Антыфэйк / фактчэк 10 лютага

Лукашэнка ацаніў эканомію на вулічным асвятленні. Праверылі — не сходзіцца

По яго падліках, за гэтыя грошы можна пабудаваць тры малочныя комплексы, сем прафілакторыяў для цялят ці падняць пенсіі на 10%.

За грошы, зэканомленыя на 30-хвілінным скарачэнні працы вулічнага асвятлення ў содні, за год можна пабудаваць тры малочна-таварныя комплексы, сем прафілакторыяў для цялят ці падняць пенсію на 10%. Такімі падлікамі падзяліўся Аляксандр Лукашэнка падчас нарады з кіраўніцтвам Саўміна Беларусі. Каманда Weekly Top Fake праверыла іх слушнасць. 

Кантэкст: Беларусам 4 лютага 2026 года давялося ў час пік вяртацца з працы дахаты па цёмных вуліцах і дарогах. У краіне па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі змянілі графік уключэння вулічнага асвятлення: увечары святло ўключылі бліжэй да 20:00 замест 18:00, а раніцай выключылі а 7:00—7:30. 

Аляксандр Лукашэнка 6 лютага заявіў, што асвятленне на вуліцах уключылі ўсяго на 10—15 хвілін пазней, а актыўнае раскручванне гэтай тэмы — інфармацыйна-псіхалагічная спецаперацыя (ІПСА) «збеглых» супраць Беларусі. Далей ён падзяліўся падлікамі, на што хопіць зэканомленых на электрычнасці грошай: 

«Дзесяць хвілін! А ніхто не палічыў, што гэтыя 10—15 хвілін, як [старшыня Менгарвыканкаму Кухараў] Уладзімір Яўгенавіч кажа, па годзе гэта даюць тры малочна-таварныя комплексы па кошце і сем прафілакторыяў для цялят, як модна цяпер казаць. Але самае галоўнае: з 1 лютага я падпісаў указ пра падвышэнне пенсіі. Трошкі, на 10%, але павялічылі пенсіі ў гэтых умовах пенсіянерам. Так калі за год узяць гэту эканомію, гэта практычна гэта падвышэнне. Дзесяць хвілін пацярпець!»

Прадстаўнікі Мінгарсвятла ў сваіх інтэрв'ю шмат разоў заяўлялі, што на асвятленне вуліц выдаткоўваецца ўсяго паўадсотка ўсёй электраэнергіі, што спажываецца Менскам. Калі выказаць здагадку, што такі ж парадак выдаткаў на асвятленне вуліц і ў іншых рэгіёнах, то ў суме па краіне на гэта ідзе чвэрць мільярда кВт⋅г ці амаль 4 тыс. гадзін працы вулічных ліхтароў штогод. У грашах атрымліваецца 130 млн беларускіх рублёў (прыкладна $45,1 млн).

Калі скараціць працу асвятляльных прылад на 15 хвілін раніцай і ўвечары, то атрымаецца ашчадзіць 6 млн рублёў у год ці трохі больш за $2 млн. А калі на 2,5 гадзіны ў содні, як насамрэч запатрабаваў Лукашэнка, — 30 млн. рублёў ці амаль $10,48 млн.

Каманда WTF праверыла, ці можна за гэтыя грошы пабудаваць тры малочна-таварныя комплексы і сем прафілакторыяў для цялят, як сцвярджае Лукашэнка. Журналісты вывучылі дзяржпраграму «Аграбізнес» на мінулую пяцігодку. Там паказана, што буйныя малочна-таварныя комплексы каштуюць 30—50 млн рублёў, а недарагія — каля 10 млн. 

То бок 15-хвіліннай эканоміі на асвятленні можа не хапіць нават на адзін невялікі малочна-таварны комплекс. Але калі працягваць год жыць, падразаючы працу ліхтароў на 2,5 гадзіны ў содні, як гэта было 4 лютага 2026 года, то тры комплексы за зэканомленыя грошы пабудаваць атрымаецца.

Што да падвышэння пенсіяў, якое нібыта можна пакрыць зэканомленымі на электрычнасці грашамі: па афіцыйных разліках, на яго патрэбныя дадатковыя 219 млн рублёў толькі на люты — у паўтара разу больш, чым каштуе вулічнае асвятленне па ўсёй краіне за год.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць