Навіны з Чалым

Учора

Чаго баіцца Лукашэнка і якія абавязкі з'явіліся ў работнікаў БЧ

Рэакцыя на інтэрв'ю Зяленскага і пошукі ворагаў Радзімы — разбор апошніх навін Беларусі з Сяргеем Чалым.

Саўмін прыняў пастанову, згодна з якой могуць прызнаць, што дзеці бацькоў, якія прыцягваліся па «палітычных» артыкулах, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. За апошнія месяцы колькасць асуджаных за здраду дзяржаве вырасла ў два разы. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.
Змест
00:00 Лукашэнка папрасіў прабачэння?
02:00 У Мікалая Лукашэнкі ёсць нумар Зяленскага
03:00 Удар па НПЗ
08:00 Навагодні зварот Лукашэнкі
09:30 Транзіт улады

Новы змест старой размовы

«Сама па сабе размова [Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Зяленскім у першыя дні поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну] — не навіна. Новы ў яе толькі змест. Пра гэтую размову распавядаў сам Лукашэнка на тым самым знакамітым пасяджэнні Рады бяспекі 1 сакавіка 2022 года, дзе ён паказваў на карце, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад.

Праўда, яго версія моцна адрознівалася ад версіі [прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі] Эйсмант: “Велізарную ролю ва ўсталяванні кантактаў з Зяленскім <...> згуляў вядомы ўсім нам Яўген Шаўчэнка". Шаўчэнка — гэта дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, вядомы сваімі пралукашэнкаўскімі поглядамі. "Я яго вымушаны быў назваць "палітычным тэрарыстам". Ён цэлую ноч тарпедаваў ўсіх маіх памочнікаў, Службу бяспекі. Але калі яму сказалі "ну колькі можна, хопіць<...> ", ён выйшаў на майго меншага сына па тэлефоне. Аказваецца, калісьці яны абмяняліся тэлефонамі. Ён і яго знайшоў ноччу" [распавёў Лукашэнка].

Увогуле не выйграў, а прайграў, не ў латарэю, а ў казіно».

Ад «адкажам» да «не чапай мяне»

«А цяпер хутка пераматаем увесь гэты час, які Лукашэнка займаўся псіхалагічнай саматэрапіяй, да моманту, калі сам Зяленскі [ў інтэрв'ю навукоўцу і блогеру Лексу Фрыдману, апублікаваным 5 студзеня] нагадаў яму пра гэтую размову. І як адрэагаваў Лукашэнка? Зусім не так, як нават меркавала Эйсмант.

Падчас наведвання храма Мікалая Цудатворца на Раство Лукашэнка сказаў: "І вы ведаеце, ім жа цісне. Там цісне. Вось трэба і нас уцягнуць у гэтую вайнушку. Чаму Валодзя Зяленскі сябе так паводзіць? Мы ж нармальна з ім былі, у добрых адносінах. І мая маленькая сям'я таксама. Чаго ён вякае, чаго яму не хапае? Яму даюць каманду. Трэба ўсяляк рабіць усё, каб уцягнуць краіну ў вайну. Калі нас уцягнуць у вайну, гэта цяжкая сітуацыя. Мы можам не вытрымаць як дзяржава".

У 2022 годзе — неадкладна адкажам па цэнтрах прыняцця рашэнняў. У 2025-м — Валодзя, ну навошта ты так? Не чапай мяне і маю маленькую сям'ю, а то ў мяне тут усё пасыплецца».

Спячыя ячэйкі і здраднікі радзімы

«Вось гэта "можам не вытрымаць як дзяржава", падобна, новы страх Лукашэнкі. “Мы ўсё зробім у наступнай пяцігодцы, каб нашая краіна назаўжды забылася праблему захавання сваёй дзяржаўнасці. Наша краіна заўсёды будзе дзяржавай". Дзяржава — гэта сістэма ўлады ў краіне. За яе — сваю ўладу — Лукашэнка і баіцца.

Страх, які абвастрыўся, тлумачыць і ўзмацненне рэпрэсій у краіне. Тут і новая хваля звальненняў на "Беларуськаліі" і "Беларуснафты" па палітычных матывах. На прадпрыемствах, якія і так ужо вычышчаныя дашчэнту і дзе работнікаў ужо не хапае.

Тут патрабаванні заплаціць за данаты па новым коле. Тут і масавыя затрыманні ўдзельнікаў дваровых чатаў па ўсёй краіне. Нават па малалікіх дадзеных можна меркаваць, што гаворка пра сотні чалавек. 

Як сказаў супрацоўнік Генпракуратуры Валерый Шуляк: "Артыкул досыць сур'ёзны, я не буду яго агучваць сёння для захавання таямніцы следства, але да 15 гадоў пазбаўлення волі".

"Вясна" ўдакладняе, што гаворка ідзе пра артыкул 357 "Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады". А калі справа тычыцца дзяржслужачага, то гаворка ўжо ідзе пра артыкул 356 "Здрада дзяржаве", па якой прадугледжана пакаранне аж да смяротнай кары. Паводле інфармацыі "Вясны", за некалькі апошніх месяцаў колькасць толькі асуджаных за здраду дзяржаве вырасла ўдвая. Калі ты сам сябе палохаеш спячымі ячэйкамі, нядзіўна, што ты абавязкова знойдзеш здраднікаў радзімы, як падчас старога добрага сталінізму».

Пра замежных шпіёнаў і шкоднікаў

«Згодна з новай пастановай Саўміна, "спіс прычын, па якіх могуць прызнаць, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дапоўнілі новымі пунктамі. Сярод прычын — прыцягненне бацькоў да адміністрацыйнай адказнасці па "палітычных" артыкулах". Ды чаго драбязніцца? 

Увядзіце ўжо статус чальца сям'і здрадніка радзімы. Прычым уяўных ворагаў стала настолькі шмат, што з іх пошукам не спраўляюцца карныя органы і творчыя работнікі. Даводзіцца прыцягваць пільных грамадзян.

Супольнасць чыгуначнікаў паведамляе, што работнікаў чыгункі абавязалі паведамляць у міліцыю пра фатографаў і падазроных замежнікаў. І зноў. Чаго саромецца? Дайце ўжо канкрэтныя інструкцыі для грамадзян па выяўленні замежных шпіёнаў і шкоднікаў».