Расследаванні

27 верасня 2023

Акно ў Еўропу для «Гродна Азоту». Як Узбекістан дапамагае Беларусі абысці забароны і прадаваць у ЕЗ угнаенні падсанкцыйнага прадпрыемства

Краіны Еўразвязу адкрыта купляюць угнаенні з Беларусі.

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з Літоўскім расследавальніцкім цэнтрам Siena пры падтрымцы ініцыятывы «Рабочы Рух», Цэнтру Расследавальніцкай Журналістыкі Сербіі CINS і «Кіберпартызанаў».

Матэрыял створаны пры падтрымцы Journalismfund Europe

Карбамід — угнаенне, на долю якога прыходзілася 40% паставак з Беларусі ў ЕЗ сярод мінеральных азотных угнаенняў. Гэта дадзеныя за апошнія пяць гадоў да ўвядзення санкцый супраць прадпрыемства «Гродна Азот». Аднак, нягледзячы на абмежаванні, яго прадукцыя трапляе на гэты рынак і цяпер. БРЦ высветліў, які шлях ад гарадзенскіх цэхаў да еўрапейскіх спажыўцоў праходзяць беларускія ўгнаенні і як удаецца схаваць іх паходжанне.

Краіны Еўразвязу адкрыта купляюць угнаенні з Беларусі. Паводле звестак Еўрастата, за шэсць месяцаў гэтага года туды імпартавалі больш за 7,8 тыс. тон карбаміду з Беларусі на суму €3,7 млн. [*][*]  

Колькі ў гэтай статыстыцы прадукцыі падсанкцыйнага беларускага прадпрыемства «Гродна Азот», мы не ведаем. Але ведаем, што кампанія знайшла шлях, як замаскаваць паходжанне прадукцыі. БРЦ высветліў, што «Гродна Азот» абыходзіць санкцыі, выдаючы свой карбамід за ўзбекскі і выкарыстоўваючы фірмы-пракладкі.

Прадстаўнік ініцыятывы «Рабочы рух» Юрый Рававы ў размове з журналістамі БРЦ адзначыў, што «Гродна Азот» —  гэта адзінае прадпрыемства ў Беларусі, якое вырабляе карбамід.  

«Вельмі дорага пабудаваць такую вытворчасць. І яно [“Гродна Азот”] пабудавана больш за 50 гадоў таму, у Горадні, яшчэ пры Савецкім Саюзе. І нідзе такіх заводаў на тэрыторыі Беларусі больш няма».

У санкцыйны спіс Еўразвязу адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі трапіла ў снежні 2021 года за звальненні працаўнікоў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У пастанове аб увядзенні санкцый Рада ЕЗ называе «Гродна Азот» «крыніцай значных даходаў для рэжыму Лукашэнкі», а таксама «адказным за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці». Тады ж экспарт карбаміду з Беларусі ў ЕЗ пачаў зніжацца і пачалі расці пастаўкі з Узбекістана. [*][*]

У Сербію праз Узбекістан

У 2021 годзе, у час паміж увядзеннем санкцый ЗША і ЕЗ супраць «Гродна Азоту», Узбекістан упершыню з траўня 2017-га паставіў карбамід у Еўразвяз. [*] Паступова ўзбекскія пастаўкі дасягнулі аб'ёмаў паставак з Беларусі да ўвядзення санкцый. [*] Аднак толькі на паперы. БРЦ высветліў, што карбамід з Узбекістану мае беларускае паходжанне. 

Дзякуючы «Рабочаму Руху» мы атрымалі дакументы, якія паказваюць, як «Гродна Азот» абыходзіць санкцыі, выдаючы свой прадукт за ўзбекскі. У нашым распараджэнні апынуўся кантракт, згодна з якім беларускае дзяржаўнае прадпрыемства «Грыком» прадае айчынны карбамід узбекскай фірме Wakler Exim. [*][*]   

«Грыком» вядомы нам па лютаўскім расследаванні як адна з фірмаў-пракладак, з дапамогай якіх «Гродна Азот» абыходзіць еўрапейскія санкцыі.

На пачатку 2023 года актывісты «Рабочага Руху» заблакавалі фуры, якія завозілі карбамід з «Гродна Азоту» ў ЕЗ. Іх крыніцы на заводзе паведамілі, што прадпрыемства абыходзіць санкцыі з дапамогай «Грыком». У мытных накладных адпраўніком азотных угнаенняў пазначалі гэтую падстаўную кампанію, таму літоўскія мытнікі іх прапускалі, бо санкцыі ЕЗ уведзеныя не супраць азотных угнаенняў, а супраць вытворцы — «Гродна Азоту». Але да «Рабочага Руху» патрапіў сертыфікат якасці аднаго з грузаў «Грыкому», дзе сказана, што вытворцам з’яўляецца «Гродна Азот». Таксама яны атрымалі акт загрузкі, які пацвердзіў, што фуры забіралі груз на «Гродна Азоце» і везлі яго для сербскай кампаніі Wakler. Сербія, як краіна-кандыдат на ўступленне ў Еўразвяз, далучылася да санкцый Бруселю супраць беларускага прадпрыемства. Пасля нашага расследавання літоўскія ўлады затрымалі фуры з грузам для Wakler. Тады ж правялі ператрусы ў трох гарадах, затрымалі двух чалавек па падазрэнні ў спрыянні абыходу санкцый і арыштавалі тры тысячы тон карбаміду. Літоўская чыгунка з сакавіка па чэрвень сёлета не прапусціла ў Літву тысячу тон мінеральных і хімічных угнаенняў з Беларусі. [*]

Падрабязней чытайце ў расследаванні БРЦ «Забаронены азот. Як беларускія ўгнаенні ідуць у Еўропу праз фірмы-пракладкі».

Дадатак да гэтай дамовы тлумачыць, навошта беларускі карбамід прадаваць ва Узбекістан, дзе з 2017 году існуе праграма развіцця хімічнай прамысловасці, у межах якой планавалі інвеставаць у гэтую галіну больш за $3 млрд, а два гады таму запусцілі два новыя заводы па вытворчасці азотнай кіслаты, аміяку і карбаміду. У ім канчатковым атрымальнікам беларускага карбаміду пазначана сербская фірма Wakler. [*]

Згодна з актам прыёму-перадачы тавару па гэтым кантракце ад 2022 году, амаль тры тысячы тон карбаміду, які прадаў «Грыком», загрузілі ў вагоны на чыгуначнай станцыі «Аульс» побач з «Гродна Азотам». За гэтую партыю Wakler Exim заплаціў каля €885 тыс. [*]

Кантракт з Wakler Exim падпісаў Віктар Русак, які займаў пасаду дырэктара«Грыком».

Да гэтага ён больш за 30 гадоў прапрацаваў на «Гродна Азоце». Пасля выхаду лютаўскага расследавання БРЦ Русака ў «Грыком» замяніў палкоўнік міліцыі Сяргей Раманчук, былы начальнік Гарадзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартаменту аховы МУС. [*][*][*][*]  

Пасля лютаўскага расследавання БРЦ змоўнікі яшчэ больш заблыталі сляды і перайменавалі ўзбекскі Wakler Exim у Dunger — «угнаенне» па-нямецку. [*]

Мы звярнуліся па каментар да узбекскай Dunger (былой Walker Exim) і сербскай Walker DUO, але на момант публікацыі адказаў не атрымалі.

Украінскі след 

Расследавальнікі БРЦ высветлілі, хто стаіць за фірмай, якая дапамагае «Гродна Азоту» абыходзіць санкцыі. Узбекская кампанія Dunger (былая Wakler Exim), як і сербская Wakler DOO, была зарэгістраваная вясной 2022 года. Бенефіцыярам першай з'яўляецца ўкраінскі бізнесовец Аляксандр Караніцын (санкцыі супраць «Гродна Азота» ўвяла і Украіна). Яму ж належыць 45% Wakler DOO. Ён валодае кампаніямі ці доляй праз эмірацкую Wakler FZE. [*][*][*][*][*] 

Былы дырэктар узбекскага Dunger Алімжон Саідаў ачольвае фірму Dunger Navoiy. [*][*] Паводле дакументаў, якія апынуліся ў распараджэнні «Рабочага Руху», гэтая фірма таксама рэгістравала пастаўкі ад «Грыком». Прадметам здзелкі быў гідраксіламінсульфат (ГАС) — запатрабаваны ў хімпраме рэактыў. [*]

Каля чвэрці Dunger Navoiy належыць заводу Navoiyazot, які ўваходзіць у структуру дзяржаўнага хімічнапрамысловага холдынгу Узбекістана «Узкімёсанаат». Тры чвэрці — кампаніі «СБПМ», след якой праз некалькі ўкраінскіх фірмаў і эмірацкую Mainstay Capital FZС вядзе да таго ж украінскага бізнесоўца Аляксандра Караніцына і яго партнёра Яўгена Вераб'ёва. [*][*][*][*][*][*][*][*]

У рэдакцыю БРЦ прыйшоў ліст ад «СБПМ»,  у якім гаворыцца, што пасля публікацыі лютаўскага расследавання БРЦ, «кіруючыся дзелавой этыкай і дзеля абароны дзелавой рэпутацыі , ... спынілі ўсе кантакты з КУП “Грыком”».

«Адносна асобных угодаў нашай групы з кампаніяй «Грыком» інфармуем, што ў адпаведнасці з прадстаўленымі дакументамі, пастаўляныя тавары выраблены ў Рэспубліцы Беларусь, вытворцам тавараў з'яўляецца КУП “Грыком”, — напісана ў паведамленні. — Тавары, закупленыя па гэтым кантрактам, пастаўляліся на рынкі Узбекістана, Сербіі і Турцыі, якія не ўвялі санкцыйных забаронаў на беларускіх вытворцаў і іх прадукцыю». [*]   

Мы звярнуліся па каментары да беларускага «Грыкома», эмірацкага Mainstay Capital FZС, узбекскага Dunger Navoiy і Navoiyazot, але на момант публікацыі адказаў не атрымалі. Спробы звязацца з Аляксандрам Караніцыным і Яўгенам Вараб'ёвым не прынеслі выніку.

Крыніца: БРЦ

Азотныя ўгнаенні з калійнага заводу

Іншыя кампаніі, якія набываюць забаронены тавар з Беларусі, хаваюць яго паходжанне значна горш. БРЦ выкрыў яшчэ адну схему кантрабанднага экспарту. 

Партыю ўзбекскага карбаміду закупіла літоўская кампанія Milca Baltija. Яе ўласнік — 23-гадовы беларус Раман Семяненя. [*][*][*] Прадпрыемства, вядомае скаргамі супрацоўнікаў на нявыплаты заробкаў і байкатаваннем вытворчасці, зараз з’яўляецца банкрутам.

Акрамя таго, у Рамана Семянені ёсць кампаніі ў Польшчы і Нямеччыне. [*][*][*]   

У мытнай дэкларацыі на набыты Milca Baltija карбамід пастаўка аформлена з дзяржаўнага ўзбекскага Дэхканабацкага калійнага заводу. На ім не вырабляюць азотныя ўгнаенні. [*]  У сертыфікаце якасці замест «масавай долі біўрэта» — гэта кіслата з элементаў азоту напісана «масавая доля бюрэткі». Бюрэтка — лабараторны посуд для дакладнага вызначэння невялікіх аб'ёмаў газаў і вадкасцяў. [*]

Такая памылка, на думку экс-супрацоўнікаў «Гродна Азота» з «Рабочага Руху», можа ўказваць на тое, што чалавек, які запаўняў дакумент, не знаёмы з вытворчасцю азотных угнаенняў. Да таго ж, месцам адгрузкі ў арыгінале накладной для атрымальніка значыцца горад Ліда. [*]

Мы звярнуліся па каментары да Milka Baltija і яе ўладальніку Раману Семянене, а таксама да Дэхканабадскага калійнага завода, але на момант публікацыі адказаў не атрымалі.

Новыя звёны ў ланцужку

Мы звярнулі ўвагу на яшчэ адну падазроную пастаўку. У траўні гэтага года ўзбекскі карбамід у Літву везла беларуская фірма «Славянскі Альянс 2020». Яна належыць былому супрацоўніку Камітэту дзяржкантролю Аляксею Нікіціну, якога раней асудзілі да турэмнага тэрміну за махінацыі пры супрацы з дзяржаўным прадпрыемствам. [*][*][*][*][*][*]   

«Славянскі Альянс 2020» займаецца аптовым гандлем яйкамі, малочнымі і іншымі харчовымі прадуктамі. Атрымальнікам партыі ўзбекскага карбаміду была кампанія UAB Gerta Baltic у Літве. Афіцыйна яна займаецца продажам мяса. [*]

У тэлефоннай размове, у якой журналіст прадставіўся супрацоўнікам кансалтынгавай кампаніі, кіраўнік фірмы распавёў, што ведаў пра пастаўку ўгнаенняў, але не адказаў на іншыя пытанні, звязаныя з ёй. Мы накіравалі афіцыйны запыт у адрас «Славянскага Альянсу 2020», але на момант публикацыі адказу не атрымалі.

Верагодна, «Гродна Азот» выкарыстоўвае і іншыя беларускія кампаніі-пракладкі, каб экспартаваць свае ўгнаенні. За шэсць месяцаў гэтага года Польшча імпартавала больш за шэсць тысяч тон карбаміду з Беларусі на агульную суму амаль €3 млн. Літва — тысячу тон на паўмільёна еўра. [*]

Як і ў выпадку з «узбекскімі ўгнаеннямі», калі карбамід экспартуецца з Беларусі ў Еўразвяз, у ланцужок паставак дадаецца яшчэ адно звяно. 

Праз два месяцы пасля ўвядзення санкцый ЕЗ супраць «Гродна Азоту», у лютым 2022-га ў Беларусі зарэгістравалі новую кампанію «ГлобалДэТры». [*] У лютым 2023-га яна правезла ў Літву партыю карбаміда-аміячнай сумесі (скарочана, КАС) на амаль €137,5 тыс. Краінай паходжання тавару ўказаная Беларусь. [*] Юрый Рававы адзначае, што ўсё, што звязана з аміякам, у Беларусі вырабляецца толькі на  «Гродна Азоце». 

«І карбамідна-аміячная сумесь, і аміячная салетра, і карбамід сам робіцца з аміяку, — пералічвае прадстаўнік “Рабочага Руху”. — І вось гэтае, такое добрае вадкае ўгнаенне, яго ў Беларусі вырабляе таксама толькі “Гродна Азот”. Вось якраз яго немагчыма ні з чым там больш асабліва змешваць. Гэта выключна “Гродна Азот” робіць гэтую рэч у Беларусі».

Дзякуючы «Рабочаму Руху» мы атрымалі дакументы, якія сведчаць, што «ГлобалДэТры» закупаў КАС у «Гродна Азот». [*][*] У адным з лістоў прадпрыемства дзякуе «ГлобалДэТры» за ўзаемавыгадную супрацу ў галіне паставак КАС-32. [*]

Мы патэлефанавалі дырэктару «ГлобалДэТры», каб даведацца, хто вырабляе КАС, якую яны гатовыя экспартаваць у краіны ЕЗ. Дзмітрый Пятрунін запэўніў, што яго прадпрыемства вырабляе гэтую прадукцыю самастойна, а «Гродна Азот» ніякага дачынення да гэтага не мае. Нават складнікі для КАС яны купляюць у іншых дастаўнікоў. 

«У нас свая ўстаноўка па змешванні інгрэдыентаў, знаходзіцца яна ў вёсцы Брузгі, гэта на мяжы з Польшчай. Там вытворчая пляцоўка, там у нас устаноўка і там адбываецца змешванне», — распавёў БРЦ Пятрунін.

Мы таксама звярнуліся па каментар да «Гродна Азота», але на момант публікацыі адказу не атрымалі.

Надзейныя бізнес-партнёры

Ацэньваючы ўплыў санкцый на працу «Гродна Азот» праз амаль паўгоду пасля іх увядзення, генеральны дырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка сказаў

«Павялічыліся тэрміны дастаўкі тавару кліентам, змянілася геаграфія паставак, але стабільная якасць вырабленай прадукцыі, узаемавыгадная супраца і цвярозы розум нашых надзейных бізнес-партнёраў дазваляюць знаходзіць новыя магчымасці для працы ў бягучых эканамічных умовах».

Наша расследаванне не толькі пацвярджае яго словы, але і раскрывае некаторых «партнёраў з цвярозым розумам». 

Прадукцыю «Гродна Азот» у Еўропе нібыта замяніў карбамід з Узбекістану. Але частка гэтых паставак насамрэч — беларускія ўгнаенні з падсанкцыйнага «Гродна Азоту». Гэтай кантрабандай займаюцца як прафесіяналы — напрыклад, «Грыком», пры дапамозе ўкраінскіх трэйдараў, якія свядома абыходзяць санкцыі і Еўразвязу, і Сербіі, і Украіны, так і гульцы кшталту Milca Baltija, якая па дакументах купляе азотныя ўгнаенні ў калійнага заводу. Усё гэта пакрываюць дзяржаўныя прадпрыемствы Узбекістану. 

Юрый Рававы лічыць, што праз недахоп кантролю частка санкцый ператвараецца ў паўмеры. 

«Дзесяць і нават больш супрацоўнікаў “Гродна Азот” зараз знаходзяцца ў месцах зняволення па палітычна матываваных прычынах. І калі не ствараць ніякага рычага ціску, то гэта ўсё будзе працягвацца. Калі заплюшчваць вочы і даваць абыходзіць гэтыя санкцыі, то злачынец, атрымліваецца, не нясе ніякага пакарання. Калі рашэнне прынятае, значыць, мы дзейнічаем у гэтым кірунку і ідзем да канца». 

Каб перадухіліць абыход санкцый, можна ўвесці дадатковыя меры, якія абмяжуюць магчымасці паставак прадукцыі  «Гродна Азоту» на еўрапейскі рынак, лічыць Павел Латушка. У якасці прыкладаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення прыводзіць «санкцыі ў дачыненні да ўсяго віду гэтай прадукцыі» і кватаванне: «напрыклад, пастаўляць тавар у аб'ёмах, які існаваў да вайны».

Выключная адказнасць за любы кантэнт, стварэнне якога падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі (European Media and Information Fund, EMIF), ляжыць на аўтары(-ах), ён можа не адлюстроўваць пазіцыі EMIF і партнёраў Фонду — Фонду Калуста Гульбенкяна (Calouste Gulbenkian Foundation) і Еўрапейскага ўніверсітэтскага інстытуту (European University Institute).

Іншыя Расследаванні