамадзянін Расейскай Федэрацыі. Ён там жыве. Гэта ягоны дом. Ён яго абараняе. Ён ніякі не найміт. Ён у мяне нармальны добры хлопчык», – сказала Ала Грышуціна, маці Андрэя Грышуціна.
Яна перадала сыну нашую просьбу наконт інтэрвʼю, але ён адмовіўся. Са словаў маці, на сына завялі крымінальную справу, у 2015 годзе да яе прыходзілі супрацоўнікі КДБ і распытвалі пра яго.
Засвяціліся на вайне і беларускія найміты з ПВК «Вагнер». Гэта нарадзінец Воршы Аляксандр Ступніцкі

Крыніца: старонка Аляксандра Ступніцкага ў https://vk.com
і нарадзінец Рэчыцы Сяргей Сазанаў,
якія раней служылі ў сілавых органах.
Раней ваявалі на Данбасе. Затым, паводле звестак СБУ ў Сірыі, а Ступніцкі яшчэ і ў Судане. Цяпер украінскія ўлады падазраюць іх у забойствах і катаваннях мірных жыхароў Кіеўскай вобласці.
Ёсць сярод наймітаў расейскага ПВК і пачаткоўцы.
38-гадовы нарадзінец Бабруйску Дзяніс Зуб распавёў, што ваюе на кантракце як снайпер з пачатку баявых дзеянняў ва Украіне. Быў каля Харкава і Севераданецку. Выхваляецца, што забіў 42 украінскіх вайскоўцаў.
У 2014 – 2020 гадах, паводле розных ацэнак, на баку сепаратыстаў ваявалі ад сотні да сямісот беларусаў. Цяпер іх можа быць меней. Некаторыя баяцца крымінальнага пераследу. У Беларусі за найміцтва, заснаванае на атрыманні матэрыяльнай выгады, пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Акрамя таго, у беларускім Крымінальным кодэксе ёсць артыкул за ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншае краіны або ў замежным узброеным фармаванні. Гэта яшчэ называюць ідэалагічным найміцтвам, за што пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
У верасні 2015 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «з тымі, хто сёння ваюе, мы разбярэмся, калі яны вернуцца ў краіну».
«Я ўсіх папярэдзіў, і на заканадаўчым узроўні мы пастанавілі: калі ты пайшоў ваяваць – то бок забіваць – не важна, на баку Данбасу ці супраць яго, то мы з цябе спытаем» – сказаў ён.
У супольнай базе МУС і КДБ, апублікаванай ініцыятывай BYPOL, налічвалася 140 беларусаў, якія ваявалі на баку самаабвешчаных ЛНР і ДНР. Беларускія сілавікі лічылі, што тыя нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы і мусяць адказаць перад законам. Але гэта не перашкаджала і не перашкаджае некаторым з іх бесперашкодна прыязджаць у Беларусь.
19 ліпеня на тэлеканале «Беларусь 1» паказалі беларуса, які ваюе на баку так званай ДНР. Гэта 46-гадовы нарадзінец Асіповічаў Сяргей Ланавенка.
Раней судзімы за г͑валт у дачыненні інспектара ДПС.
Мы звязаліся з Ланавенка праз тэлефон. Ён распавёў нам, што застаецца на Данбасе з канца лютага. Спачатку дапамагаў уцекачам з Марыупалю, а потым узяў у рукі зброю. Ваюе ў складзе так званай Народнай міліцыі ДНР у зоне Аўдзееўкі, але не толькі там.
Ланавенка кажа, што на ягоных руках няма крыві нявінных людзей, ён ваюе з ідэйных меркаванняў. Ягоны заробак у разы меншы, чым у расейскай арміі, дзе атрымліваюць 200 тысяч рублёў на месяц. Маўляў, калі б не валанцёры і трафеі, было б цяжка.
У ліпені ў Ланавенкі быў адпачынак. Ён быў на малой радзіме ў Асіповічах. Кажа, што ні на мяжы, ні ў родным горадзе да яго не было пытанняў з боку сілавікоў. Ланавенка разумее, што парушае беларускі закон і гатовы за гэта адказаць.
«Калі я яшчэ раз надумаю прыехаць, пытанні ў любым выпадку будуць задаваць. Гэта іхная праца. Я толькі за. Тым больш, у мяне такая падрыхтаванасць. У полі зроку спецслужбы мяне абавязаныя трымаць. Я ведаю, што маё сумленне чыстае, я дзейнічаю на покліч сумлення», – сказаў ён.
Мы патэлефанавалі ў МУС, каб даведацца, якія там прымаюць захады супраць беларусаў, якія ваююць ва Украіне на баку Расеі. Намеснікі міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў і Генадзь Казакевіч адмовіліся каментаваць праз тэлефон. У прэс-службе не адказалі на нашыя званкі і запыты. Эксперты мяркуюць, што ўлады Беларусі цяпер не будуць саджаць наймітаў, якія ваююць на баку Расеі.
«У любых постсавецкіх карумпаваных дыктатурах правапрымяненне вызначаецца найперш палітычнай мэтазгоднасцю. Гэта значыць, цяпер у сітуацыі, калі адбываецца ціск на Менск дзеля адкрытага ўступлення ў вайну, у гэтай сітуацыі лішні раз раздражняць Крэмль, узмацняць напружанасць у дачыненнях з Масквой, я думаю, не ў інтарэсах кіроўнага рэжыму ў Беларусі», – рэзюмаваў даследчык Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў.
Аўтар Алесь Ярашэвіч, рэдактары Вольга Ратмірава, Станіслаў Івашкевіч
Іншыя Расследаванні
Расследаванні
Нафтавая таямніца. Як Лукашэнка застаўся вінны Венесуэле амаль паўтары мільярды долараў
Беларускія ўлады зусім і не збіраліся вяртаць Венесуэле гэтыя грошы.
Расследаванні
У Еўропу праз Азію. Як Беларусь па-ранейшаму прадае санкцыйную фанеру і пялеты ў ЕЗ
Мы даведаліся, як у Еўразвяз праз Казахстан і Кыргызстан паступае беларускае дрэва.
Расследаванні
Новая манаполія Сяргея Цяцерына змушае беларусаў пераплочваць за шакалад з Еўропы
Крыніца з фуд-індустрыі Беларусі сцвярджае, што рэальна кантрабандай шакаладу займаецца кампанія Цяцерына «БелГлобалГарант».