У студзені і лютым польская памежная служба штомесяц спыняла каля 1400 спробаў перасячы мяжу, а ў сакавіку і красавіку – ужо 2500 і 2400 адпаведна. У траўні рост працягнуўся, паказнік амаль дасягнуў трох тысяч – гэта максімум за апошнія 18 месяцаў.
Да гэтага пік наплыву мігрантаў зафіксавалі ў кастрычніку 2021 года. Тады памежнікі выявілі больш за 17,5 тысяч спробаў незаконна перасекчы мяжу. У лістападзе хваля пайшла на спад і колькасць такіх спробаў зменшылася прыкладна да 9 тысяч. У снежні, верагодна, з-за надыходу халадоў і мер, якія прыняў Еўразвяз і Польшча, паток скараціўся да 1,7 тысячы. Усяго з пачатку 2021 года памежнікі спынілі 39,5 тысячы спробаў нелегальнага перасячэння мяжы.
За ўвесь 2022 год польскія памежнікі спынілі каля 15,5 тысяч спроб незаконна перайсці мяжу. Пры гэтым у верасні і кастрычніку мінулага гады назіраўся істотны рост у параўнанні з летнімі месяцамі.
Цяперашні наплыў нелегальных мігрантаў прадстаўнікі польскай пагранічнай службы звязваюць з надыходам цёплага надворʼя. Расследавальнікі БРЦ таксама даведаліся, што на гэты раз сітуацыю на мяжы Беларусі з ЕЗ «падаграе» Расея.
У гэтым годзе на беларуска-польскай мяжы былі затрыманыя мігранты з 42 краін: Эрытрэі, Індыі, Афганістану, Сірыі і іншых. Таксама польскія памежнікі выяўляюць тых, хто ўдзельнічае ў арганізацыі нелегальнай міграцыі. З пачатку 2023 г. такіх было 333 чалавекі.