Эканоміка расце, але беларусы эканомяць на ежы
«[Цэнтр эканамічных даследаванняў] BEROC ... правёў сваё даследаванне ... дамашніх гаспадарак з нагоды, ці адчуваюць яны сябе багацейшымі. ... Эканоміка расце, наяўныя даходы насельніцтва растуць выдатнымі тэмпамі, а чагосьці мы неяк у паводзінах людзей, якія назіраем, гэтага не бачым — ні на валютным рынку, ні ў спажывецкіх перавагах.
І 24,7% [апытаных] заявілі пра зніжэнне сваіх даходаў летась. <...> Прычына — рост коштаў на 52% і змяненне курсу рубля да замежных валют.
Самае каштоўнае ў гэтым даследаванні — гэта стратэгія, як людзі спраўляюцца з памяншэннем сваіх даходаў. Калі 43% паводзяць сябе так, як і чакалася, што называецца, ашчаджэнне на вольным часе, то бок у кіно менш ходзяць. Гэта нармальна. Гэта скарачэнне дыскрэцыйных выдаткаў. <...> Але 33% скарацілі выдаткі на ежу. 26% радзей сталі купляць новую вопратку. 15% адклалі буйныя пакупкі. 25% пратэрмінавалі плацяжы. Што такое пратэрмінавалі плацяжы? Гэта вось гэтая ілюзія багацця, якая стваралася за кошт гэтых самых спажывецкіх крэдытаў, якія б'юць рэкорды кожны месяц. І 27% марнуюць ашчаджанні».
Кампенсацыя неэфектыўнасці гандлю
«І тут жа паседжанне Савету міністраў. Справаздача па 2024 годзе. Другі год запар эканоміка паказвае рост вышэй мэтавых параметраў. А другі год, як мы ведаем, гэта ў нас ужо доўгая тэндэнцыя. Па цяперашніх мерках, гэта ж ужо мы хвалімся.
Захавана макраэканамічная стабільнасць, збалансаваны валютны рынак. Адзіны параметр, па якім не выканалі, — гэта экспарт. Прычыны, праз якія па экспарце не дацягнулі, аказваецца — кан'юнктурныя фактары аказалі свой уплыў. Кан'юнктурныя фактары, пераводзячы на рускую мову, — гэта коштавы фактар. Гэта, фактычна, у перакладзе на яшчэ больш простую рускую мову, "Белкалій" дэмпінгуюць — вось і кан'юнктурныя фактары ўтвараюцца.
Але і нельга назваць дастатковымі вынікі працы па дыверсіфікацыі экспартных паставак. Гэта значыць там жа планавалі гэтую далёкую дугу (краіны Афрыкі, Блізкага Усходу, Азіі, Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна — рэд.). Дарэчы, з нагоды далёкай дугі выказаўся яшчэ і міністр эканомікі [Юрый] Чабатар.
"Мы, — кажа Чабатар, — ставілі амбітныя задачы па нарошчванні продажаў у краіны далёкай дугі. <...> Разам працуем над тым, каб фармаваць зборныя партыі адгрузкі ў далёкія рэгіёны, бо гэта лагістычна больш эфектыўна". Груба кажучы, гэта ў перакладзе на рускую мову азначае, што нікому не выгадна так далёка гандляваць. "Прапрацоўваецца пытанне магчымай кампенсацыі лагістычных паставак у краіны далёкай дугі", — [сказаў міністр].
Па-мойму, выдатная ідэя. Калі нешта трэба нам ідэалагічна, але гэта эканамічна нявыгадна, давайце прапрацуем механізм кампенсацый. <...> Вось мы, калі туды пачнем прадаваць, мы ж там сядзець-багацець будзем. Потым высвятляецца, што гэта ўсё трошкі стратна. І для таго, каб гэта стала колькі-небудзь выгадна для асобных прадпрыемстваў, гэта трэба кампенсаваць. За кошт чаго кампенсаваць? За кошт дзяржаўных жа сродкаў. Ну і кола замкнулася».
Пра падсціланне саломкі пад існуючыя трэнды
«Намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Ягораў, былы кіраўнік Банку развіцця, у эфіры праграмы "Актуальныя інтэрв'ю" на першым інфармацыйным распавёў, як важны старт эканомікі. Што, маўляў, студзень кажа, што эканоміка працягвае расці. Гэта немалаважна. Але, кажа, калі глядзець вынікі не год да года, а квартал да квартала, то, аказваецца, ёсць і сезоннасць, але калі яе прыбраць, то мы атрымаем згладжаную ацэнку ВУП. І аказваецца, што ВУП будзе расці ад квартала да квартала.
Дык вось, калі яна (эканоміка — рэд.) расце раўнамерна, тады эканоміка цяжэй будзе спыняцца. Нават калі яна пачне ўжо, можа быць, тармазіць, то мы ў гэтым рэальным ВУП адчуем толькі, дапусцім, праз год.
"Але нават калі яна ўжо, можа быць, пачне тармазіць" — гэта выглядае не інакш, як спроба падаслаць саломку ўжо пад існуючыя трэнды».
Новая палітыка БМЗ
«Пяройдзем на мікраэканоміку. Мой любімы прыклад — гэта БМЗ (Беларускі металургічны завод — рэд.). Мы звычайна называем у якасці самых правальных прыкладаў мадэрнізацыі дрэваапрацоўку. Але ёсць жа гісторыя БМЗ, калі яны зрабілі асобны сталеплавільны цэх у сітуацыі, калі кошты на металапракат падалі, ... таму што кітайцы запаланілі гэты рынак.
Вынікі чацвёртага квартала, казаў гендырэктар, нешта неяк мы адчулі лёгкае запаволенне. Спадзяемся, што ў наступным годзе гэтага нічога такога... І вось, нарэшце, ... палітыка Беларускага металургічнага заводу — трымаць той узровень вытворчасці сталі, які дазваляе заводу стабільна працаваць і забяспечваць сябе матэрыяламі. Аказваецца, завод павінен працаваць, каб забяспечваць сябе матэрыяламі, а не для таго, каб нешта карыснае рабіць і мець станоўчую рэнтабельнасць. <...>
Было падкрэслена, што ў сусветнай абстаноўцы, якая складваецца, няма сэнсу імкнуцца да залішніх аб'ёмаў вытворчасці сталі, якія могуць прыносіць страты. Ну, гэта значыць праз шмат гадоў пасля таго, як... Аказалася, што залішнія аб'ёмы вытворчасці сталі могуць прыносіць страты».