Віталь Дрожжа, які з 5 красавіка 2018 па 5 траўня 2022 года займаў пасаду міністра лясной гаспадаркі Беларусі, значыцца начальнікам аднаго з падраздзяленняў Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» — лесапаляўнічай гаспадаркі «Выганаўскае». Пры гэтым у красавіку летась чыноўніка затрымалі, а ў студзені сёлета — судзілі за хабар у асабліва буйным памеры. Экс-міністра прысудзілі да 7 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму і пазбавілі права займаць кіруючыя пасады на 5 гадоў.
12 студзеня 2023 года дзяржаўныя медыі пісалі, што да Віталя Дрожжы ўжылі амністыю — скарацілі тэрмін на адзін год. Акрамя таго, яму залічылі ў тэрмін асноўнага пакарання час, праведзены пад вартай да суда — па нашых падліках, прыкладна 270 з лішнім дзён. Дзень пад вартай лічылі як паўтара пазбаўлення волі. То бок, гэта паменшыла тэрмін яшчэ крыху больш чым на год. На момант публікацыі экс-міністру засталося б сядзець яшчэ каля 4,5 года.
Віталь Дрожжа таксама атрымаў штраф 2 тыс. базавых велічынь або 74 тыс. беларускіх рублёў. Як паведаміў журналістам дзяржабвінаваўца, асуджаны «заплаціў даход, атрыманы злачынным шляхам».
Следства кажа, што чыноўнік атрымліваў хабар з кастрычніка 2020-га да красавіка 2022-га ад заснавальніка і дырэктара замежнай кампаніі за ўказанне падначаленым супрацоўнікам Мінлясгаса і лясгасаў купляць сушыльныя комплексы для сушкі пілапрадукцыі толькі ў растэрміноўку. На такіх умовах іх прадавала толькі згаданая вышэй кампанія. Па сцвярджэннях следства, грошы былому міністру перадавалі тройчы — па $10 тыс. Яшчэ адну суму — €9, 2 тыс. Дрожжа атрымаць не паспеў.
14 верасня незалежныя медыі паведамілі, што былы чыноўнік мог выйсці на волю, не адбыўшы тэрмін цалкам. Прамых доказаў гэтаму не прыводзілася, аднак крыніца «Белсата» распавяла, што ў калонію, дзе адбываў пакаранне Віталь Дрожжа, прыязджала камісія па памілаванні. Пасля гэтага зняволенага адпусцілі на спатканне. Назад ён не вярнуўся.
Таксама журналістка пад выглядам жонкі былога сукамерніка патэлефанавала сыну Віталя Дрожжы і папрасіла аб сустрэчы з ім. Ён не пацвердзіў і не абверг, што бацька выйшаў на волю. Але папрасіў нумар тэлефона і сказаў, што ператэлефануе, калі даведаецца, ці будзе гэта магчыма.
Мы паспрабавалі звязацца з Віталём Дрожжам па нумары, прапісаным на сайце Белавежскай пушчы, каб спытаць, як яму ўдалося выйсці датэрмінова і заняць кіруючую пасаду насуперак прысуду. Аднак на працягу працоўнага дня ніхто не здымаў слухаўку.