Навіны з Чалым

20 верасня

Якія чырвоныя лініі засталіся ў Аляксандра Лукашэнкі і пры чым тут чужыя боты

Балада пра дыктатара, страхі і маленні афіцыйнага Менску і невынішчальная беларуская звычка.

Аляксандр Лукашэнка просіць свет выратаваць яго ад вар'ята Пуціна. Непрафесійны малдаўскі паэт зрабіў сюрпрыз, пра які ўсе ведалі. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.
Змест
00:06 Дзень народнага адзінства
02:34 Беларуская перспектыва
04:40 Тры варыянты метадычак
06:00 Лукашэнка раздаў узнагароды
07:10 Эскалацыя на беларускім напрамку
08:30 Гэта «трэцяя сусветная вайна»
09:45 Лукашэнка звярнуўся па дапамогу да амерыканцаў
10:20 Балада аб дыктатары

Аб народным адзінстве і рознасці прапагандысцкіх метадычак

«Я са здзіўленнем для сябе выявіў, што з нядаўняга часу яны (метадычкі — рэд.) распрацоўваюцца адразу ў трох версіях. У залежнасці ад таго, перад кім прапагандыстам трэба будзе выступаць. Асобна для інтэлігенцыі, асобна для рабочых рэальнага сектару і асобна для моладзі.

І яны розныя. І розныя нават у самым галоўным. У спробе растлумачыць, што такое ключавое для іх гісторыясофіі паняцце "адзінства".

Для інтэлігенцыі адной з умоваў адзінства прапануецца канструктыўны дыялог паміж грамадзянамі і ўладай, для моладзі адзінства вызначаецца як адзінства грамадства і дзяржавы. А для работнікаў рэальнага сектару ўсё прасцей і больш адкрыта — гэта Лукашэнка».

Пра чужы бот у Беларусі і боязь расейскіх правакацыяў

«[Расейскія] беспілотнікі адыгралі нечакана важную ролю ў прамове Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня народнага адзінства: <...> “З сярэдзіны верасня па пачатак лістапада ЗША чакаюць істотную эскалацыю ваеннага становішча як з боку Масквы, так і з боку Кіева. На фронце. <...> Заходнія спецслужбы кажуць пра Беларусь як пра магчымае месца эскалацыі".

Гэта значыць ЗША чакаюць эскалацыі з боку Масквы, пры гэтым расейцы пра гэта яшчэ не ведаюць. Пра планы Масквы. Расейцы. Лукашэнка як бы папярэджвае расейцаў пра планы іх кіраўніцтва.

"Пры гэтым, што тычыцца эскалацыі на беларускім напрамку, гаворка ідзе не аб уступленні ў баявыя дзеянні Узброеных сіл Беларусі. Мы гэта ніколі не зробім, калі чужы бот не ступіць на нашу зямлю".

Бот тут згаданы нездарма. Таму што маецца на ўвазе рэакцыя Кіева на пралёты расейскіх беспілотнікаў праз тэрыторыю Беларусі. <...> Прасцей кажучы, Лукашэнка баіцца правакацый Расеі з мэтай выклікаць рэакцыю Украіны супраць Беларусі». 

Хуліганы пазбаўляюць суб'ектнасці — Лукашэнка просіць дапамогі ў света

«Кажа ён сваім супернікам: "Не нападайце на нас. Ні ўкраінцы, ні амерыканцы, ні расейцы". Калі гэта вас яшчэ не пераканала, паглядзіце, да каго ён звяртаецца па дапамогу: "І я хачу спытаць у амерыканцаў: вы міру хочаце, мірных перамоваў або эскалацыі сітуацыі? <...> Яны ў апошні час вельмі часта намякалі нам пра перамовы. І нават вылучылі ўмовы да гэтых перамоваў. Мы пагадзіліся".

Гэта значыць, ён зноў звяртаецца да свету: ратуйце мяне ад вар'ята Пуціна. Таму што мае чырвоныя лініі толькі пра бот. Пра ракеты і беспілотнікі ў іх ні слова. Я ўжо нават палітычных пачаў выпускаць. Даручыў мігрантам, каб не ехалі. Карацей, дапамажыце, хуліганы суб'ектнасці пазбаўляюць».

Балада пра дыктатара і невынішчальная звычка

«Гваздом праграмы [Дня народнага адзінства] стала балада пра дыктатара, прысвечаная, натуральна, Лукашэнку. Нумар, які прадставіла яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант. З яе слоў, вершы былі напісаныя непрафесійным малдаўскім паэтам больш за год таму. А музычны нумар — гэта сюрпрыз для ўсіх.

Эйсмант, відавочна, схлусіла, як мінімум калі казала пра тое, што балада была напісана год таму. <...> Мала таго, што яна была напісана да 70-годдзя, дык яшчэ і пасля таго, як верш аўтар паказаў спецыяльным людзям, яго перазапісалі на тэлебачанні з добрым фонам, каб паднесці Лукашэнку.

Галоўнае, незразумела навошта ўся гэтая хлусня. Чаму нельга было сказаць праўду? Яна не горш. Можна было б падумаць, што не хочуць акцэнтаваць увагу на старэчым узросце Лукашэнкі. Але тлумачэнне яшчэ прасцей. Як у тым анекдоце пра бэтэшніка: звычка хлусіць невынішчальная».