Антыфэйк / фактчэк

11 ліпеня

«ЖС прэміум»: ва Украіне соль каштуе ў 40 разоў даражэй, чым у Беларусі. Журналісты WTF разабраліся, чаму

Кілаграм звычайнай солі ў беларускай краме каштуе каля 80 капеек.

Ва Украіне кілаграм солі «Воля» каштуе ў 40 разоў даражэй, чым соль у Беларусі, падзяліўся навіной тэлеграм-канал «ЖС прэміум». Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтую інфармацыю і высветліла, пра што аўтары публікацыі не згадалі.

Пост пра цэны на соль ва Украіне з відэа тэлеграм-канал «ЖС прэміум» апублікаваў 29 чэрвеня 2024 года. 

«Як мінімум раз у 40 разоў даражэй, чым у Беларусі.

Сёння ўвесь TikTok узарвала відэа з украінскай крамы, на якім звычайная соль са здзеклівай назвай "Воля" назвай каштуе 400 грыўняў за кіло. 

Гэта ў 40 разоў даражэй, чым у Беларусі, і ў 36 разоў даражэй, чым у Марыупалі», — гаворыцца ў пасце.

Кілаграм звычайнай солі ў беларускай краме каштуе каля 80 капеек. 400 грыўняў — кошт украінскай «Волі», як сцвярджае «ЖС Прэміум», — гэта больш за 30 беларускіх рублёў. Значыць розніца прыкладна ў 40 разоў. 

На самай справе звычайная соль ва Украіне каштуе значна менш. Кошт солі «Воля» — вынік акцыі ўкраінскай гандлёвай сеткі NOVUS па зборы грошай для фронту.

«Купляеце тую самую соль. А ўвесь прыбытак мы перадаём нашым абаронцам на перадавую», — гаворыцца ў рэкламным роліку акцыі.

Гэта пазней патлумачыў і аўтар відэа, якое апублікаваў «ЖС прэміум»: 

«Усё нармальна, для людзей, хто злараднічае, усім прывітанне. Выдыхаем, бабры, ўсё. У той краме па 13 [грыўняў] была, толькі я не паспеў засняць».

Звычайная соль ва Украіне каштуе ад 13 грыўняў. Гэта 1 беларускі рубель. Значыць, кошт вышэйшы, чым у Беларусі, але ўсяго на 20 капеек.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі