Антыфэйк / фактчэк

06 жніўня

«ЖС прэміум»: Беларускія лекары ў Польшчы могуць прэтэндаваць максімум на пасаду санітара. А як насамрэч?

Беларускіх медыкаў у Польшчы зневажаюць і прапануюць самыя нізкія пасады, напісаў тэлеграм-канал «ЖС прэміум».

Беларускіх медыкаў у Польшчы зневажаюць і прапануюць самыя нізкія пасады, напісаў тэлеграм-канал «ЖС прэміум». Каманда Weekly Top Fake знайшла першакрыніцу «скаргаў» і высветліла, дзе аўтары канала зманілі.

Пост з урыўкам інтэрв'ю беларуса, які пераехаў у Польшчу, «ЖС прэміум» апублікаваў 29 ліпеня 2024 года. 

«Максімум, на якую пасаду можа разлічваць беларускі лекар у гэтай краіне — гэта праца санітарам. Прычым незалежна ад навыкаў і стажу працы.

Іх зневажаюць, ставяцца да жывёлы, ставяць на самыя ніжэйшыя пасады, але яны гатовыя стрываць любы здзек пана», — гаворыцца ў подпісе да фрагменту відэа (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя). 

Беларус, які пераехаў у Польшчу, на відэа кажа:

«Катастрафічнага недахопу яны не адчуваюць у лекарах і ў анестэзіёлагах у тым ліку. І мы, калі прыйшлі працаваць туды без PWZ (numer prawa wykonywania zawodu, numer PWZ (польск.) — гэта нумар, прысвоены ліцэнзіі ўрача на практыку — рэд.), нам было прапанавана, так каб не палохаць нікога, прапанавана папрацаваць санітарам. І досыць доўга гэта ўсё працягвалася. Колькі мы папрацавалі…

Паглядзеўшы на працу лекараў-анестэзіёлагаў гэтай клінікі, нельга сказаць, што яны робяць нешта звышнатуральнае, усё тое ж самае, што і мы, тая ж апаратура».

Каманда WTF знайшла першакрыніцу відэа, апублікаванага 26 ліпеня 2024 года. Гэта інтэрв'ю лекара-анестэзіёлага з Беларусі Сяргея Хільмановіча. У Горадні ён працаваў загадчыкам аддзялення рэанімацыі ў шпіталі. У інтэрв'ю ён распавядае, што пасля пераезду, пакуль рыхтаваўся да здачы прафэкзамену і атрымання ліцэнзіі лекара, ён сапраўды працаваў у пасляаперацыйнай палаце, што ён мог бы пашукаць месца лепей у іншым шпіталі, але не стаў гэтага рабіць.

Таксама лекар распавёў, што пасля атрымання ліцэнзіі сітуацыя змянілася. Пра гэта аўтары «ЖС прэміум» не згадалі. 

— Прапаноў па працы ўжо вельмі шмат, уся праца ў асноўным..., і ў Быдгашчы таксама ёсць прапановы, — адзначае лекар.

— Ёсць вакол твайго гораду, — удакладняе вядоўца.

— І вакол. І вельмі шмат нашых калегаў, і хтосьці загадчыкам аддзялення стаў ужо і таксама кліча працаваць, таму што не хапае анестэзіёлагаў — дзесьці там далей, дзесьці бліжэй. Ну а так, у радыусе 60-70 км цалкам знайсці сабе працу так, каб… <...> То бок беларускі лекар у Польшчы можа разлічваць не толькі на працу санітара, — кажа Хільмановіч. 

І яшчэ адзін момант з інтэрв'ю

— Разам з гэтымі стажысцкімі гадзінамі дзяжурстваў атрымліваецца дзесьці 6400 злотых, 1600 далараў, — кажа лекар пра свой заробак.

— Ну, не так страшна, — рэагуе вядоўца.

— Не так, улічваючы, што мы ўдваіх працуем, то ... Гэта заробак інтэрна — пасля атрымання ліцэнзіі патрэбны год інтэрнатуры — і без дадатковых дзяжурстваў. Але з улікам стажу працы ў Беларусі. 

Гэтую частку апавядання медыка аўтары «ЖС прэміум» таксама апусцілі. Сярэдні заробак у Беларусі ў траўні дарос да 2,2 тыс. рублёў, паводле травеньскага курсу гэта амаль $700. Аднак паводле звестак Белстата, такія і вышэйшыя заробкі маюць менш за траціну беларусаў. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі