Транзіт улады праз УНС усё яшчэ разглядаюць
«Ігар Карпенка, кіраўнік Цэнтрвыбаркама, то бок той, хто арганізоўваў гэтыя выбары, зрабіў нечаканую заяву. У тэлевізійнай праграме "Маркаў. Нічога асабістага", дзе гэты самы Маркаў задае пытанне: "Ваша меркаванне пра пытанне абрання прэзідэнта праз унікальны Усебеларускі сход?" Карпенка адказвае: "У гэтым плане кітайская сістэма больш шчырая перад сваімі грамадзянамі, выбарнікамі. Там Камуністычная партыя сказала, што яна адказная за лёс краіны. Яна — накіравальная сіла. Таму цалкам магчыма абмяркоўваць гэтыя пытанні".
Як па мне, гэта гучыць прыкладна так: чым кожны раз маляваць завоблачныя адсоткі тых, хто прагаласаваў, пры неіснуючай яўцы, давайце ўжо будзем абіраць прэзідэнта на з'ездзе. Так будзем больш сумленнымі і ў дачыненні да выбарнікаў, і да тых, хто вымушаны гэтым усім займацца.
Такая заява ў духу "божа, якой бздурай мне даводзіцца займацца" азначае дзве рэчы. Першае: нават пасля закончанага электаральнага фарсу пытанне транзіту ўлады з дапамогай УНС па-ранейшаму разглядаецца ў якасці рабочага і, здаецца, стала яшчэ больш актуальным. Звярніце ўвагу, як тыя ж аналітыкі, якія яшчэ некалькі месяцаў таму называлі такі варыянт непраўдападобным, цяпер разглядаюць яго не толькі як магчымы, але і пажаданы. Уласна, такі лёс любой арыгінальнай думкі. Патрабуецца некаторы час, каб прайсці ад стадыі "якая лухта" да стадыі "не, ну гэта ж усім відавочна".
І другая выснова (не новая, але ў якой я яшчэ больш умацаваўся) — для Лукашэнкі і сама працэдура была некамфортнай, і палёгка пасля яе не наступіла. Вось і сам кліент кажа: "І я разумею, што маглі б і больш прагаласаваць. Лічыце, за 90% насельніцтва нас адназначна падтрымлівае". Таму дзякаваць трэба не столькі народу, колькі давераным асобам».
Лукашэнка просіць змоўшчыкаў даносіць
«Рэальна нейкая фантасмагорыя, якой стракатай кампаніі дзіўна адабраных людзей (сваім давераным асобам на выбарах — рэд.) Лукашэнка прапануе даносіць пра настроі ў грамадстве. І гэта пры жывой [старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі] Качанавай, якая сядзіць па правую руку ад яго, якая адказвае за гэтыя настроі ў грамадстве. Так ён яшчэ і прапануе ўносіць прапановы па ўрадзе. І гэта пры жывым [кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Дзмітрыі] Крутым, які сядзіць ад яго па левую руку, які адказвае за ўсю кадравую палітыку.
Сваім змоўшчыкам ён (Лукашэнка — рэд.) прапануе гэта рабіць не разам са згаданымі Качанавай і Крутым, а замест іх. Таму што, памятаеце, ён ім казаў, лепш пісьмова паведамляйце: "Не хочаце, каб гэта было публічна, напішыце мне і ў канверце перадайце. Калі залеплены канверт асабіста прэзідэнту, акрамя мяне ніхто не чытае і не адкрывае, нават памочнікі. Я асабіста гэта раблю".
Гэта дакладна нарада з удзелам чалавека, які займае месца вышэйшай службовай асобы ў дзяржаве? Даносьце. Нічога і нікога не бойцеся. І тут жа прыводзіць ім у прыклад генпракурора [Андрэя] Шведа: "Нават калі [ён] разумее, што хтосьці там у пагонах на яго можа пакрыўдзіцца, ён на гэта не глядзіць, ён мне дакладвае аб'ектыўную карціну". Гэта значыць, ён кажа, што генпракурор, той, хто па абавязку службы павінен сачыць за выкананнем законнасці ўсімі астатнімі ў пагонах, малайчына таму, што ён не баіцца гэтых самых іншых у пагонах».
Пра дэманаў пад ложкам
«Падчас ягонай справаздачы Лукашэнку 4 лютага [генпракурор Андрэй] Швед сказаў: "Што тычыцца ўзроўню злачыннасці, то гэта самы нізкі ўзровень за ўвесь перыяд суверэнітэту нашай краіны". А калі ўзгадаць, што тыднем раней ён заяўляў, што ўсе экстрэмісты, датычныя да падзей 2020 года, і/або выяўленыя, і/або абясшкоджаныя, то сэнс паслання зразумелы: Аляксандр Рыгоравіч, можа хопіць ужо? <...> Няма ніякіх спячых ячэек, якія, як ты баішся, у гадзіну Ч па камандзе звонку захочуць скарыстацца акном магчымасцяў.
Ды і якія сігналы звонку? Дзяржсакратар Савету бяспекі [Аляксандр] Вольфавіч, які да гэтага спраўна палохаў Лукашэнку вонкавымі змовамі, харугвамі, каліноўцамі, NATOй, раптам заявіў: "Сёння, прынамсі, мы не бачым тых прыкмет, якія б пагражалі і казалі пра развязванне нейкай патэнцыйнай агрэсіі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь".
Генпракурор не бачыць унутраных пагроз, сакратар Савету бяспекі не бачыць вонкавых пагроз. Усе твае страхі — гэта дэманы пад ложкам. Хопіць ужо. Ну. Спрабуюць намякнуць яму тыя людзі, якія раней не не баяліся іншых у пагонах, а з імі радасна саўдзельнічалі ў рэпрэсіях».
Новы ўзровень рэпрэсій
«Справа не ў тым, што рэпрэсіі і не думаюць спыняць <...>. Яны пераходзяць на новы ўзровень. Так бы мовіць, другая вытворная. Як паведаміла выданне "Наша Ніва", таямнічае кароткачасовае затрыманне дырэктара Рэчыцкага метызнага заводу амаль дакладна было звязана з тым, што ён не звальняў рэпрэсаваных супрацоўнікаў. Тлумачачы гэта тым, што яны добрыя спецыялісты і іх няма кім замяніць. Перафразуючы вядомы мем: "Вы што — хаваеце ў сябе палітычных?”.
Было б жаданне, а пашырыць кола рэпрэсаваных заўсёды можна. Працягваючы метад гістарычных аналогіяў, гэта як калі б Сталін своечасова не здох. Калі кагнітыўныя здольнасці ідуць на спад, а параноя і падазронасць наадварот, толькі ўзмацняюцца».