Навіны з Чалым

06 верасня

Ці пойдзе Лукашэнка на выбары і што значаць акрабатычныя эцюды беларускіх вайскоўцаў ля мяжы з Украінай

Першы выпуск новага сезону: разбор апошніх навінаў Беларусі з Сяргеем Чалым.

Аляксандр Лукашэнка рыхтуе паплечнікаў да свайго сыходу з пасады прэзідэнта. Аперацыя УСУ ў Курскай вобласці паказала, якім чынам Расея будзе абараняць Беларусь як хаўрусніка. Коратка цытуем каментары незалежнага эканамічнага эксперта Сяргея Чалага да галоўных падзей апошніх дзён з праграмы «Навіны з Чалым».
Змест
00:00 Білбордная в*йна
01:10 «Хвіліна зацягнулася гадоў на трыццаць»
01:20 Адказы на пытанні спецыяльна адобраных грамадзянаў
04:00 Хаос у знешняй палітыцы
06:50 На Лукашэнку ціснуць

Аляксандр Лукашэнка і выбары 2025 года

«На чым была заснаваная мая здагадка, што Лукашэнка не пойдзе на выбары? Па-першае, ён так і не перажыў псіхалагічную траўму 2020 года. Па-другое, яму даўно і лянота, і цяжка займацца мікрамэнеджментам. <...> Больш за тое, юрыдычны механізм сыходу ўжо даўно выбудаваны. <...>

Нядаўна Лукашэнка выклікаў новую хвалю спекуляцыяў, сваімі адказамі на пытанні спецыяльна адабраных грамадзянаў. "Я ўжо публічна пачынаю казаць усім вам: вы павінны прывыкаць да таго, што прэзідэнт будзе іншы". <...>

Ёсць цэлых тры прынцыпова новых моманты. Першае — "вы павінны прызвычайвацца", гэта класічнае кіраванне чаканнямі. Маўляў, рыхтуйцеся. Другое — "публічна пачынаю казаць усім вам" азначае, што раней гэта прагаворвалася непублічна. <...> І трэцяе — рыхтуем змену. Да гэтага Лукашэнка таксама паказваў на магчымых пераемнікаў, але ў зусім іншым ключы». 

Лукашэнка з Пуціным спіна да спіны

«Хтосьці па неспрактыкаванасці думаў, што выраз "спіна да спіны" азначаў выкананне свайго саюзніцкага доўгу па абароне агульных межаў. А вось не. А насамрэч гэта азначала акрабатычныя эцюды беларускіх вайскоўцаў каля ўкраінскай мяжы. <...>

То мы бачым пагрозу з боку Украіны, то не бачым. То мы падводзім войскі, то мы праз некалькі дзён адводзім войскі. То прыводзім у поўную баявую гатовасць, то выводзім з поўнай баявой гатовасці.

"Чувак, я ж абяцаў, што я табе дапамагу. Бачыш, дапамагаю. Сяджу дома, мітушуся"».

Абарона Курскай вобласці — спойлер абароны Беларусі

«Марнымі апынуліся ўсе спробы Расеі прадставіць гэтую вайну як святую і ўсенародную. Таму што ў галоўным украінцы пралічыліся. У разліку на тое, што палітычнаму класу Расеі сваё ўласнае насельніцтва і ўласныя тэрыторыі неабыякавыя. 

Мы ўбачылі два віды рэакцыі. Першая — бамбіць сваю ўласную тэрыторыю. Авіяцыйнымі бомбамі за Курскую вобласць бамбіць Курскую вобласць. І другая крайнасць — стаўленне да таго, што здарылася, як да стыхійнага бедства. Як кажа Пуцін:"У памежных рэгіёнах Расеі склалася пэўная сітуацыя, але гэтая правакацыя абавязкова праваліцца". Звярніце ўвагу на ўжыванне залежнага стану».

Аляксандр Лукашэнка скардзіцца на ціск

«Гэта адно з самых каштоўных прызнанняў Лукашэнкі на маёй памяці. Што на нас ціснуць не з многіх, вядома, бакоў, а з тых самых двух. <...> Адзін, пазіцыя якога зводзіцца да таго: на каго ты нас кідаеш, мы, прычым ужо не ў шырокім, а ў вузкім сэнсе, без цябе знікнем. А другая ўмоўная партыя — "здароўе важней за ўсё".

Пазіцыя першай натуральным чынам азначае працяг палітыкі рэпрэсій, закручванне гаек і ператварэнне ў ізгояў разам з Расеяй назаўжды. 

А пазіцыя другой прадугледжвае сыход Лукашэнкі на супакой, адграбанне ад Расеі, нармалізацыю стасункаў з Захадам і вызваленне палітвязняў».