Навіны

25 мая 2023

Лукашэнка зноў сустрэўся з Пуціным. БРЦ падлічыў, наколькі часцей палітыкі сталі бачыцца пасля ўварвання Расеі ва Украіну

Колькасць сустрэч палітыкаў за 2022 год стала рэкорднай як мінімум за 10 гадоў.

У чацвер, 25 траўня, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у рамках саміту ЕАЭС. Гэта ўжо 14-я сустрэча палітыкаў з пачатку ўварвання Расеі ва Украіну, падлічыў БРЦ на аснове звестак з сайта Лукашэнкі.
ЕАЭС Лукашенко, Путин, Токаев
Крыніца: Bai Xueqi / Xinhua News Agency / Forum

У мінулым годзе кіраўнікі дзвюх краін сустракаліся 11 разоў, адзін з якіх – яшчэ да 24 лютага. З пачатку 2023-га гэта ўжо чацвёрты кантакт. Большую частку сустрэч праводзілі ў Расеі, але ў снежні 2022-га Пуцін упершыню за тры гады прыехаў у Менск.

Колькасць сустрэч двух палітыкаў за 2022 год стала рэкорднай як мінімум за 10 гадоў. Для параўнання, у 2021-м такіх сустрэч было шэсць, у пандэмійным 2020-м – дзве, а ў 2019-м – пяць. У папярэднія гады Пуцін і Лукашэнка ў сярэднім сустракаліся чатыры разы на год – амаль у тры разы радзей, чым у год вайны. У гэтыя падлікі мы таксама ўключылі сустрэчы на міжнародных самітах.

На фоне росту колькасці кантактаў з прэзідэнтам Расеі, знізілася колькасць сустрэч Лукашэнкі з іншымі замежнымі лідарамі. З пачатку вайны ва Украіне, паводле падлікаў БРЦ, іх было толькі 12. Лукашэнка сустракаўся з кіраўнікамі Ірану, Зімбабвэ, Пакістана, Індыі, Кітая, Турцыі, Таджыкістана, Казахстану, Узбекістана і ААЭ. Да пратэстаў 2020 года геаграфія міжнародных кантактаў Лукашэнкі была куды шырэйшай. У 2019-м, напрыклад, ён 23 разы сустракаўся з замежнымі лідарамі, у тым ліку з Аўстрыі, Славакіі, Егіпта, Сербіі і Кубы. Акрамя таго, Лукашэнка сустракаўся з прадстаўнікамі ЗША, Вялікай Брытаніі, Японіі і краінаў ЕЗ.

Іншыя Навіны