Антыфэйк / фактчэк

09 снежня

Мукавозчык абвінаваціў апазіцыю ў атручванні вады перад выбарамі 2020 года. Як было насамрэч

Гаворка ідзе пра падзеі чэрвеня 2020 года, калі ў пяці раёнах Менску замест звыклай вады з-пад крана цякла мутная вадкасць з непрыемным пахам і смакам.

Перад выбарамі прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе апазіцыянеры атруцілі вадаправодную ваду ў Менску і могуць зрабіць гэта зноў, заявіў супрацоўнік выдання «СБ. Беларусь сёння» Андрэй Мукавозчык. Каманда Weekly Top Fake нагадала, што тады насамрэч стала прычынай праблем з вадой. 

Падступства беларускай апазіцыі і яе магчымую актыўнасць падчас выбарчай кампаніі, якая мае адбыцца, вядоўцы «Радыё Менск» Алёна Радоўская і Кірыл Казакоў абмеркавалі з супрацоўнікам выдання «СБ. Беларусь сёння» Андрэем Мукавозчыкам у эфіры 27 лістапада 2024 года. 

«Не будзе ніякага толкам народнага абурэння. Гэтую зброю мы ў іх выбілі з рук. Што можа быць? Атручванне вады можа быць. Як гэта было летам 2020 года. Я галаву пакладу, што гэта было атручванне. Не той выпадак, каб капаць і падымаць, там было расследаванне, вінаватых, напэўна, знайшлі і пакаралі. Але гэта ж было спецыяльна паказаць, што мы і самі без гэтай улады справімся. Вось жа пра што гэта было», — растлумачыў Мукавозчык. 

Гаворка ідзе пра падзеі чэрвеня 2020 года, калі ў пяці раёнах Менску замест звыклай вады з-пад крана цякла мутная вадкасць з непрыемным пахам і смакам. Некаторых жыхароў сталіцы шпіталізавалі пасля яе выкарыстання. «Вадаканал» не справіўся з павышаным попытам на чыстую ваду і менчукі вырашылі праблему самастойна: скуплялі ваду ў крамах, набіралі яе з бліжэйшых крыніц, шукалі дапамогі ў сацсетках. Валанцёры тады масава прывозілі ваду ў пацярпелыя раёны. 

Каб разабрацца, хто вінаваты ў забруджванні вады, Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу і два гады шукаў прычыну гэтага інцыдэнту. Аказалася, што за месяц да здарэння пачаўся рамонт трубаправода. Пакуль ён ішоў, участак вадавода не выкарыстоўваўся і ў ім застаялася вада — стала мутнай і затхлай. Пасля рамонту яе не злілі і падалі ў трубы, а ачышчальная станцыя не справілася з такім узроўнем забруджвання. У выніку дрэнная вада трапіла ў размеркавальную сетку горада. 

СК назваў тое, што здарылася, вынікам халатнасці. Пра апазіцыю следчыя органы не сказалі ні слова.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць