Антыфэйк / фактчэк

08 кастрычніка

БТ: Беларусь займае 6 месца ў свеце па плошчы раллі на душу насельніцтва. Спраўджваем, ці так гэта

Таксама ў сюжэце «Беларусь 1» не распавялі, наколькі эфектыўна выкарыстоўваюцца гэтыя землі. Каманда Weekly Top Fake знайшла гэтыя дадзеныя.

На тэлеканале «Беларусь 1» заявілі, што Беларусь — у сусветных лідарах па плошчы ворных зямель на душу насельніцтва. Каманда WTF праверыла, на якім месцы знаходзіцца нашая краіна і як змяніліся гэтыя паказнікі за апошнія 30 гадоў.

У праграме «Зразумелая палітыка» на тэлеканале «Беларусь 1» 23 верасня распавялі, як змена клімату ўплывае на ўраджаі ва ўсім свеце і павышае пагрозу голаду. Пры гэтым адзначылі, што Беларусі гэта не пагражае, паколькі яна знаходзіцца ў ліку лідараў па сельскагаспадарчых паказніках.

«Сёння ворныя землі — залаты фонд Беларусі, у прамым сэнсе гэтага слова. За паўстагоддзя ў свеце сярэдняя плошча раллі на душу насельніцтва скарацілася больш чым у два разы. Так, рэпрадуктыўнасць зямель павышаецца, але ў цэлым іх стала значна менш і дэфіцыт становіцца ўсё больш відавочным», — распавёў вядоўца Сяргей Гусачэнка.

Пасля закадравы голас працытаваў фрагмент артыкулу з сайта «SB.BY Беларусь сегодня»: «Беларусь — краіна, адносна невялікая па тэрыторыі. Але не такая ўжо і маленькая, як можа падацца. Па плошчы раллі на душу насельніцтва мы ўпэўнена ўваходзім у топ краінаў у свеце. Па гэтым паказніку амаль у 12 разоў апярэджваем Швейцарыю, у чатыры разы — Нямеччыну, удвая — Францыю... Прайграем Канадзе, Аргенціне, Расеі, Казахстану і крыху ЗША».

Журналісты БРЦ праверылі гэтую інфармацыю ў базе дадзеных FAO (Food and Agriculture Organization), харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН. Паводле апублікаванай там інфармацыі, Беларусь — 14-я ў гэтым рэйтынгу. Сярод іншых нашая краіна прайграе па гэтым паказніку Украіне, Літве і Латвіі.

Сярэдняя плошча ворных зямель на душу насельніцтва ў свеце за апошнія паўстагоддзя сапраўды скарацілася, аднак гэта адбылося не праз змяншэнне іх колькасці — доля ў агульнай плошчы нават вырасла, а ў выніку павелічэння колькасці насельніцтва Зямлі.

У Беларусі доля раллі ў агульнай плошчы зямель за апошнія 30 гадоў таксама знізілася. Аднак праз скарачэнне колькасці насельніцтва нашай краіны паказнік плошчы раллі на аднаго чалавека застаўся практычна нязменным.

Таксама ў сюжэце «Беларусь 1» не распавялі, наколькі эфектыўна выкарыстоўваюцца гэтыя землі. Каманда Weekly Top Fake знайшла гэтыя дадзеныя.

З пачатку 90-х ураджайнасць у Беларусі павышалася: з 27,2 ц/га ў 1990-м да 33 ц/га ў 2023-м. Аднак ужо другую пяцігодку (2021-2025 гады) не атрымліваецца дасягнуць пастаўленых мэтаў — сабраць 10 млн тон ураджаю збожжавых, з ураджайнасцю з аднаго гектара не ніжэй за 40 цэнтнераў. Мэту спачатку прапісалі ў дзяржпраграме «Аграрны бізнес» на 2016-2020 гады і, не дасягнуўшы (сярэдні паказнік склаў 7,5 млн тон і 35 ц/га), перанеслі на наступную пяцігодку.

Паводле папярэдніх дадзеных, у 2024-м годзе ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых складае каля 33 ц/га.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі