Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы з праектам украінскай службы «Радыё Свабода» «Схемы» і расейскім выданнем «Вёрстка», пры падтрымцы супольнасці ўкраінскіх хакераў KibOrg.
Гэты матэрыял — першая частка расследавання аб вывазе збожжа з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Пра тое, як сельгаспрадукцыя трапляе ў Беларусь, БРЦ распавядзе ў другой яго частцы.
Акупацыя ўкраінскай жытніцы
У апошні дзень верасня 2022 года ў Георгіеўскай залі Вялікага Крамлёўскага палаца Уладзімір Пуцін падпісаў указы аб анексіі акупаваных рэгіёнаў поўдня і ўсходу Украіны. Подпісы пад дамовамі аб уваходжанні ў склад Расеі паставілі кіраўнікі расейскіх адміністрацыяў у Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў.
Херсонскую вобласць на гэтай цырымоніі прадстаўляў Уладзімір Сальда — былы ўкраінскі палітык і экс-мэр Херсона, які супрацоўнічае з расейскімі ўладамі і знаходзіцца пад санкцыямі Украіны, ЕЗ і ЗША. Сальда кіруе падкантрольнай Расеі часткай Херсоншчыны з красавіка 2022 года. Спачатку расейскія акупацыйныя сілы прызначылі яго старшынём расейскай вайскова-грамадзянскай адміністрацыі, потым Уладзімір Пуцін — часова выконваючым абавязкі кіраўніка адміністрацыі, а ў верасні 2023-га Сальда стаў так званым губернатарам Херсонскай вобласці.
Да расейскага ўварвання Херсоншчына славілася развітай сельскай гаспадаркай. У 2021 годзе, за год да пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну, мясцовыя фермеры ўсталявалі рэкорд — сабралі самы вялікі за 30 гадоў ураджай ранніх культур, 3,1 млн тонаў збожжа. Пасля таго як частка Херсонскай вобласці апынулася ў акупацыі, расейскія ўлады атрымалі магчымасць распараджацца аграрнай прадукцыяй рэгіёну — выдаваць дазволы на вываз і продаж.
У чэрвені 2022-га офіс генеральнага пракурора Украіны заявіў, што пракуратура аўтаноміі пачала расследаванне «па фактах парушэння расейскімі судамі парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю АР Крым і выезду з яе з мэтай перавозкі нарабаванага акупантамі ўкраінскага збожжа». Паводле інфармацыі ўкраінскага цэнтру нацыянальнага супраціву, гэты працэс кантраляваў Уладзімір Сальда.
З квотамі — на вываз
«Мы атрымалі афіцыйны ліст ад расейскага там нейкага кіраўніцтва, што элеватар яны нацыяналізавалі, у нас ёсць копія гэтага ліста, што ўсё яно пераходзіць ва ўласнасць Расейскай Федэрацыі», — распавядае саўладальніца ўкраінскага ТАА «Новааляксееўскі элеватар» Маргарыта Чарапаха. Ейнае прадпрыемства працавала ў Генічаскім раёне Херсонскай вобласці. [*]
Пасля акупацыі, кажа Маргарыта, элеватар адабрала расейская адміністрацыя, а потым «Б-Агра» атрымала яго ў карыстанне. Тое, што гэтая кампанія пачала кіраваць актывамі «Новааляксееўскага элеватара» ў акупацыі, пацвярджае ліст «Б-Агра», адрасаваны Сальда, які ёсць у распараджэнні журналістаў.
Кампанія «Б-Агра» фігуруе ў двух дакументах з атрыманага журналістамі масіву. У ім у асноўным ідзе гаворка пра вываз сельгаспрадукцыі з Херсонскай вобласці па квотах.
Гэтая схема зʼявілася праз тры месяцы пасля абвяшчэння анексіі чатырох абласцей Украіны. 30 снежня 2022 года выйшла пастанова Ураду Расейскай Федэрацыі №2535, якая, з аднаго боку, вызначае квоты (ліміты) на вываз сельскагаспадарчай прадукцыі з акупаваных тэрыторыяў са зніжкай вывазнога мыта, а з другога — дае механізм для экспарту гэтай прадукцыі.
Згодна з пастановай, расейскія кампаніі, якія хочуць вывезці з нулявой або паніжанай вывазной стаўкай мыта і прадаць у трэція краіны пшаніцу і мяслін, ячмень, кукурузу, алей сланечнікавы і сланечнікавы шрот, павінны звярнуцца да кіраўніка рэгіёну па вызначаных правілах. У выпадку з Херсонскай вобласцю для размеркавання квотаў была створаная Камісія па разглядзе заявак аб размеркаванні тарыфных квотаў на асобныя віды сельскагаспадарчай прадукцыі. Яна павінна разгледзець гэты зварот і прагаласаваць, а кіраўнік расейскай адміністрацыі Уладзімір Сальда падпісаць пастанову.
«Набыццё тавараў з акупаваных тэрыторыяў для краінаў ЕЗ зʼяўляецца парушэннем санкцыйнага рэжыму, які робіць немагчымым любую гандлёвую дзейнасць, звязаную з акупаванымі тэрыторыямі, — адзначае Багдан Бярнацкі, кансультант Project Expedite Justice. — Для дзяржаваў, якія санкцыі ў дачыненні да Расеі не ўвялі, сітуацыя больш складаная і залежыць ад пазіцыі кожнай асобнай краіны».
Журналісты высветлілі, што блізу дзясятка расейскіх кампаніяў звярталіся да камісіі і да Сальда з просьбай вывезці аграпрадукцыю з украінскіх тэрыторыяў са зніжкай. Паводле падлікаў, кошт экспартаванай па такой схеме сельскагаспадарчай прадукцыі з акупаванай Херсоншчыны ў 2023 годзе склаў €6,2 млн. Гаворка ідзе пра пастаўкі, якія журналісты здолелі пацвердзіць дзякуючы дадзеным базы сусветнага імпарту/экспарту Import Genius і інфармацыі, атрыманай з выцеку расейскай мытні.
З акупацыі — у Азербайджан і Сірыю
«Па выніках 2021-2022 года наша кампанія ўвайшла ў тройку найбуйнейшых экспарцёраў пшаніцы для Рэспублікі Азербайджан», — гаворыцца на сайце расейскага ТАА «Сім-Транс Груп». У 2023-м прадпрыемства атрымала найбольшы за 13 гадоў існавання гадавы прыбытак — 22 млн рублёў (каля €239 тыс.).
З дакументаў, якія ёсць у распараджэнні журналістаў, вынікае, што камісія рэкамендавала даць кампаніі «Сім-Транс Груп» квоты на вываз з вобласці 2 200 тонаў пшаніцы і мясліна. Пакупнік — азербайджанская кампанія «Дзіба». [*]
У заяўцы, якую дырэктар «Сім-Транс Груп» падаў на разгляд камісіі, утрымліваецца дэкларацыя Еўразійскага эканамічнага саюзу. У ёй пазначана, што зерне, якое пойдзе на экспарт, было вырашчана ў Херсонскай вобласці ў 2023 годзе. Факт пастаўкі Азербайджанскай «Дзібе» ў тым жа годзе збожжа ў межах 2200 тонаў на суму каля 35 млн рублёў (прыкладна €380 тыс.) пацвярджаюць дадзеныя з базы расейскага экспарту і імпарту.
4 траўня 2023-га іншая расейская кампанія — ТАА «ГД Фрэгат» — атрымала квоту на вываз трох тысячаў тонаў херсонскай кукурузы. Гэтыя тры тысячы тонаў сталі часткай пастаўкі партыі ў восем тысячаў тонаў. Месцам прызначэння ў дакументах расейцы паказалі Лівію, а портам адгрузкі — Каўказ. [*] [*]
Але, паводле дадзеных аналітыкаў з цэнтру SeaKrime, месцам адгрузкі судна Souria, якое фігуруе ў атрыманых дакументах, магла быць Сірыя.
Журналісты звярнуліся да расейскай кампаніі «ГД Фрэгат», а таксама да азербайджанскай «Дзібы» з просьбай даць каментары, аднак на момант публікацыі адказаў не атрымалі. Дырэктар «Сім-Транс Груп» Міхаіл Буйлоў на тэлефанаванні не адказаў.
Курс на Турцыю і ЕЗ
Расейская кампанія ТАА «Агра-Фрэгат» фігуравала ў артыкулах украінскіх медыяў і заяве прадстаўніка ўкраінскага МЗС як удзельніца схемы вывазу збожжа з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Вагоны з маркіроўкай «Агра-Фрэгата» летам 2022-га фіксавалі на тэрыторыі анексаванага Расеяй Крыму — у порце Феадосіі. Тагачасны спецыяльны прадстаўнік МЗС Украіны па санкцыйнай палітыцы Аляксей Макееў назваў «Агра-Фрэгат» прадаўцом крадзенага ўкраінскага збожжа.
Журналісты высветлілі, што летам 2023 года «Агра-Фрэгат» як мінімум двойчы прасіў дазволу ў камісіі вывезці пшаніцу і мяслін з тэрыторыі Херсонскай вобласці — 28 чэрвеня 20 тысячаў тонаў і 20 ліпеня 5 тысячаў тонаў. [*] [*]
У дакументах гаворыцца, што прадукцыя выраблена на тэрыторыі Херсонскай вобласці. І камісія ўзгадніла гэты вываз. Па кантракце, пакупнік — турэцкая кампанія Velar Tarim Sanayi Ticaret LTD. STI. [*]
Дзякуючы дэталям з «Заключэння аб каранцінным фітасанітарным стане падкаранціннай прадукцыі» (там пазначаная назва судна) журналісты змаглі адсачыць маршрут, па якім пшаніца з акупаванай украінскай тэрыторыі трапляла ў Турцыю. «Агра-Фрэгат» зафрахтаваў судна Alfa M, якое, паводле дадзеных MarineTraffic, знаходзілася ў Севастопальскай бухце з 30 ліпеня. 7 жніўня Alfa M выйшла з 9553,7 тоны прадукцыі на борце і накіравалася ў порт «Каўказ», які знаходзіцца ў Керчанскім праліве. [*]
Паводле дакументаў, якія журналісты атрымалі ад аналітычнага цэнтру SeaKrime, 9 жніўня ў порт «Каўказ» зайшло судна ST. OLGA, на якое перагрузілі тавар з Alfa M. ST. OLGA прывезла пшаніцу ў Турэцкі порт Мерсін.
Журналісты звярнуліся з запытам да турэцкай кампаніі Velar Tarim Sanayi Ticaret LTD. STI., але адказу на момант публікацыі не атрымалі.
Расследавальнікі высветлілі, што аграрную прадукцыю з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны «Агра-Фрэгат» вывозіць не толькі ў Турцыю, але і ў краіну Еўразвязу — Іспанію. Паводле дадзеных з базы расейскага экспарту і імпарту, «Агра-Фрэгат» у верасні 2023 года адправіў у Іспанію 4500 тонаў гароху, 2673,86 тоны з якіх былі загружаныя ў акупаваным Севастопалі.
У дакументах ад SeaKrime журналісты знайшлі больш падрабязную інфармацыю аб гэтай пазіцыі. Атрымальнікам тавару ў Іспаніі значыцца кампанія Cereales Y Harinas Garsan S.L. [*]
Гэтае прадпрыемства пазіцыянуе сябе як адзін з найбуйнейшых дыстрыбʼютараў сыравіны ў Іспанію, які пачынаючы з 2003 года займаецца гандлем з краінамі ЕЗ і зоны Чорнага мора.
З высокай імавернасцю гарох, які атрымала Cereales Y Harinas Garsan S. L., — з акупаванага Расеяй Крыму. У рэестры дэкларацыяў адпаведнасці ўказана, што расейская «Агра-Фрэгат» атрымала пяць дэкларацыяў адпаведнасці на гарох, у трох з якіх гаворыцца, што ён вырашчаны ў Крыме.
Журналісты звярнуліся да кампаніяў «Агра-Фрэгат» і Cereales Y Harinas Garsan S. L. з просьбай даць каментары, аднак на момант публікацыі адказаў не атрымалі. Падчас тэлефоннай размовы дырэктар і ўласнік «Агра-Фрэгат» Дзмітрый Лапкін на пытанні не адказаў.
Сляды ў палац Пуціна
За адзін дзень чэрвеня 2023 года камісія паспела разгледзець тры заяўкі на вываз прадукцыі з Херсонскай вобласці ад расейскага ТАА «Палада». Два пратаколы аб наданні квотаў на вываз у суме на 11 тысячаў тонаў ячменю датычацца выканання кантракту з ганконгскай кампаніяй SPK Trading House Limited. [*]
Месцам адгрузкі 24,1 тысячы тонаў прадукцыі, сярод якой як мінімум 11 тысячаў тонаў — па квоце, значыўся іранскі порт Bandar Imam Khomeini. [*]
Суднам, якое было зафрахтаванае для перавозкі Херсонскага ячменю, апынуўся перавозчык крадзенай украінскай сельгаспрадукцыі Mikhail Nenashev. Дакументы, якія ёсць у распараджэнні журналістаў, пацвярджаюць пастаўку, згаданую ў расследаванні Lloydʼs List Intelligence, Scripps News і Bellingcat.
Але журналісты высветлілі, што гэта быў не адзіны вываз аграпрадукцыі ў Іран. «Палада» падпісала кантракт на пастаўку яшчэ 60 000 тонаў ячменю (з іх па квоце — 4 400 тонаў) з Ганконгскай кампаніяй Zulu Trading Limited. [*]
Дзеля гэтага былі зафрахтаваныя балкеры Zaid і Zafar. Паводле дадзеных MarineTraffic, судны з грузам у канцы лістапада прыбылі ў порт Bandar Imam Khomeini у Іране.
«Паладу» зарэгістравалі ў Растове-на-Доне крыху менш чым за месяц да поўнамаштабнага ўварвання. [*]
Кампанія адразу пачала паказваць добрыя фінансавыя вынікі. У першы год поўнамаштабнай вайны выручка склала 21,5 млрд рублёў (каля €230 млн), а чысты прыбытак — 1,3 млрд рублёў. У 2023 годзе паказнікі палепшыліся — амаль 30 млрд рублёў выручкі і восем мільярдаў рублёў чыстага прыбытку.
Уладальнік 89% долі кампаніі — жыхар Масквы Сяргей Кузняцоў. Мужчына да гэтага ніяк не быў звязаны з сельскай гаспадаркай. Адзіны бізнес, у якім быў заўважаны Кузняцоў — здача ў арэнду трэнажора аэрадынамічная труба. У сацыяльных сетках мужчыны таксама няма ніякіх прыкметаў таго, што ён як-небудзь звязаны з экспартам злакавых за мяжу.
Верагодна, Кузняцоў — толькі намінальны ўладальнік «Палады», а на самой справе фірма можа працаваць у інтарэсах структураў, звязаных з выхадцам з Харватыі Крэшымірам Філіповічам, якога на Балканах называюць «гаманцом Пуціна». Сувязі «Палады» з Філіповічам сталі відавочнымі ў снежні 2023 года — тады ў склад заснавальнікаў фірмы ўвайшла кіруючая кампанія «Мегаполіс-Інвест». З красавіка па кастрычнік 2023 года «Мегаполіс-Інвест» валодала доляй у 92,5% у МКААТ «Уэйвформ Інвестментс Лтд», 85% якой раней кантраляваў Філіповіч.
Да пачатку поўнамаштабнай вайны «Уэйвформ Інвестментс Лтд» была зарэгістраваная на Кіпры, але пасля ўварвання ва Украіну кампанія з такой жа назвай зарэгістравалася ў Калінінградскім афшоры — спецыяльным адміністрацыйным раёне ў Расеі з ільготнымі ўмовамі для бізнесу, у тым ліку для кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі. Іншы расейскі актыў Філіповічу, як паведамляў у траўні 2024-га «Праект», дапамагла схаваць дзяржава. Паводле звестак выдання, з кастрычніка 2023 года ў Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў не адлюстроўваецца канчатковы ўладальнік кампаніі «Велесбуд», якая была генпадрадчыкам будаўніцтва палаца Уладзіміра Пуціна ў Геленджыку. Як мінімум у 2022 годзе гэтая фірма на 85% належала Філіповічу.
Журналісты звярнуліся па каментар да Сяргея Кузняцова пра ягоныя сувязі з Крэшымірам Філіповічам і вываз збожжа, ён прачытаў пытанні, але адказваць не стаў.
Зярнятка ў моры
Каля 30 тысячаў тонаў пшаніцы, мясліна, ячменю і кукурузы, экспарт якіх атрымалася пацвердзіць журналістам дзякуючы выцеку дакументаў і праверцы па базах імпарту-экспарту, — гэта толькі малая частка вывезенай у 2023 годзе з акупаванай часткі Украіны аграпрадукцыі.
Паводле звестак NASA Harvest, летась на гэтых тэрыторыях сабралі не менш за 6,4 млн тонаў толькі пшаніцы. Два мільёны тонаў, паводле інфармацыі цэнтру SeaKrime, вывезлі праз парты акупаванага Крыму. «Астатнія чатыры мільёны, мы падазраем, вывозяцца на тэрыторыю Расеі і далей адгружаюцца як расейскае збожжа», — мяркуе экспертка SeaKrime Кацярына Ярэська.
Пра тое, колькі збожжа з акупаванай часткі Украіны трапляе ў Беларусь і якія кампаніі займаюцца яго вывазам, БРЦ распавядзе ў найбліжэйшых расследаваннях.