«Пад «здраднай Радзіме» у дадзеным кантэксце можна разумець усё, што заўгодна. Ад каментара варожаму медыя да званка за мяжу. Цяпер за ўсё, што заўгодна тым, хто «служыць» пагражае смяротнае пакаранне», – заявіў Анатоль Котаў. Ён таксама зазначыў, што ахвярамі гэтага закона могуць стаць у тым ліку і тыя, хто за яго галасаваў. «Сярэднявечча поўнае. Парушэнне прысягі васала сюзерэну, які мае права караць і мілаваць. Ніякіх практычных вынікаў гэта не прынясе», – падзяліўся з намі сваім меркаваннем былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Котаў.
У папярэднім законе аб смяротным пакаранні ад 09.07.1999 вышэйшая мера таксама распаўсюджвалася на тых, хто здзейсніў злачынства, звязанае са «здрадай дзяржаве». Але для гэтага «здрада» павінна была быць спалучана з забойствам (арт. 356, ч. 2).
Да якой рэакцыі сярод чыноўнікаў гэта можа прывесці?
«Усе служачыя і так запалоханыя. Жыць у фармаце – яшчэ адзін дзень пражыты, не пасадзілі і добра. Сістэма з такімі метадамі сама сябе апускае ў італьянскую забастоўку – адсутнасці ініцыятывы», – падсумаваў Анатоль Котаў.
Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, у якой ужываецца смяротнае пакаранне. Гэтая практыка рэгулярна падвяргаецца крытыцы з боку Еўрапейскага звязу, АБСЕ і іншых міжнародных арганізацый.
9 сакавіка Лукашэнка падпісаў Закон аб узмацненні адказнасці за злачынствы супраць дзяржавы. Гэты закон уводзіць змены ў Крымінальны кодэкс Беларусі і прадугледжвае смяротнае пакаранне для асоб, якія знаходзяцца на дзяржаўных пасадах. Сярод іншага, пакараць смерцю іх прапануецца «за здраду дзяржаве».