Выбары вырашылі правесці раней
«23 кастрычніка Палата прадстаўнікоў ухваліла прапанову Цэнтрвыбаркаму прызначыць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі на 26 студзеня 2025 года.
Гэтая дата адметная не толькі тым, што яна не супадае з выцекамі, якія публікаваў BelPol. Выбары вырашылі правесці на месяц раней. І гэта цяжка патлумачыць рэакцыяй на зліў першапачатковых планаў. У гэтым выпадку лагічна было выбары правесці пазней, а не раней. Як гэта было, напрыклад, з датай уварвання ва Украіну ў 2022 годзе.
Тым больш складана гэта растлумачыць традыцыйным прыёмам Лукашэнкі: застаць апазіцыю знянацку. За адсутнасцю такой у Беларусі.
26 студзеня <...> — самая блізкая магчымая дата выбараў. <...> Гэта першая нядзеля праз тры месяцы, прызначаных для выбарчай кампаніі».
Пра канец пяцігодкі і зручнасць выбарнікаў
«Кідаецца ў вочы абсалютная бездапаможнасць уладаў у спробе растлумачыць, чаму абраная гэтая дата.
Старшыня Цэнтрвыбаркаму Ігар Карпенка [сказаў]: "У 2025 годзе заканчваецца рэалізацыя пяцігадовага плану сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым неабходна прааналізаваць вынікі і вызначыць далейшы стратэгічны курс развіцця краіны". <...>
Пяцігодка заканчваецца ў канцы 2025-га. <...> А спроба растлумачыць выбар даты выгодай для выбарнікаў, маўляў, адпачынкаў няма, святаў, прывяла да <...> смешнага ляпу дэпутата [Алега] Гайдукевіча: "Лічу, што гэтая дата аптымальная. Таму што што ў нас ідзе пасля студзеня? Красавік, травень".
Пры гэтым яшчэ нядаўна спецыяльна выцягнутая з нябыту Лідзія Ярмошына, спасылаючыся на аўтарытэт Сталіна, сцвярджала, што найлепшы час для правядзення выбараў — гэта сакавік або лістапад».
Раптоўнае рашэнне — Лукашэнка ідзе на выбары
«Лагічней было б зрабіць гэта [правесці выбары] 22 кастрычніка, калі ўсе дэпутаты былі на месцы, а не збіраць пазачарговае пасяджэнне. Гэта азначае, што паміж зваротам Цэнтрвыбаркаму і яго разглядам дэпутатамі прайшлі лічаныя гадзіны.
Гэта значыць здарылася нейкая нешэраговая падзея, якая ўжо дакладна не тлумачыцца ні раптоўным заканчэннем пяцігадовага цыклу эканамічнага планавання, ні адпачынкамі і святамі, ні зімовымі халадамі.
І самае галоўнае, у гэты ж дзень Лукашэнка ў інтэрв'ю Скабеевай сказаў, што ён будзе ўдзельнічаць у выбарах: <...> "Так, Воля, пайду на выбары прэзідэнта. Калі вось Эйсмант і прыхільнікі мае скажуць, што гэта трэба. А яны ж, вядома, скажуць".
Гэта значыць здарылася нейкая падзея, якая прымусіла прыняць раптоўнае рашэнне не толькі ўдзельнічаць у выбарах, але і правесці іх максімальна хутка».
Ці нешта здарылася, ці адно з двух
«Паспрабуем паспекуляваць пра тое, якая падзея магла прывесці да такой рэзкай змены планаў. Відавочна гаворка не ідзе пра нешта з вобласці ўнутранай палітыкі па прычыне поўнай адсутнасці такой. Наўрад ці можна ўявіць сабе нешта і з вобласці міжнароднай палітыкі. Хоць бы таму, што працэсы там не адбываюцца раптоўна, а доўгія трэнды не разгортваюцца так хутка. І тым больш не адбываюцца так хутка працэсы ў эканоміцы. Прынамсі ты не даведаешся пра іх так раптоўна. <...>
Метадам выключэння, я б пакінуў дзве працоўныя гіпотэзы: "Ці нешта здарылася, ці адно з двух". Адно з двух — гэта настолькі сур'ёзнае пагаршэнне прагнозу аб стане здароўя, што выбары трэба праводзіць тэрмінова. У гэтым выпадку лагічней было б чакаць акурат варыянту паскоранага транзіту ўлады — перадачы яе пераемніку. <...> Ну, і другі, які я магу сабе ўявіць, — Лукашэнку стала вядома пра планы Расеі па рэзкай эскалацыі сітуацыі, прычым не толькі ва Украіне. Чаму Расеі? Таму што ніхто акрамя Расеі не стаў бы дзяліцца з ім сваімі планамі.
Эскалацыя можа здарыцца ў пачатку наступнага [года], верагодна, не пазней лютага. І пры гэтым яна павінна мець такі характар, што Лукашэнка не можа перадаць сваю пасаду каму-небудзь яшчэ. Акурат у дзень прызначэння выбараў, 23 кастрычніка ў Беларусь на перамовы прыехаў міністр абароны Расеі Андрэй Белавусаў».