Агульны кошт дамовы па тэндары – 210 тысяч беларускіх рублёў, адзін камплект абыдзецца бюджэту ў 52 500 рублёў. У дакументацыі гаворыцца, што комплекс павінен забяспечваць страту кіравальнасці бытавых БЛА з дапамогай «прыцэльнага блакавання каналаў кіравання».
У тэхнічным заданні не пазначана канкрэтная мадэль антыдронавай стрэльбы, але прыводзяцца патрабаваныя характарыстыкі – вага каля 6,5 кг, габарыты 900х315х190 мм, як мінімум сем блакіруемых дыяпазонаў і не менш за 60 хвілін працы пры цалкам зараджанай батарэі. Такім характарыстыкам адпавядае комплекс НТТ Гарпун-3. Ягоны кошт пачынаецца прыкладна ад 60 тысяч беларускіх рублёў.
На сайце вайсковай часткі пазначана, што в/ч 3214 – гэта трэцяя асобная брыгада спецназа МУС Беларусі. Паводле інфармацыі беларускіх медыяў, менавіта спецназ гэтай часткі жорстка разганяў пратэстоўцаў у сакавіку 2006-га і жніўні 2020 года. Кіраваў збіццём былы камандзір часткі Дзмітрый Паўлічэнка. Яго называюць заснавальнікам «эскадрону смерці», які ў 1999-2000 гадах, паводле СМІ, знішчаў крымінальных аўтарытэтаў і апанентаў Лукашэнкі.
Мы ўжо пісалі аб тым, што Дэпартамент фінансаў і тылу МУС шукае спецыялістаў для падрыхтоўкі аператараў беспілотных лятальных апаратаў.
Акрамя таго, сам Аляксандр Лукашэнка неаднаразова засяроджваў увагу на гэтай тэме. У сакавіку, пасля падрыву ваеннага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах, ён заявіў, што «зброяй злачынства» быў беспілотнік:
«Абралі маленькі беспілотнік. Таму што, калі б яны выкарыстоўвалі вялікі, то сістэмы нашага сачэння, вядома, яго б адсачылі».
Таксама, незадоўга да гэтага, Лукашэнка казаў, што Беларусь сама вырабляе ўдарныя беспілотнікі, аднак усе яны даволі «нізкага ўзроўню». Акрамя таго, ён сцвярджаў, што беларускія спецыялісты надаюць вялікую ўвагу сістэмам па супрацьдзеянні дронам.