Расследаванні

30 чэрвеня 2023

Клінінг рэпутацыі. Як замяшаны ў адмыванні дзясяткаў мільёнаў еўра бізнесовец атрымліваў падтрымку беларускіх дэмсілаў за данаты

Гэтай публікацыяй БРЦ распачынае дыскусію аб тым, дзе ляжаць межы супрацы грамадзянскай супольнасці з бізнесам, да дзейнасці якога ёсць пытанні ў тым ліку ў еўрапейскіх праваахоўнікаў.

Фігурант расследавання БРЦ бізнесмен-клінер Эдуард Апсіт, які выбудаваў свой бізнес у тым ліку на сумнеўных дзяржпадрадах, атрымаў для сям'і віды на жыхарства ў Літве. Як нам стала вядома ад літоўскай праваабарончай арганізацыі, у прашэнні аб ВНЖ гаварылася, што Апсітам можа пагражаць небяспека ў Беларусі. У якасці пацверджання ўказвалася, што бізнесмен ахвяраваў фонду BYSOL. Пры гэтым, як высветлілі расследавальнікі БРЦ, на момант падачы прашэння Эдуард Апсіт меў від на жыхарства ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, таксама яны з жонкай з'яўляюцца грамадзянамі Кіпра.

Гэтай публікацыяй БРЦ распачынае дыскусію аб тым, дзе ляжаць межы супрацы грамадзянскай супольнасці з бізнесам, да дзейнасці якога ёсць пытанні ў тым ліку ў еўрапейскіх праваахоўнікаў.

Выратаванне дабрачынца або камерцыйныя адносіны

У канцы траўня БРЦ апублікаваў расследаванне аб бізнесе клінінг-паслуг Эдуарда і Алены Апсіт. Мы высветлілі, што ў Беларусі справа мужа і жонкі развівалася сярод іншага за кошт хабараў чыноўнікам і маніпуляцый на таргах. У Расеі звязаныя з брэндамі Апсіта кампаніі выкрылі ў змове са структурамі Яўгена Прыгожына, а ва Украіне расследавалі магчымыя махінацыі на тэндарах. Мяркуецца, што заробленыя грошы Эдуард Апсіт выводзіў у ЕЗ праз ABLV Bank, з-за чаго патрапіў у поле зроку латвійскіх следчых. Яны лічаць, што звязаныя з бізнесменам кампаніі адмылі €73 млн. Разбор па гэтай справе не скончаны.

Сваё расследаванне працягвае і БРЦ. Мы даведаліся аб новай дэталі з жыцця Апсітаў: іх сямейнікі атрымалі гуманітарныя віды на жыхарства ў Літве. Бацькі Алены — да канца снежня 2022 года, маці Эдуарда — да сярэдзіны ліпеня 2023-га.

Муж і жонка таксама падавалі прашэнне, хоць з Літвой іх, на першы погляд, нічога не звязвае. Невідавочная і неабходнасць легалізацыі ў ёй: Алена з 2018 года валодае «залатым пашпартам» Кіпра, як і Эдуард, у якога да таго ж ёсць від на жыхарства ў ААЭ. У Літве ж, паводле звестак БРЦ, у сужэнцаў няма бізнесу або нерухомасці.

Расследавальнікі БРЦ знайшлі тлумачэнне. Падаць прашэнне на атрыманне віду на жыхарства ў Літве Апсіту дапамаглі некаторыя дэмакратычныя сілы. У распараджэнні БРЦ аказаўся ліст адной з юрыдычных асобаў фонду BYSOL. У ім гаворыцца, што Эдуард Апсіт ахвяраваў грошы арганізацыі праз фонд Stichting Belarus Solidarity Foundation. Агульная сума падтрымкі з лютага 2021 года па травень 2022-га — крыху больш за €94 тыс. З ліста таксама вынікае, што з сакавіка 2022 года бізнесмен фінансава дапамагаў украінцам, якія пацярпелі ад вайны.

Крыніца: БРЦ

На просьбу БРЦ пракаментаваць сітуацыю кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак адказаў, што не можа ні пацвердзіць, ні аспрэчыць гэтую інфармацыю:

«Мы не раскрываем імёны нашых донараў з-за пагрозы іх крымінальнага пераследу ў Беларусі за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Асобна хачу адзначыць, што мы не робім абмежаванняў для донараў. Любы чалавек можа заданаціць у BYSOL і быць упэўненым, што яго дадзеныя не будуць раскрытыя».

Палітычная пазіцыя ці фінансавыя злачынствы

У распараджэнні БРЦ таксама ёсць доказы, што сузаснавальнік фонду BYSOL Яраслаў Ліхачэўскі звяртаўся ў літоўскі офіс праваабарончай арганізацыі Freedom House па рэкамендацыйныя лісты для Апсітаў, паказваючы, што бізнесмен з'яўляецца іх донарам.

Падчас размовы з расследавальнікамі БРЦ Ліхачэўскі не раскрыў інфармацыю аб ахвярадаўцах і паведаміў, што не памятае пра данаты ад Эдуарда Апсіта як ад фізічнай асобы. Пры гэтым ён не выключыў, што грошы маглі паступаць праз юрыдычную асобу, якой валодае бізнесмен. Ён таксама адзначыў, што прозвішча Апсіт яму «ні пра што не гаворыць».

З BYSOL Эдуарда Апсіта звязала прадпрымальніца, знаёмая з ім асабіста, даведаўся БРЦ ад крыніц, якія пажадалі застацца ананімнымі. Мы не называем імя жанчыны ў мэтах бяспекі: яе сям'я знаходзіцца ў Беларусі. У размове з расследавальнікамі БРЦ яна заявіла, што не можа выдаваць інфармацыю аб вядомых ёй донарах, але, паколькі некаторыя дэталі ўжо сталі нам вядомыя, пракаментавала дабрачынную дзейнасць Апсіта.

Па словах прадпрымальніцы галоўнай мэтай супрацы BYSOL з бізнесоўцам было атрыманне грошай на падтрымку палітвязняў:

«Насамрэч, маліліся на гэтага Апсіта, таму што калі запускалі зборы на палітвязняў, то большую частку закрываў ён».

Яна лічыць, што «правіннасці» Апсіта ў бізнесе не трэба змешваць з яго «палітычнай пазіцыяй».

«Адна справа, калі ты вядзеш бізнес, іншая справа — твая палітычная пазіцыя. Не варта мяшаць у кучу адное і другое. Дапусцім, дзесьці там ёсць у цябе парушэнні ў бізнесе, але ў цябе ёсць выразная палітычная пазіцыя. І чаму, калі там ты правініўся ў адным, то давай — пакутуй за ўсё», — распавяла БРЦ прадпрымальніца. І дадала, што Апсіт дапамагаў не толькі BYSOL.

Праверка або абарона донара

У BYSOL не была выбудаваная сур'ёзная сістэма праверкі ахвярадаўцаў, паведаміў БРЦ Яраслаў Ліхачэўскі: «Калі трапляліся донары, пра якіх былі негатыўныя публікацыі ў медыях, тады мы, вядома, звярталі на гэта ўвагу. Калі чалавека прывёў супрацоўнік ці супрацоўніца фонду, якім мы давяралі, то ён па змаўчанні лічыўся даверанай крыніцай».

Прадстаўнік Freedom House у Літве Віціс Юрконіс пацвердзіў нам, што беларускія грамадзянскія ініцыятывы звярталіся да літоўскіх уладаў па дапамогу ў пытанні легалізацыі сваякоў Апсітаў. Пры гэтым аб наяўнасці ў мужа і жонкі «залатых пашпартоў» Кіпра і статусе рэзідэнта ААЭ ў Эдуарда яму не было вядома да расследавання БРЦ.

«Не адна грамадзянская ініцыятыва запэўнівала, што Эдуард Апсіт дапамагаў палітвязням у Беларусі, а таксама падтрымліваў Украіну. Іх рэкамендацыі выразна сігналізавалі, што за такую дзейнасць чалавеку патэнцыйна можа пагражаць палітычны пераслед. Расследаванне БРЦ паказала, што Эдуард Апсіт мае права на доўгатэрміновае знаходжанне ў іншых краінах, таму ягонае абгрунтаванне на гуманітарны ВНЖ аўтаматычна знікае. А інфармацыю, якую ён хаваў, можна трактаваць як наўмыснае злоўжыванне», — распавёў БРЦ Віціс Юрконіс.

Эдуард і Алена Апсіт таксама валодаюць рэзідэнцыямі ў дзвюх краінах ЕЗ — Латвіі і Італіі. Мужу і жонцы належыць асабняк у Юрмале ў 200 метрах ад Балтыйскага мора коштам €1,2 млн і віла ў Таскане, якая ацэньваецца ў €3,5 млн.

Крыніца: Інфармацыйны сэрвіс для прыняцця дзелавых рашэнняў Firmas.lv
Крыніца: Інфармацыйны сэрвіс для прыняцця дзелавых рашэнняў Firmas.lv
Крыніца: Італьянская кадастравая база; дадзеныя прадстаўленыя цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP

Мы звярнуліся да Эдуарда Апсіта за каментаром аб яго супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, але на момант публікацыі не атрымалі адказу.

Праблемны кейс — заява БРЦ

У каманды расследавальнікаў БРЦ узнікла некалькі пытанняў да супрацы Эдуарда Апсіта з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Першы — ці карэктнае такое ўзаемадзеянне? Сям'я Апсіта атрымала магчымасць легалізавацца ў краіне Еўразвяза ўзамен на яго ахвяраванні дэмакратычным сілам Беларусі. Аб тым жа ён прасіў для сябе і жонкі. Такія адносіны паміж бізнесменам і фондамі выходзяць за рамкі дабрачыннасці, іх можна разумець як камерцыйныя: паслуга ўзамен за ахвяраванні.

Другое пытанне, нават некалькі — этычнага характару. Ці можа чалавек ахвяраваннямі дэмакратычным сілам загладзіць віну за верагоднае адмыванне грошай? Ці дастаткова гэтага, каб грамадзянскія ініцыятывы дапамагалі яму з легалізацыяй у ЕЗ? Асабліва калі ён мае права знаходзіцца ў краінах, дзе яму не пагражае пераслед беларускага рэжыму. У цэлым, ці могуць дэмакратычныя сілы аказваць паслугі бізнесменам з неправеранай рэпутацыяй узамен за ахвяраванні? І калі так, які іх прымальны памер?

«Можа быць, Эдуард Апсіт і данаціў грошы без нейкага разліку, але трэба дакладна разумець — пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў шмат якіх бізнесаў у Расеі і Беларусі жыццё і дзейнасць істотна ўскладнілася. Для асабліва буйнога бізнесу нават шасцізначная сума не з'яўляецца буйной інвестыцыяй па адбельванні сваёй рэпутацыі на Захадзе», — лічыць кіраўнік літоўскага офісу Freedom House Віціс Юрконіс.

Верагодна, €94 тыс., якія Апсіт накіраваў у фонд BYSOL, маглі прынесці карысць людзям ці арганізацыям, якія працуюць насуперак рэпрэсіям. Аднак гэтая сума не здаецца вялікай у параўнанні з заробкам бізнесмена на шэрых схемах. З пункту гледжання судовай сістэмы, мінімальная ўмова для адкуплення віны за эканамічнае злачынства — гэта пакрыццё страты. Аб'ёмы ахвяраванняў Эдуарда Апсіта несупастаўныя з сумамі, у адмыванні якіх яго падазраюць, — толькі ў Латвіі следства кажа аб €73 млн.

Віціс Юрконіс адзначае, што цяпер Freedom House будзе надаваць верыфікацыі людзей яшчэ больш увагі:

«Беларускім грамадзянскім ініцыятывам важна зразумець, што імі могуць карыстацца, а мне як чалавеку, які пасрэднічае, трэба яшчэ больш засяродзіцца на працэсе верыфікацыі, хаця папрокаў пра наш строгі падыход і так хапае».

Каманда расследавальнікаў БРЦ лічыць, што прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, грамадзянскія ініцыятывы і фонды павінныя браць на сябе адказнасць і правяраць донараў, якім яны даюць рэкамендацыі, а таксама прадстаўляць інфармацыю аб іх дзейнасці праваабарончым арганізацыям, у якія яны звяртаюцца. Гэта — пытанне іх рэпутацыі. Пры гэтым ніякія ахвяраванні не абавязваюць даваць нешта ўзамен, бо з'яўляюцца дабрачыннымі.

Таксама каманда БРЦ упэўненая, што грамадзянская супольнасць і незалежныя медыі будуць моцнымі, прафесійнымі і незалежнымі, калі іх працягнуць падтрымліваць звычайныя беларусы, зацікаўленыя ў іх дзейнасці.

Паважаныя чытачы!

У гэтым матэрыяле былі дапушчаныя наступныя недакладнасці. 

У тэндэры (праходзіў у 2015 годзе) па абслугоўванні Брэсцкага лакаматыўнага дэпо размова ідзе аб суме ў недэнамінаваных рублях. У адказе пракуратуры па выніках праверкі (датаваны ліпенем 2016 года, пасля дэнамінацыі) не было пазначана, што сума недэнамінаваная. З чаго зроблена выснова, што гаворка ідзе пра дэнамінаваныя рублі. У арыгінале расследавання мы не ўдакладнілі гэтыя нюансы і ўказалі курс рубля пасля дэнамінацыі. Рэдакцыя прыносіць за гэта свае прабачэнні.

Таксама ў расследаванні мы не пазначылі, што ў тэндэры Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь канкурэнцыю дзвюм кампаніям, афіліяваным з Эдуардам Апсітам, склала трэцяя кампанія, якая ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. 

Хоць гэтыя недакладнасці, на нашую думку, не мяняюць сутнасці расследавання, яшчэ раз прыносім свае выбачэнні. 

Поўны тэкст, у якім БРЦ каментуе магчымыя памылкі ў матэрыяле, можна прачытаць тут.

Іншыя Расследаванні

Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы
Расследаванні

Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы

Закуп толькі трох найменняў лекаў, пра якія мы раскажам у расследаванні, у расейскіх аптэках абышлася б бюджэту на $2 млн танней, чым оптам у беларускага...

24 студзеня 2024 Чытаць