Расследаванне падрыхтаванае ў партнёрстве з літоўскім выданнем 15min.lt, латвійскім тэлеканалам TV3, украінскім праектам «Схемы» пры падтрымцы «Кіберпартызанаў», Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі і супольнасці ўкраінскіх хакераў KibOrg.
Гэты матэрыял — трэцяя частка расследавання аб незаконных вывазе, перапрацоўцы і экспарце сельгаспрадукцыі з акупаваных тэрыторыяў Украіны. У першай БРЦ распавёў, як пшаніца з Херсонскай вобласці трапляла ў Азербайджан і Турцыю, ячмень — у Іран, кукуруза — у Сірыю, а гарох з Крыму — у Іспанію. У другой — аб пастаўках насення рапсу ў Беларусь для перапрацоўкі. У гэтай частцы гаворка пойдзе аб продажы беларускага рапсавага алею, вырабленага з украінскай сыравіны, у ЕЗ і імпарцёрах прадукту ў Еўропе.
Рэкорд не дзеля рэкорду
Беларускія аграрыі ў 2023 годзе паставілі рэкорд — валавы збор насення рапсу пасля дапрацоўкі дасягнуў амаль 900 тыс. тонаў. У 2024-м рэкорд пабілі і ўпершыню ў гісторыі Беларусі намалацілі больш за мільён тонаў.
Спецыялісты ў сферы сельскай гаспадаркі за апошнія пяць гадоў дабіліся больш высокіх вынікаў у вытворчасці насення рапсу: пашырылі пасяўныя плошчы, палепшылі сярэднюю ўраджайнасць культуры — у 2019-м яна ў сярэднім складала 16,8 цэнтнера з гектару, а ў 2024-м — 24,8 цэнтнера.
У перапрацоўцы рапсу Беларусь таксама дасягнула поспеху. За пяць гадоў аб'ёмы вытворчасці алею з яго павялічыліся ў 1,4 разу — з 417 тыс. тонаў у 2019-м да 578 тыс. у 2023 годзе.
Прычына цікавасці да вырошчвання гэтай высокарэнтабельнай алейнай агракультуры ў Беларусі не толькі ў павелічэнні патрэбаў унутранага рынку.
«Сёння, нават у перыяд гэтых шалёных санкцыяў, Еўропа просіць: "Дайце рапсавы алей!"» — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў чэрвені 2022 года падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.
Попыт на беларускі рапсавы алей у Еўразвязе пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну сапраўды вырас. Санкцыі не закранулі пастаўкі айчыннага харчавання і да сярэдзіны 2024 года яго можна было бесперашкодна ўвозіць у ЕЗ.
Еўракамісія 1 ліпеня 2024 года ўвяла забароннае мыта на ўвоз збожжавых, насення алейных і прадуктаў іх перапрацоўкі з Расеі і Беларусі ў Еўразвяз.
Меркавалася, што такі захад дапаможа спыніць імпарт гэтай прадукцыі на ягоную тэрыторыю.
Краіны ЕЗ, па статыстыцы Еўрастату, за першае паўгоддзе 2024-га купілі ў Беларусі 90,4 тыс. тонаў рапсавага алею на €67,7 млн. Гэта ў чатыры разы больш па аб'ёме і ў 2,6 разу па кошце, чым за ўвесь 2021 год (тады імпартавалі 22,6 тыс. тонаў на €25,7 млн). Асноўныя пакупнікі — Літва, Латвія і Польшча. [*] [*]
Што ў беларускай алейна-тлушчавай прамысловасці апошнія некалькі гадоў справы на вонкавых рынках ішлі ўгару, бачна і па паказніках асобных прадпрыемстваў. Адзін з флагманаў галіны — ТАА «Аграпрадукт» з Берасцейскай вобласці — у 2022 годзе рэзка павялічыў экспарт рапсавага алею ў ЕЗ. Прыкладна ўдвая, калі параўноўваць з 2021-м, пісалі дзяржаўныя медыі са спасылкай на аблвыканкам.
За 9 месяцаў 2024-га «Аграпрадукт» выручыў 523 млн беларускіх рублёў (без малога $161 млн).
Два папярэднія гады выручка была прыкладна аднолькавай — 673 млн рублёў у 2023-м і 681,4 млн у 2022-м (прыкладна $224 млн і $260 млн адпаведна). У 2021 годзе сума склала амаль 540,2 млн рублёў (каля $212,7 млн). [*] [*]
Здавалася б, усё заканамерна — больш вырошчваем, больш вырабляем, больш прадаем. Аднак БРЦ высветліў, што не ўвесь беларускі алей, які прадаюць у Еўразвяз, зроблены з беларускага рапсу.
Сертыфікаваны падман
Нягледзячы на рэкордныя намалоты алейнага насення ў краіне, дырэктар «Аграпрадукту» Алег Цяслюк у жніўні 2023 распавёў журналістам, што прадпрыемству не хапае сыравіны:
«Нам трэба больш за 300 тыс. тонаў рапсу на год — а ўся Беларусь вырабляе прыкладна 900 тыс. тонаў, перапрацоўшчыкаў нямала, і ўсім трэба. Так што каля 30% ад патрэбы даводзіцца набываць у суседзяў. Раней везлі рапс з Украіны і Расеі, цяпер засталіся толькі расейскія пастаўкі».
У прадпрыемства засталіся расейскія пастаўкі — гэта праўда. Але адкуль Расея бярэ рапс, які потым прадае Беларусі, Цяслюк змаўчаў. У 2023 годзе «Аграпрадукт» набываў алейнае насенне, вырашчанае ў тым ліку на акупаванай частцы Херсонскай вобласці. Толькі за жнівень з Херсоншчыны прадпрыемству паставілі каля 728 тонаў сыравіны. Пра гэта БРЦ даведаўся з дадзеных Федэральнай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы «Зерно», якія нам перадалі ўкраінскія хакеры KibOrg.
Пастаўшчыкі Херсонскага рапсу «Аграпрадукту» — расейскія кампаніі «Велес-Агро» і «Агротрейд». Апошняя звязаная з сям'ёй Антона Ціхамірава, былога сакратара ялцінскага аддзялення партыі «Единая Россия», які супрацоўнічаў з расейскай адміністрацыяй анексаванага Крыму. [*] [*]
Ці маглі ў кампаніі «Аграпрадукт» не ведаць аб паходжанні сыравіны, якую яны набываюць? Наўрад ці. У таварасуправаджальных дакументах на пастаўкі (СДІЗ) адрасам адпраўлення пазначаная Расейская Федэрацыя, але вобласць прапісаная ўкраінская — Херсонская. [*] [*]
Рапсавы алей, выраблены ў тым ліку і з украінскага збожжа, беларускае прадпрыемства пастаўляла ў Еўразвяз. Паводле дадзеных Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, у 2024 годзе ў Літву і Латвію паступіла прыкладна па 50 тыс. тонаў прадукцыі «Аграпрадукту». З іх 30 тыс. і 2 тыс. тонаў адпаведна прызначаліся для ўнутраных рынкаў гэтых краінаў.
На свой тавар прадпрыемства атрымала некалькі сертыфікатаў адпаведнасці міжнародным стандартам якасці, у тым ліку ISO 9001. Апошні неабходны для выхаду на еўрапейскія рынкі і прадугледжвае поўнае інфармаванне пакупнікоў або канчатковых спажыўцоў аб якасці прадукту або паслугі, працэсах вытворчасці і гэтак далей. Абавязковая ўмова ягонага атрымання — выкананне «ўсіх дзеючых заканадаўчых і нарматыўных патрабаванняў». Сертыфікацыя ISO добраахвотная. Але такі дакумент уплывае на выбар кампаніі замежнымі партнёрамі, бо сведчыць аб бездакорнай дзелавой рэпутацыі контрагента, захаванні ім этычных нормаў. [*] [*]
Забароны няма — возім
Рапсавы алей «Аграпрадукту», паводле звестак «Латвійскіх грамадскіх СМІ» (Latvijas Sabiedriskais medijs, LSM), у Латвію возяць чатыры фірмы. Сярод іх — латвійская лагістычная кампанія K.I.F. Гэтую інфармацыю пацвердзіла БРЦ крыніца з Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі. Абарот K.I.F. з €1 млн у 2021 годзе павялічыўся да €2,3 млн у 2023-м. [*]
Журналісты латвійскага тэлеканалу TV3 наведалі офіс кампаніі і спыталі ў яе прадстаўніка, ці імпартуе K.I.F. прадукцыю беларускага «Аграпрадукту».
«Не, мы не імпартуем. Мы проста выступаем як мытныя брокеры, як экспедытары», — адказаў суразмоўца, але пацвердзіў, што фірма супрацоўнічае з беларускім «Аграпрадуктам», надае лагістычныя паслугі. Таксама ў кампаніі сказалі, што ў іх няма латвійскіх кліентаў, якія замаўляюць рапсавы алей гэтага прадпрыемства: «Гэтым займаецца эстонская кампанія, яны потым адпраўляюць далей».
Аб пастаўках беларускага тавару ў кампаніі K.I.F. кажуць адкрыта: забароны Еўразвязу няма — возім. Аднак запэўніваюць, што правяраюць паходжанне прадукцыі, глядзяць, ці ёсць вытворца ў санкцыйным спісе. Калі ёсць — працаваць з ім не будуць. Пра тое, што алей «Аграпрадукту» можа быць выраблены з рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны, у K.I.F. не ведалі, сказаў прадстаўнік кампаніі: «У нас няма такой інфармацыі, што імпартаваны прадукт з Беларусі быў выраблены на акупаваных тэрыторыях. Канешне, гэта важна».
У Латвію за першыя шэсць месяцаў 2024 года, паводле афіцыйнай статыстыкі Еўрастату, завезлі амаль 68,89 тыс. тонаў рапсавага алею з Беларусі.
«Латвійская чыгунка» (Latvijas dzelzceļš, LDz) у адказе на запыт журналістаў TV3 пацвердзіла, што «Аграпрадукт» экспартаваў рапсавы алей у 2021-2024 гадах. Расследаванне, якое правёў дэпартамент санкцыяў LDz, паказала, што ані сам рапсавы алей, ані «Аграпрадукт», ані кіраўнікі прадпрыемства не знаходзяцца пад санкцыямі, гаворыцца ў лісце. Таксама ў ім прыводзяцца дэталі паставак:
«Тавар ад "Аграпрадукту" ў асноўным атрымліваюць два экспедытары: SIA LAT FLEX і SIA K.I.F., якія забяспечваюць далейшае транспартаванне тавару ў Кітай і Ізраіль. Прадукцыя, якая вырабляецца беларускай кампаніяй, таксама транспартуецца ў многія еўрапейскія краіны: Бельгію, Нідэрланды, Польшчу, Літву, Эстонію і іншыя». [*]
Транзітам можна
Літва амаль да сярэдзіны мінулага года, як і яе суседка, імпартавала беларускі рапсавы алей. Вазілі яго туды, паводле дадзеных Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, мясцовыя кампаніі Baltijos Pervezimai, GEN Cargo і Baltic Cargo Agent. З чэрвеня 2024 года ў краіне ўвялі забарону на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў для жывёлы з Расеі і Беларусі. Аднак транзіт гэтай прадукцыі праз тэрыторыю Літвы на момант выхаду расследавання дазволены, што дае магчымасць абыходзіць абмежаванні.
Нашыя калегі з выдання 15min.lt пад выглядам патэнцыйных пакупнікоў паразмаўлялі з менеджаркай па продажам літоўскай Baltijos Pervezimai. Гэтая кампанія займаецца транспартнай экспедыцыяй грузаў і супрацоўнічае з «Аграпрадуктам», пацвердзіла суразмоўца. Яна распавяла, як можна абысці забарону літоўскіх уладаў на ўвоз беларускай прадукцыі — пастаўляць не наўпрост у Літву, а, напрыклад, праз Латвію:
«Тэрміналы ў Рызе іх (тавары — рэд.) прымаюць, і там ніякіх праблемаў. Паколькі гэта прадукт харчавання, пад санкцыі ён не падпадае».
Як выглядае працэс узгаднення і перавозкі, у афіцыйным адказе на сумесны запыт БРЦ і 15min.lt распавяла гендырэктарка Baltijos Pervezimai Вольга Троіцкая. Каб перавесці харчовы груз з Беларусі па чыгунцы праз Літву, адпраўнік павінен падаць заяўку ў LTG Cargo. Гэта — даччыная кампанія дзяржаўных «Літоўскіх чыгунак» (Lietuvos Geležinkeliai, LTG). Калі заяўка праходзіць санкцыйны фільтр і LTG Cargo яе ўхваляе, арганізуецца працэс перавозкі з Беларусі, напрыклад, у Ізраіль праз Клайпедскі порт. У ім экспедытар часова робіцца грузаатрымальнікам. Таксама ў адказе гаворыцца, што, хоць кампанія «Аграпрадукт» і не знаходзіцца пад санкцыямі, Baltijos Pervezimai прыпыняе ўхваленне новых заявак на адпраўку грузаў ад гэтага вытворцы, каб зрабіць ацэнку рызык, у тым ліку з літоўскай мытняй. [*] [*]
У лагістычнай літоўскай кампаніі Baltic Cargo Agent таксама пацвердзілі, што супрацоўнічаюць з беларускім вытворцам рапсавага алею: «У нас ёсць з імі кантракты, мы надаем ім лагістычныя паслугі да порту Клайпеды, а таксама часткова ўдзельнічаем у перавозках да порту Рыгі».
Аб адной са схемаў абыходу абмежаванняў, уведзеных Літвой на ўвоз у краіну рапсавага алею з Беларусі, у размове з журналістамі 15min.lt згадалі ў кампаніі TLSC. Яна звязаная з іншым імпарцёрам алею «Аграпрадукту» — GEN Cargo (апошняя належыць кампаніі UAB G 7 Plus, уласнікі якой валодаюць TLSC — падрабязней пра гэта распавядзем ніжэй).
«Ёсць спецыфічныя ўмовы [размытнення тавару]. Вы не зможаце зрабіць гэта ў Літве. У тэорыі, алей можна завезці ў Літву, але ўзгадненне вельмі складанае. <...> Вам трэба імпартаваць яго ў Латвію або Польшчу. Гэта можна зрабіць, калі ў вас там ёсць кампанія. Там будзе мыта і іншыя нюансы, уключаючы код тавару. Я дэталяў не ведаю, але ёсць рабочая схема, па якой працуюць пэўныя кампаніі».
Хто стрэлачнік?
GEN Cargo, паводле словаў крыніцы БРЦ са сферы чыгуначных перавозак, не толькі абыходзіла літоўскую забарону праз Латвію, але і працягвала пастаўляць тавар «Аграпрадукту» ў краіну наўпрост. У кастрычніку-снежні 2024 года, як паведаміла нам крыніца, літоўская фірма атрымала 177 цыстэрнаў рапсавага алею — гэта каля 10 тыс. тонаў. Паводле звестак крыніцы ў LTG Cargo, GEN Cargo за той жа перыяд перавезла 120 вагонаў рапсавага алею ад беларускага пастаўшчыка.
Груз ад «Аграпрадукту» GEN Cargo прывозіць у Клайпедскі порт. Гэта літоўскім журналістам пацвердзіў адзін з супрацоўнікаў тэрмінала. Магчыма, GEN Cargo выконвае толькі функцыю экспедытара для іншай літоўскай кампаніі-дачкі «Літоўскіх чыгунак» LTG Cargo. Апошнюю мы заўважылі ў накладных кампаніі «Тэхнаспецтрэйдынг», калі працавалі над расследаваннем аб перавозцы азотных угнаенняў у Літву. «Тэхнаспецтрэйдынг» тады пастаўляў угнаенні прадпрыемства «Гродна Азот» у Еўропу ў абыход санкцыяў, LTG Cargo выступаў у ролі перавозчыка. [*]
Да 2022 года сябрам праўлення LTG Cargo значыўся Мантас Бартушка. У той жа час ён займаў пасаду кіраўніка «Літоўскіх чыгунак», але сышоў у адстаўку пасля пачатку поўнамаштабнай вайны і скандалу з абыходам санкцыяў (ЛЧ працягнулі перавозіць беларускія ўгнаенні пасля таго, як ЗША наклалі санкцыі на «Беларуськалій»). Месца Бартушкі заняў Эгідзіюс Лазаўскас, дырэктар LTG Cargo. [*] [*] [*]
У афіцыйным адказе журналістам 15min.lt прадстаўнік «Літоўскіх чыгунак» напісаў, што ў іх даччынай кампаніі LTG Cargo няма непасрэдных дагаворных адносінаў з «Аграпрадуктам», а прадукцыю беларускага прадпрыемства перавозілі іншыя фірмы-заказчыкі. Таксама ў лісце гаворыцца, што чыгуначная кампанія Літвы пачала ўнутранае расследаванне і на час прыпыніла пастаўкі ад «Аграпрадукту».
«Хоць патрабаванне пацвярджаць паходжанне сыравіны для тавараў у адпаведнасці з Рэгламентам ЕЗ (пры імпарце ў ЕЗ з трэціх краінаў) высоўваецца толькі да металапрадукцыі, мы ініцыявалі дэталёвую паўторную праверку. <...> Калі па выніках унутранага расследавання будуць выяўленыя падазроныя фактары, мы перадамо інфармацыю ў адпаведныя праваахоўныя органы», — паведамілі журналістам. [*]
Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі атрымала інфармацыю ад сваіх крыніцаў, што пасля гэтага два вагоны з рапсавым алеям вытворчасці «Аграпрадукту» затрымалі на літоўскай станцыі Кяна.
Патрэбныя сувязі
БРЦ выявіў дзелавыя сувязі з Беларуссю ў літоўскіх кампаніяў-імпарцёраў рапсавага алею «Аграпрадукту». Яны маглі дапамагчы наладзіць пастаўкі, абыходзячы забароны. Напрыклад, GEN Cargo належыць акцыянерам кампаніі UAB G7 Plus. [*] [*] [*] [*] [*] Яны ж валодаюць беларускім ТАА «Каргатэк», якое вазіла трактары МТЗ у Судан, Камбоджу і Егіпет. [*] [*] Ім жа належыць транспартна-лагістычная кампанія TLSC. Яе філіялы акрамя Літвы, Латвіі і Польшчы, працуюць у Расеі, Казахстане і Беларусі. [*] [*] [*] [*] [*] [*] Расейскім аддзяленнем валодае былы супрацоўнік беларускага МЗС Антон Шмыгаў. [*] [*] [*] Ягоны брат — Аляксей Шмыгаў — акцыянер GEN Cargo. [*] [*]
З TLSC праз сетку кампаніяў быў звязаны і былы чалец праўлення LTG Cargo Мантас Бартушка, які займаў таксама пасаду кіраўніка «Літоўскіх чыгунак».
Ён уваходзіць у раду дырэктараў і праз MB Capital з'яўляецца саўладальнікам UAB ES RAIL. Саўладальнікам апошняй зʼяўляецца UAB BV Capital. BV Capital зʼяўляецца сузаснавальнікам кампаніі G 7 Plus, якая заснавала GEN Cargo. [*] [*]
Яшчэ адзін прыклад тычыцца кампаніі Baltijos Pervežimai. Муж яе саўладальніцы Ларысы Сабацінай-Бергер, Рыгор Сабацін (Grigorij Sabatin), з'яўляецца саўладальнікам буйнога лагістычнага бізнесу ў Беларусі — кампаніі СТАА «Рэйлпорт». [*] [*] [*] [*] У саўладальніка літоўскага Baltic Cargo Agent Канстанціна Самарскава таксама зарэгістраваная ў Беларусі лагістычная кампанія ТАА «Грузавы агент». [*] [*] [*] Яшчэ адну ягоную літоўскую кампанію Zetemžėja у 2024 годзе медыі назвалі датычнай да пастаўкі амерыканскіх мікрасхемаў у Расею ў абыход санкцыяў.
Памагаты агрэсара
Вытворцу рапсавага алею «Аграпрадукт» з Украінай звязвае не толькі купля вывезенага з Херсонскай вобласці алейнага насення. Фірму, якая мае да гэтай кампаніі наўпроставае дачыненне, украінскія ўлады абвінавацілі ў дапамаганні расейскай арміі.
Доляй 70% ТАА «Аграпрадукт» валодае беларуская кампанія ТАА «Транзіт-Аўта 2003». [*] [*] [*] 28 студзеня 2023 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзенні санкцыяў супраць 185 юрыдычных і фізічных асобаў, якіх краіна-агрэсар задзейнічае для перавозкі вайсковай тэхнікі і вайсковых чыгуначным транспартам. Сярод іх — «Транзіт-Аўта 2003». [*] [*]
Мы даслалі запыт Службе бяспекі Украіны, каб даведацца, дзе і пры якіх абставінах гэтая кампанія перавозіла расейскіх вайскоўцаў або вайсковую тэхніку. На момант публікацыі расследавання адказу не атрымалі.
Нягледзячы на сувязь з падсанкцыйнай ва Украіне кампаніяй і закуп рапсу з акупаваных тэрыторыяў, «Аграпрадукту» няма ані ва ўкраінскіх, ані ў еўрапейскіх санкцыйных спісах. Дзякуючы гэтаму прадпрыемства, якое набывае ў Расеі рапс, у тым ліку з акупаваных тэрыторыяў, можа заключаць угоды і з кампаніямі ва Украіне. Мы даведаліся з сертыфікатаў якасці, якія атрымаў «Аграпрадукт», што ўкраінскія фірмы з сакавіка 2022 года прадаюць яму рапс і сою.
Без размоваў
У Беларусі «Аграпрадукт» можа мець заступнікаў у высокіх кабінетах. Алег Цяслюк — дырэктар і сузаснавальнік прадпрыемства — да нядаўняга часу быў дэпутатам Берасцейскага абласнога савету. У інтэрв'ю інфармацыйнаму парталу kamenec.by летам 2021 года ён заявіў:
«Мяне ведаюць прадстаўнікі ўлады, і я магу да іх звярнуцца, перадаць просьбы людзей, ведаючы, што яны будуць разгледжаныя».
Падчас дэпутацтва Цеслюка кампанія «Аграпрадукт» атрымала дзяржпадтрыманне ад Берасцейскага аблвыканкаму. Дзяржава ўзяла на сябе абавязак па кампенсацыі часткі адсоткавых плацяжоў па крэдытах. [*]
Цяслюк добра знаёмы з чыноўнікамі раённага і абласнога маштабу. Экс-кіраўнік Камянецкага раёну Андрэй Пісарык працуе намеснікам дырэктара «Аграпрадукту». [*] [*] [*] У траўні 2018-га яны разам на аўто ездзілі ў Літву. [*] Праз два месяцы Цяслюк адправіўся з былым губернатарам Берасцейскай вобласці Канстанцінам Сумарам ва Украіну. У той час ён быў у назіральнай радзе кампаніі «гаманца» Лукашэнкі Аляксандра Машэнскага «Русское море». [*] [*] [*]
Супрацоўнік Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі Аляксандр Зайцаў (цёзка бізнесоўцы-«гаманца» Аляксандра Лукашэнкі) адначасова працаваў у «Транзіт-Аўта 2003». Яе ўласнік Аляксей Шведаў часта ездзіў на аўто разам з Зайцавым ва Украіну. [*] [*] [*] [*]
Мы даслалі запыт у кампанію «Аграпрадукт» з просьбай пракаментаваць пададзеныя ў расследаванні факты, аднак на момант публікацыі адказу не атрымалі. Дырэктар кампаніі Алег Цяслюк у тэлефоннай размове заявіў журналісту БРЦ, што ў нас няправільная інфармацыя аб закупцы прадпрыемствам рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны, і кінуў слухаўку. Саўладальнік «Аграпрадукту» Аляксей Шведаў таксама адмовіўся з намі размаўляць.