Кантэкст: Лідары краін ЕЗ спрабуюць дасягнуць пагаднення па выкарыстанні расейскіх актываў, замарожаных у краінах Еўразвязу, і даць Украіне рэпарацыйны крэдыт у €140 млрд.
Кароткі пост пра крэдытныя адносіны Украіны і ЕЗ апублікавалі 26 лістапада 2025 года ў тэлеграм-канале «Беларускі сілавік»:
«Politico піша, што ЕЗ можа запатрабаваць ад Украіны звароту прамежкавага крэдыту».
Каманда Weekly Top Fake знайшла ў Politico матэрыял, на які спаслаліся аўтары тэлеграм-каналу. У ім сапраўды ідзе гаворка пра вяртанне крэдыту, аднак не ў такім кантэксце, як пададзена ў посце: «Два дыпламаты заявілі, што Украіне можа быць прапанавана пагасіць першапачатковы прамежкавы крэдыт ЕЗ пасля атрымання фінансавання з доўгатэрміновага рэпарацыйнага крэдыту», — напісана ў артыкуле.
Доўгатэрміновы рэпарацыйны крэдыт — гэта механізм па выкарыстанні замарожаных у Еўразвязе дзяржактываў Расеі ў інтарэсах Украіны. Бельгія, у якой захоўваецца вялікая частка гэтых сродкаў, выступіла супраць выняцця грошай праз магчымыя юрыдычныя наступствы. Еўракамісія прапанавала аформіць гэта як крэдытаванне пацярпелай у вайне Украіны за кошт прыбытку ад гэтых грошай. То бок не забраць самі грошы, а пазычыць суму, эквівалентную суме замарожаных расейскіх актываў. Кіеву давядзецца вярнуць іх толькі пасля таго, як Масква скончыць вайну і пагодзіцца пакрыць нанесеную шкоду — таму гэты крэдыт і назвалі «рэпарацыйным».
Канчатковае рашэнне па гэтым пытанні пакуль не прынята, а грошы Кіеву патрэбныя будуць у найбліжэйшы час. У звязку з гэтым паўстала ідэя з прамежкавым крэдытам для Украіны. ЕЗ пазычыць Кіеву сродкі цяпер з умовай, што ён верне доўг з расейскіх грошай, калі іх атрымае. Беларускі тэлеграм-канал не напісаў, што гаворка ідзе пра расейскія рэзервы і што ніхто не патрабуе ад краіны, якая бароніцца, звароту раней выдадзеных крэдытаў.