Антыфэйк / фактчэк

12 чэрвеня

Антырасейскае відэа на амерыканскіх тэлеканалах? Пра што насамрэч ролік, які паказалі па БТ

Паказаны ролік стварылі ў 2018 годзе і да Расеі ён не мае дачынення.

Захад падманвае ўвесь свет і вядзе вайну з Расеяй, заявіў кіраўнік тэлеканалу «Беларусь 1» Іван Эйсмант. Свае словы ён падмацаваў канкрэтным прыкладам — відэаролікам, які нібыта паказваюць амерыканскія тэлеканалы. Каманда Weekly Top Fake высветліла, пра што насамрэч відэа і калі яго знялі. 

Іван Эйсмант 31 траўня 2024 года ў перадачы «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1» паказаў, як менавіта, на яго думку, Захад падманвае ўвесь свет. 

«Захад дурыць увесь свет. Тую яго частку, якая не разумее, што адбываецца. Ёсць знакамітае відэа. Пачалі яны ваяваць з Расеяй і, натуральна, яны прыдумляюць пад гэта ідэалагічную аснову: Расея замахваецца на... Любімае слова якое ў іх? <...> Дэмакратыя. Гэта крытычна небяспечна для нашай дэмакратыі. Паглядзіце, што робяць у эфіры амерыканскія тэлеканалы», — распавёў Эйсмант.

Далей у эфіры паказалі відэа з нарэзкай фрагментаў перадач розных амерыканскіх тэлеканалаў, дзе вядоўцы паўтараюць адну і тую ж фразу: «Гэта крытычна небяспечна для нашай дэмакратыі». 

«Дарослыя мужчыны і жанчыны робяць выгляд, што гэта іх думкі. Насамрэч, [дзяржсакратара ЗША Энтані] Блінкена, або хто там у іх займаецца гэтым», — дадаў кіраўнік «Беларусь 1».

Паказаны ролік стварылі ў 2018 годзе і да Расеі ён не мае дачынення. Адна з найбуйнейшых медыякампаній ЗША, якая валодае або кіруе амаль дзвюма сотнямі тэлевізійных станцый, шэсць гадоў таму запусціла па сваіх тэлеканалах інфармацыйныя ролікі супраць фэйкавых паведамленняў. Яны падобныя, ва ўсіх ёсць адны і тыя ж словы: «Распаўсюджванне перадузятых і ілжывых навін стала занадта распаўсюджанай з'явай у сацыяльных сетках. Некаторыя прадстаўнікі медыяў выкарыстоўваюць свае платформы для прасоўвання сваіх асабістых перадузятасцяў і кантролю над тым, што думаюць людзі. Гэта надзвычай небяспечна для нашай дэмакратыі».

Гледачы заўважылі, што адзін і той жа тэкст гучыць на розных тэлеканалах. Хтосьці змантаваў з нарэзаных фрагментаў ролік. Менавіта яго і паказаў Іван Эйсмант.

Тады аўтараў інфармацыйнай кампаніі супраць фэйкаў абвінавацілі ў тым, што яны прасоўваюць тэзісы Дональда Трампа, які казаў пра «трывожную тэндэнцыю безадказных, аднабаковых навін». А цяпер Эйсмант убачыў у гэтым роліку яшчэ і супрацьстаянне з Расеяй.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі