Навіны

12 ліпеня 2023

Беларускія вайскоўцы закупляюць трэнажоры для навучання стральбе з савецкага супрацьтанкавага ракетнага комплексу

Паставяць трэнажоры ў дзве вайсковыя часці.

Міністэрства абароны Беларусі выдзеліла 600 тысяч рублёў на закуп трох трэнажораў па навучанні пуску ракет з супрацьтанкавых комплексаў. Такі тэндар БРЦ знайшоў на партале дзяржаўных закупаў.

Беларускіх вайскоўцаў плануюць навучыць страляць з СТРК «Фагот». Згодна з дакументацыяй, Мінабароны патрэбныя паўнавартасныя навучальныя трэнажоры, якія імітуюць працу ў розных кліматычных умовах і тыпах ландшафту. Сістэма павінна задаваць практыкаванні, фіксаваць памылкі і перахапляць кіраванне для дэманстрацыі правільнай стральбы.

Сярод задач пералічаныя выведка, выяўленне, распазнанне і выбар найбольш важных цэляў, а таксама пуск ракет і знішчэнне рухомых цэляў на дыстанцыі ад 75 да 4000 метраў.

Паставяць трэнажоры ў дзве вайсковыя часці – 71327 у Віцебскай вобласці і 89417 у Менскай вобласці, і ў Ваенную акадэмію Беларусі ў Менску.

Гэтыя СТРК паступілі на ўзбраенне Савецкага саюзу яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзі. З тэндарнай дакументацыі вынікае, што беларускіх вайскоўцаў навучаць стральбе з комплексу «Фагот» мадыфікацыі 9П135М, якая была распрацавана ў пачатку 90-х. Пры гэтым страляць будуць ракетамі 9М111 – гэта самая першая версія ракет, якая выкарыстоўваецца ўжо больш за 50 гадоў.

Таксама мяркуецца навучыць беларускіх вайскоўцаў стральбе ракетамі для іншага савецкага СТРК – «Конкурс». Украінскія ваенныя эксперты паведамлялі, што войска РФ атрымлівае знятыя з захоўвання «Конкурсы» з масай дэфектаў.

Іншыя Навіны