У справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя статыстыка па дактарах у Беларусі адрозніваецца ад той, што дае Белстат.

Партнёрскі матэрыял
У Еўразвязе на 10 тысяч жыхароў у сярэднім прыпадае 28-30 лекараў, а мы — чацвёртыя або пятыя ў свеце па гэтым паказніку. Пра гэта ў эфіры АНТ распавёў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік. Каманда «Зеркала»  высветліла, што не так з заявай чыноўніка. 

У Гарадзенскай вобласці на 10 тысяч жыхароў прыпадае 57,5−58 лекараў, у той час як у Польшчы — усяго 24–25, а ў сярэднім па Еўразвязе — 28–30. Такую заяву ў праграме «Наш час» 21 красавіка 2024 года зрабіў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму, які з чэрвеня 2019 па жнівень 2020 года быў міністрам аховы здароўя Беларусі. Ён дадаў, што «па гэтым паказніку мы чацвёртыя альбо пятыя ў свеце».

Журналісты выдання «Зеркало» вывучылі статыстыку па колькасці лекараў у ЕЗ. Высветлілася, што чыноўнік параўнаў звесткі сучаснай Беларусі з паказнікамі Еўразвязу за 1990 год (у той час ЕЭС — Еўрапейская эканамічная супольнасць). Тады ў ЕЗ сапраўды на 10 тысяч чалавек прыпадала 29 лекараў. Аднак з тых часоў лічбы змяніліся: у 2010 годзе на 10 тысяч жыхароў прыходзілася ўжо да 35 лекараў, а ў 2019-м — да 43.

Паказнікі па колькасці лекараў у Польшчы Каранік таксама занізіў. Прыблізна такая колькасць медыкаў у суседзяў была ў 1996 годзе — 23,7 лекара на 10 тысяч чалавек. Па дадзеных СААЗ за 2021 год, лекараў на 10 тысяч налічвалася ўжо 37,1.

Статыстыку па Гарадзенскай вобласці чыноўнік агучыў амаль дакладную — 57,5–58 лекараў на 10 тысяч (па дадзеных Белстату за 2022 год — 57,3). А вось да якой тэрытарыяльнай адзінкі — Гарадзенскай вобласці або ўсёй Беларусі — адносіліся словы «па гэтым паказніку мы чацвёртыя альбо пятыя ў свеце», ён не ўдакладніў. 

Гарадзенская па колькасці лекараў на 10 тысяч насельніцтва апярэджвае ўсе іншыя вобласці Беларусі і саступае па гэтым паказніку толькі Менску. Сярэднія лічбы па краіне значна ніжэйшыя. Паводле звестак Белстату за 2021 год, было 52 лекара, за 2022-і — 52,2 лекара на 10 тысяч, а на канец 2023, паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, — 45,1. Параўноўваць паказнікі адной вобласці-лідара з сярэднімі ў краінах ЕЗ — некарэктна. Па тэрыторыях краін Еўразвязу медыкі размяркоўваюцца таксама нераўнамерна. 

Але нават калі заплюшчыць вочы на гэтыя маніпуляцыі, Гарадзенская вобласць са сваімі высокімі паказнікамі ўсё роўна не дацягвае да сусветнай пяцёркі. Па дадзеных СААЗ за 2021 год, ёсць як мінімум сем краін, якія абыходзяць Гарадзеншчыну па колькасці лекараў на 10 тысяч жыхароў. Сярод іх Куба (84,3), Манака (77,6), Швецыя (70,6), Грэцыя (63,1), Бельгія (62,6), Уругвай (62) і Сан-Марына (60,2). 

У гэтай жа справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя статыстыка па дактарах у Беларусі адрозніваецца ад той, што дае Белстат — 44,3 лекара замест 52 на 10 тысяч. Такая розніца тлумачыцца маніпуляцыямі з боку Белстату. Наша краіна на 21 месцы ў рэйтынгу СААЗ сярод больш чым 190 дзяржаў. Калі ж правільнымі палічыць дадзеныя беларускай статыстыкі, то Беларусь усё роўна толькі на 14 месцы.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі