У Беларусі ў верасні 2025 года замарудзілася інфляцыя, а ўзровень беспрацоўя ў краіне дасягнуў рэкордна нізкай адзнакі. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоу «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.
Пра сітуацыю на рынку працы
«Узровень беспрацоўя абнавіў гістарычны мінімум. … Прытым, гэта новы рэкорд, таму што папярэдні быў у другім квартале. Гэта — трэці квартал гэтага года. То бок быў 2,6%, стаў 2,4%.
Палітыка ўлад па ўцягненні грамадзянаў у працоўную дзейнасць, апынаецца (гэта, мабыць, змаганне з дармаедствам), спрыяла ўзросту занятасці да гістарычнага максімуму — 69,1%, маецца на ўвазе занятых у эканоміцы ад насельніцтва. Аднак прэсавая служба Мінпрацы, першая намміністра Таццяна Астрэйка сказала, што … трэба шмат эмігрантаў. Таму што ва ўзроставай групе 25-49 гадоў занятасць дасягнула пікавых 95-96%.
Як адзначае Еўразійскі банк, колькасць размешчаных вакансіяў скарачаецца ўжо тры месяцы запар і дасягнула мінімуму з пачатку года. То бок сітуацыя на рынку працы стабілізуецца на фоне запаволення росту выпуску. Прытым, што цікава, і колькасць занятых у эканоміцы скарачаецца».
Інфляцыя запавольваецца
«З нагоды інфляцыі днямі адсправаздачыўся Нацбанк: пра тое, што, глядзіце, скарачаецца! Ну, як скарачаецца: 7,3%, 7,2%, вось 7,1% — верасень 2025 года. Я да чаго гэта? Яны паставілі сабе, памятаеш, там спрэчка была: не 7% на наступны год, а не больш за 7%. То бок, а раптам жа яна стане менш за 7%? А вы ж, каб выканаць, будзеце ж маляваць 7%, а гэтак жа няправільна. Карацей, вось гэта вось “не больш за 7%”, здаецца, адзінае, што яны дадалі ў гэту самую [праграму]… Гэта працоўная група, якая актыўна гэтым усім займалася.
Проста, каб было зразумела: тамсама [старшыню кіравання Нацбанку Беларусі Раману] Галоўчанцы даручылі дамагацца большага ўцягнення банкаў у фінансаванне ўнутранай эканомікі: стымуляваць менавіта інвестыцыйнае крэдытаванне і дэстымуляваць спажывецкае».
Пра акругленне паказнікаў і «збалансаваны рост»
«Нас … цікавіць Галоўчанка, які нібыта справаздачыўся пра тое, што працоўная група пад яго пільным кіраўніцтвам унесла папраўкі. Там будуць вельмі цікавыя рэчы. … Ён пачаў казаць пра тое, што ў нас жа праграма [сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі] да 2030 года. Гэта не тое, што цяпер Лукашэнка зацвердзіў, гэта на цэлую пяцігодку. Ён кажа: гэта ж не толькі, што мы яе ўнясём, — да яе ўнясення ў снежні на разгляд Усебеларускага народнага сходу пройдзе яшчэ абмеркаванне з дэлегацыямі ад рэгіёнаў. Але гэта вось настолькі ў іх цяжкая сітуацыя, што патрэбныя непрычасаныя думкі адусюль. <...>
Проста я спрабую пачуць ад іх, што ж вы дакладна змянілі? Таму што, насамрэч зацвердзілі ж роўна тыя параметры, якія там і разглядаліся. Роўна тыя ж параметры. “Удзельнікі працоўнай групы захавалі ключавыя асаблівасці праграмы, уважліва перагледзелі індыкатары, акруглілі іх”. Пад чуйным кіраўніцтвам Галоўчанкі. Ну, карацей, акруглі іх, зрабіўшы іх больш выразнымі і зразумелымі. То бок, напрыклад, было два знакі пасля коскі, а зараз будзе адзін ці, напрыклад, зусім не будзе. І ўсё. Ну, класна!
Але! Увага! “Вызначаныя ў праекце праграмы заданні і індыкатары шмат у чым патрабуюць сур'ёзнай напругі кадраў і мабілізацыі рэсурсаў, … таму што арыентацыя, — кажа Галоўчанка, — толькі на “збалансаваны рост” (і яны бяруць у двухкоссе “збалансаваны рост”) не прывядзе да скарачэння тэхналагічнага і дэмаграфічнага адставання ад асноўных эканомік і не накіроўвае органы ўлады на пошук эфектыўных мадэляў апераджальнага развіцця". І мы ж разумеем, камень у чый гарод гэта фраза, асабліва, калі ты “збалансаваны рост” бярэш у двукоссе. Таму што гэта роўна тое, што ўвесь час падкрэсліваў [прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр] Турчын.
Самае галоўнае заданне — забяспечыць збалансаваны рост. То бок, што такое збалансаваны рост? Той, які надалей не прывядзе, па мадэлі Пятра Пятровіча Пракаповіча, спачатку мы дэманструем 9% тэмпы эканамічнага росту, потым мы атрымліваем эпічны крызіс з трохразовай дэвальвацыяй».
Канвертаваць палітычны капітал у эканамічны
«Пакуль жа на афрыканскія краіны даводзіцца толькі 2% ад экспарту Беларусі. Прытым яны ж там рапартуюць пра нейкі неверагодны ўзрост. Там 130% плюса, нешта такое. Восем месяцаў мінулага года паказнік быў на ўзроўні 1,9%. То бок доля на 0,1% усяго павялічылася.
І далей. Вось, уласна, для чаго ўся гэта нарада робіцца. "Вы ведаеце, як манетызаваць палітычны капітал ва ўзаемавыгадныя праекты”, — канстатаваў Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемстваў. У перакладзе на нармальную чалавечую мову, гэта што азначае? Я ўсё зрабіў, палітычны капітал — ну, з'ездзіў, там, пагаварыў, распавёў пра тое, што ў нас неяк блізкія адносіны ў палітычнай сферы. Ну а вы ж ужо ведаеце, як манетызаваць гэты мой палітычны капітал ва ўзаемавыгадныя праекты?»