Навіны

19 чэрвеня 2023

У 2022 годзе «Беларусьгандаль», які належыць кіраўніцтву справамі Лукашэнкі, атрымаў больш за 200 дзяржкантрактаў на рэкордныя 1 млн рублёў

Як падлічыў БРЦ, гэта рэкорд як мінімум за сем гадоў.

Дзяржаўнае прадпрыемства «Беларусьгандаль», якое належыць кіраўніцтву справамі Аляксандра Лукашэнкі, за 2022 год атрымала 204 дзяржаўныя кантракты. Як падлічыў БРЦ, гэта рэкорд як мінімум за сем гадоў.

Да максімальнага значэння вырасла і агульная сума ўсіх атрыманых тэндараў – больш за адзін мільён беларускіх рублёў. Колькасць атрыманых кантрактаў пачала расці ў 2021 годзе, у год адстаўкі з пасады кіраўніка справамі Лукашэнкі Віктар Шэймана. Тады кампанія атрымала 50 дзяржкантрактаў на 254 тысячы рублёў.

Для параўнання, у 2020 годзе заключылі 22 дзяржаўныя кантракты. Зрэшты, тады агульная сума наблізілася да 500 тысяч рублёў – за кошт дамовы памерам у 328 тысяч рублёў на пастаўку лыжаў для Берасцейскага абласнога цэнтру забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый.

Тэндэнцыя захоўваецца і сёлета. «Беларусьгандаль» за няпоўныя паўгода атрымаў 79 дзяржкантрактаў на амаль 200 тысяч рублёў. Сярод тавараў дамінуюць вада, лыжы і рознае лыжнае абсталяванне. Алкаголю і цыгарэт, на якіх таксама спецыялізуецца «Беларусьгандаль», сярод публічна даступных дзяржкантрактаў няма.

Агульная сума выйграных тэндараў з 2015 года перавысіла 2,2 млн. рублёў. Пры гэтым больш за палову кантрактаў заключылі ў рамках неканкурэнтных працэдур закупаў у адзінага пастаўшчыка.

Як раней пісаў БРЦ, менавіта «Беларусьгандаль» зарабляе на пастаўках у Беларусь італьянскага алкагольнага напою Aperol, які ў нашай краіне не прадаваўся амаль шэсць гадоў.

Іншыя Навіны