«Оскар» для Лукашэнкі па сукупнасці заслугаў
«Экс-дыпламат Павел Мацукевіч у сваім тэлеграм-канале пракаментаваў уручэнне Лукашэнку вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Расеі — ордэна святога апостала Андрэя Першазванага.
"У святле прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў Беларусі, такі прыём, аказаны Лукашэнку ў Расеі, азначае згоду Масквы на новы тэрмін свайго хаўрусніка, але хто б у гэтым сумняваўся, каб ператвараць відавочнае ў аналітычную выснову"[, — напісаў Мацукевіч].
Па-першае, гэта наогул не відавочна. Па-другое, ніякай аналітычнай высновы пра падтрымку Лукашэнкі на выбарах з гэтага факту не вынікае. Перафразуючы Мацукевіча, у святле таго, што ўзнагароджанне было прымеркаванае да 70-гадовага юбілею Лукашэнкі, хутчэй, можна зрабіць аналітычную выснову, што ўзнагароджваць трэба было проста цяпер. Да наступнага юбілею Лукашэнка можа і не дажыць.
Найбліжэйшы аналаг — узнагароджанне прэзідэнта Азербайджану Гейдара Аліева тым жа ордэнам 10 траўня 2003 года з нагоды яго 80-годдзя. А праз пяць месяцаў Аліева не стала. І ў гэтым сэнсе тое, што адбылося, нагадвае атрыманне ганаровага "Оскара" па сукупнасці заслуг акцёрам або рэжысёрам у састарэлым узросце. Ці больш блізкія прыклады ўзнагароджання дзяржаўнымі прэміямі, званнямі і іншымі рэгаліямі з нагоды завяршэння кар'еры».
Сістэма заточваецца пад сыход шэфа
«[Вядоўца тэлеканалу АНТ Ігар] Тур не столькі ацэньвае верагоднасць змены Лукашэнкі, а апісвае сцэнар, як гэта адбудзецца: "І гэта будзе аб'ектыўна моцна перашкаджаць другому прэзідэнту праводзіць сваю палітыку. Нават калі гэтая палітыка будзе лагічным працягам палітыкі першага прэзідэнта. А менавіта так, напэўна, і будзе. І нават калі другі прэзідэнт будзе бласлаўлёны палітычна першым ці нават названы прамым пераемнікам".
І ўжо для зусім някемлівых ён [Ігар Тур] разжоўвае: "Вы ўсе працуеце ў калектывах, вось уявіце, што вашага любімага шэфа адпраўляюць на павышэнне або ў нейкую іншую арганізацыю".
Калі прыбраць усе гэтыя вымушаныя агаворкі "вось уявіце сабе", "нават калі", то што застаецца ў сухім астатку? Рыхтуйцеся ў літаральным сэнсе да пераемніка, прадаўжальніка курсу, прызначанага самім Лукашэнкам. Які ў сваю чаргу сыходзіць, толькі ўжо не ці, а і ў іншую арганізацыю, і на павышэнне.
І вы нават здагадваецеся, што гэта за арганізацыя. Вось гэты сыход Лукашэнкі ў УНС на павышэнне, дарэчы, абвяргае адзін з двух тэзаў Тура аб чынніках будучага крызісу. Пра тое, што сістэма заточаная пад Лукашэнка. Яна даўно заточваецца пад сыход Лукашэнкі».
Пра паравоз, які трэба паставіць на рэйкі, каб дзеці не павярнулі
«І вось цяпер, пасля ўсяго сказанага, зусім па-іншаму гучаць словы Лукашэнкі, якія многія [успрынялі], на першы і неспрактыкаваны погляд, як тэзы яго выбарчай кампаніі. Падчас паездкі на гістарычную радзіму ў Шклоўскі раён ён кажа пра неабходнасць навесці парадак у краіне: "Нам трэба паравоз паставіць на патрэбныя рэйкі і штурхнуць, каб дзеці не маглі павярнуць яго 10-15 гадоў". <...>
Пра што ён турбуецца тут? Ён пра пераемнасць і непакоіцца. Пра тое, каб пераемнік захаваў яго курс на 10-15 гадоў, а не пра свой удзел ці няўдзел у выбарах, не кажучы ўжо пра перамогу ў іх».
Вяселле без нявесты
«Дарэчы, пра ўдзел Лукашэнкі ў выбарчай кампаніі. Ці, дакладней, у тым, што многія за такую прымаюць. Гаворка ідзе пра славуты "Марафон адзінства", які будзе гастраляваць як мінімум па 14 гарадах Беларусі.
Народныя гулянні ў звыклым стылі агратрэшу, на якіх весяляцца нейкія іншыя Лукашэнкі. Мікалай Лукашэнка з фартэпіяннымі канцэртамі. Ганна Лукашэнка, раней <...> вядомая як Ганна Сялук, — арганізатар усяго гэтага фестывалю трыадзінства традыцый.
А дзе галоўны Лукашэнка? Складваецца такое адчуванне, што мерапрыемства замоўлена, аплочана, а нагода так і не здарылася. Але не знікаць жа дабру. Таму вальсуем! Як называецца ў народзе, вяселле без нявесты».