Беларусь паказала б Расеі, як абараняць межы, але ёсць праблема
«Пакуль паказаць Расеі прыклад, як трэба правільна абараняцца, не атрымліваецца. "Шахеды" не толькі лётаюць у Беларусь, як да сябе дадому, але нават пралятаюць яе наскрозь. Збілі з іх толькі адзін, астатнія ўпалі самі.
І самае галоўнае, беларускія ўлады старанна замоўчваюць нацыянальную прыналежнасць беспілотнікаў. Што, увогуле, правільна. Таму што "Шахеды", як тэрарызм, нацыянальнасці не маюць.
Чаму важная гэтая гісторыя з "Шахедамі"? Таму што яна наглядна паказвае цану галоўнага абяцання Лукашэнкі — забяспечыць мірнае неба над галавой. Галоўнае, таму што з усім астатнім не атрымалася».
Беларуская дзяржава — вынік заканамернага працэсу, які ішоў тысячагоддзямі
«Сутнасць канцэпцыі гэтага тысячагадовага царства складаецца ў тым, што ўсе беларусы на працягу ўсёй гісторыі, самі таго не ведаючы, будавалі тое, што стала сучаснай беларускай дзяржаўнасцю з яе цяперашняй ідэалогіяй. <...>
І ў гэтым сэнсе гэта ўжо не столькі гістарычная канцэпцыя. Гэта гісторыясофская канцэпцыя. Калі гісторыі гвалтоўна прыпісваюць мэтапакладанне. <...> Што той выродлівы будынак, які яны пабудавалі, з'яўляецца адзіна магчымым. А ў суаўтары твору запісваюцца ўсе продкі.
Памятаеце Лукашэнка прасіў апісваць гісторыю не як дзеянне правадыроў, а як заслугу народу? Яны гэта і выканалі. Нацыянальны характар фармаваўся тысячу гадоў і проста ўвасобіўся ў народным героі. Самім Лукашэнку. І ні ў кім іншым увасобіцца не мог».
Пра секту сведак 83% і рай на зямлі, з якім не склалася
«Так незаўважна іх гісторыя становіцца боганатхнёнай. <...> У выніку мы маем міленарысцкую секту. Тое, што я называў у сваіх разборах палітычнага багаслоўя — секта сведак 83%.
Калі вы будуеце ерэтычнае багаслоўе, то, па законах жанру, гісторыя на гэтым сканчваецца. Сам час на гэтым сканчваецца. Па ідэі, павінен быў наступіць рай на зямлі, але з раем на зямлі неяк не склалася. Але галоўнае, што чалавечая місія героя завершаная. Ён павінен нас пакінуць падобна іншым міфічным героям. Ну, як Геракл, напрыклад, які добраахвотна ўзышоў на пахавальнае вогнішча.
Гэта значыць, увага, нават у адпаведнасці з іх уласнай канцэпцыяй атрымліваецца, што Лукашэнка затрымаўся. Як мінімум на пасадзе».
Выбары павінны скончыць фармаванне абноўленай палітычнай сістэмы
«Як разумець завяршэнне фармавання абноўленай палітычнай сістэмы? Лукашэнка фактычна тлумачыць. УНС — гэта захавальнік палітычнага курсу. Корпус беларускай дзяржаўнасці. На УНС адбываецца абарона прэзідэнцкай праграмы і толькі потым выбары.
У ідэале, нагадаю, меркавалася яшчэ і абранне прэзідэнта на УНС. Памятаеце, як Лукашэнка бедаваў, што на такое змяненне Канстытуцыі не адважыліся.
Але каторы раз паўтару: уся гэтая канструкцыя мае хоць нейкі сэнс, калі галоўны захавальнік курсу і прэзідэнт — гэта розныя людзі».