Эканоміка з Чалым

03 кастрычніка

Калі ў Беларусі плануецца эканамічны цуд і якую таямніцу выдала намесніца міністра працы

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі падзенне заробкаў, царскі скайп, вечныя санкцыі супраць Беларусі.

Заробкі беларусаў пачалі зніжацца. Улады краіны разлічваюць падвоіць ВУП да 2040 года, а Аляксандр Лукашэнка зноў паспрабаваў абаяць моладзь. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоў «Чалы: Эканоміка». Публікуем цытаты з гутаркі.
Змест
01:00 У Беларусі расце ВУП
03:33 Зніжкі для ўразлівых катэгорый насельніцтва працягнуць дзейнічаць
04:45 Планы развіцця Беларусі да 2040
07:59 Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі
09:08 «Дайце мне эканоміку для вайны»
09:49 Амерыканцы нежыццяздольныя без долара?
11:00 Паскораная навукова-тэхнічная рэвалюцыя
13:01 Лукашэнка і стартап-праекты
19:12 Два сцэнары развіцця Беларусі

Заробкі пачалі зніжацца — надзьмутая бурбалка спляснецца

«Што стала драйверам эканамічнага росту? Штучнае стымуляванне ўнутранага попыту або інвестыцыйнага і спажывецкага. Гэта надзіманне бурбалкі, якая, несумненна, спляснецца. І, дарэчы, першыя прыкметы таго, што эканоміка пачынае намацваць тыя самыя свае межы росту, нават нягледзячы на ўсю гэтую напампоўку, — што пачалі зніжацца заробкі.

Па адным месяцы складана казаць, ці з'яўляецца гэта нейкай тэндэнцыяй. Але цалкам магчыма, што гэта роўна тое, пра што папярэджвалі».

Намесніца міністра прагаварылася, колькі ў Беларусі пенсіянераў

«Працягнулі дзеянне зніжак 10% для ўразлівых катэгорыяў насельніцтва — пенсіянеры, людзі з інваліднасцю, шматдзетныя сем'і, малазабяспечаныя слаі насельніцтва. Там хлеб, мука. Карацей, 29 таварных груп: макароны, ялавічына, кураняты. <...>

Гэтая праграма спадабалася нашым грамадзянам. Больш за два мільёны чалавек скарысталіся гэтымі зніжкамі. Два мільёны чалавек з дзевяці [мільёнаў] прыкладна насельніцтва. 

У нас нядаўна прагаварылася выпадкова намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка: падчас прэс-канферэнцыі сказала, што ў нас кожны пяты — пенсіянер, і назвала лічбу, колькі [з іх] працягвае працаваць. То бок можна памножыць на пяць і атрымаць 2,07 мільёна пенсіянераў. Два мільёны — пенсіянеры. Два мільёны скарысталіся гэтымі зніжкамі». 

Устойлівае развіццё да 2040 года і вечныя санкцыі

«Пра ўмовы для далейшага эканамічнага росту. Гэта, вядома ж, планы нацыянальнай стратэгіі дасягнення мэтаў устойлівага развіцця да 2040 года. Каб да канца <...> Беларусь увайшла ў топ-50 краін па ВУП на душу насельніцтва.

Я шчыра скажу, што яны робяцца метадам копіпасту, гадоў 20 прыкладна складаюцца аднолькава. Спачатку ідзе такая ненавуковая фантастыка, як у нас усё закаласіцца, як касмічныя караблі будуць баразніць прасторы Вялікага тэатру. Як у нас будзе ўкараняцца смарт-індустрыя і тэхналогіі беражлівай вытворчасці. <...> Таксама будзе развівацца машынабудаванне і перапрацоўка сыравіны. 

Увогуле, падваенне ВУП — эканамічны цуд павінен здарыцца прыкладна паміж 2030 і 2040 гадамі. Мы плануем, як у Мюнхгаўзена, — паміж 20 і 30 годам (верагодна, маюцца на ўвазе 2030 і 2040 гады — рэд.) вычын. А пакуль мы будзем развіваць машынабудаванне і перапрацоўку сыравіны. А потым нейкім чароўным чынам яно стане смарт-індустрыяй і беражлівай вытворчасцю. 

Але самае галоўнае тое, чаго, напрыклад, БелТА не паказала, што ў здагадках, у якіх гэты план і будуецца, палітычны і эканамічны ціск захаду на Беларусь не спыніцца. Гэта значыць, яны разлічваюць, што вось гэты рэжым санкцый, у якім апынуліся, будзе вечным».

Царскі скайп ці як Лукашэнка спрабуе абаяць моладзь

«Сустрэча са студэнтамі інжынерна-тэхнічных ВНУ Менску ў фармаце адкрыты мікрафон. І там, вядома, Лукашэнка разгарнуўся. Гэта ж не першы раз ён спрабуе абаяць нашу моладзь. А першая была спроба — ён, мабыць, думаў, што гэта забойны аргумент: "Я вам пакажу ноўтбук "Гарызонт", беларускі ноўтбук, вы можаце нават яго памацаць". 

Ноўтбука не хапіла. Больш жалезны аргумент — гэты царскі скайп — тэлефон. Перашкодаабаронены, устойлівы. Масіўны, вядома. Але гэта таму што распрацоўка КДБ. І самае галоўнае ж там, хутчэй за ўсё, супрацьвыбуховы корпус. Лукашэнка ж не проста так сказаў, што "я яго не нашу". Яго носіць ад'ютант.

Але, першае ж, што ты прамаўляеш, прыйшоўшы ў гэтую ВНУ, гэта тыпу "усё добра, а перашкодаўстойлівую ракету вы можаце зрабіць?" Ну, то бок, вось гэта любы дурань можа, а ты "Мурку" зайграй».