Навіны

02 чэрвеня 2023

Пазыкі беларусаў перад банкамі растуць дзявяты год запар. Расказваем, колькі грамадзяне вінныя па крэдытах

Беларусы вінныя банкам амаль палову гадавога бюджэту краіны.

Агульная сума запазычанасці жыхароў Беларусі перад банкамі дасягнула рэкордных 17,5 млрд. рублёў. БРЦ прааналізаваў дадзеныя Нацбанку і прыйшоў да высновы, што доўг расце як мінімум дзевяць гадоў запар.
Банкі Беларусь
Крыніца: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

З 2015 года беларусы пазычылі пад працэнты і павінныя вярнуць прыкладна 11,2 млрд. рублёў. А агульная сума запазычанасці перад банкамі наблізілася да паловы бюджэту краіны.

Больш за ўсё – амаль на 2,56 млрд рублёў – пазыкі выраслі ў 2018 годзе. У 2021-м тэндэнцыя пачала запавольвацца. За год запазычанасць павялічылася ўсяго на 779,5 млн рублёў. Гэта можа быць звязана з рынкам спажывецкага крэдытавання. У пачатку сакавіка 2022 года банкі ўводзілі істотныя абмежаванні для фізічных асоб па атрыманні спажывецкіх крэдытаў. Акрамя таго, з 1 сакавіка 2022 года стаўка рэфінансавання Нацбанку вырасла з 9, 25% да 12% гадавых, што павялічыла стаўкі па спажывецкіх крэдытах.

У 2023 годзе, пасля зніжэння ключавой стаўкі (пад яе Нацыянальны банк выдае крэдыты крэдытным арганізацыям), пазыкі фізічных асоб зноў выраслі – са студзеня па травень на 583 млн рублёў. Для параўнання – за ўвесь папярэдні год запазычанасць па крэдытах павялічылася на 519 млн.

Пры гэтым у некаторыя месяцы, напрыклад, у пачатку мінулага года, беларусам удавалася крыху зменшыць запазычанасць, але ў далей паказнік зноў вырастаў.

Іншыя Навіны