Антыфэйк / фактчэк 23 красавіка

«Орбан захавае сваю ўладу». Палітолаг Пятроўскі абгрунтаваў свой прагноз фэйкавай сацыялогіяй

Перадвыбарчыя замеры паказвалі карціну, процілеглую словам эксперта Беларускага радыё.

За некалькі дзён да парламенцкіх выбараў у Вугоршчыне ў эфіры беларускага радыё палітолаг Пётр Пятроўскі заявіў, што Віктар Орбан лідаруе практычна ўва ўсіх апытаннях і, найхутчэй, захавае ўладу. Гэта не адпавядала таму, што паказвала перадвыбарчая сацыялогія: да галасавання адны службы аддавалі перавагу дзейнаму прэмʼер-міністру, а іншыя — яго суперніку Петэру Мадзяру.

Кантэкст: На парламенцкіх выбарах у Вугоршчыне, якія прайшлі 12 красавіка, упэўнена перамагла партыя Петэра Мадзяра «Ціса». Віктар Орбан, які знаходзіўся ва ўладзе апошнія 16 гадоў, прызнаў паразу і павіншаваў суперніка з перамогай. Галасаванне праходзіла на фоне міжнародных скандалаў і абвінавачанняў у вонкавым умяшанні. Незадоўга да выбараў зʼявіліся запісы гутарак Віктара Орбана і кіраўніка МЗС Вугоршчыны Петэра Сіярта з Уладзімірам Пуціным і Сяргеем Лаўровым. З іх вынікала, што Будапэшт абмяркоўваў з Масквой сваю пазіцыю, у тым ліку па санкцыях і ўступленні Украіны ў ЕЗ. Сам Орбан, у сваю чаргу, вінаваціў ва ўмяшанні Кіеў і Брусель, якія, паводле яго словаў, імкнуліся змясціць яго з пасады.

9 красавіка 2026 года сакратар па ідэалогіі ЦК Камуністычнай партыі Беларусі і палітолаг Пётр Пятроўскі ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё заявіў, што перад выбарамі ў Вугоршчыне Віктар Орбан лідараваў па ўсіх асноўных сацыялагічных замерах. У адказ на пытанне вядоўцы Змітра Рубашнага, ці застанецца Орбан ва ўладзе, Пятроўскі адказаў:

«Тыя прагнозы, якія ёсць, — 48% кажуць “так”. Больш за тое, нават праплачаныя Еўрапейскім Звязам, заказаныя Еўрапейскім Звязам, прагнозы кажуць, што ў Орбана 36%, а ў “Цісы” — 32%. Унутрывугорскія апытанні кажуць, што ў Орбана 46–48%, у “Цісы” — 22–26%. <...> Таму, найхутчэй, Орбан захавае сваю ўладу».

Такое апісанне стварае ўражанне, што перадвыбарчая сацыялогія была адназначнай і незалежна ад крыніцы паказвала перавагу дзейнага прэмʼера. Аднак гэта не так. Да выбараў вынікі апытанняў істотна адрозніваліся ў залежнасці ад таго, хто менавіта іх праводзіў. Праўладныя сацыялагічныя службы сапраўды сцвярджалі, што Орбан лідаруе, а яго супернік адстае на 8–10 адсоткавых пунктаў.

Але службы, якія праводзілі замеры самастойна ці на замову вугорскіх апазіцыйных медыя, публікавалі процілеглыя вынікі. Паводле гэтых дадзеных, лідараваў ужо Петэр Мадзяр, а Віктар Орбан адставаў ад яго на шэсць, а часам і на 20 адсоткавых пунктаў.

На нявызначанасць паказвала і тое, што нават расейскія медыя, лаяльныя Орбану, прызнавалі адсутнасць выяўнага фаварыта на выбарах.

Дадатковую інтрыгу стварала і сама выбарчая сістэма. Вугорскі парламент фармуецца па змяшанай мадэлі: вялікая частка мандатаў размяркоўваецца ў аднамандатных акругах, дзе выбарцы галасуюць за пэўных кандыдатаў, а меншая — па партыйных спісах. Таму апытанні партыйных пераваг не давалі поўнага ўяўлення пра тое, як выбарцы прагаласуюць у акругах.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць