Калі меркаваць па публічнай інфармацыі, Мінабароны пакуль не сутыкалася з уцечкамі інфармацыі.

Міністэрства абароны Беларусі выдзеліла 650 тысяч рублёў на праграмна-апаратны комплекс для выяўлення і прадухілення ўцечак інфармацыі. Такі тэндар на сайце дзяржаўных закупаў знайшоў БРЦ.

У дакументацыі пазначана, што гаворка ідзе аб закупах розных праграмных прадуктаў расейскай кампаніі Infowatch або аналагаў. На сайце вытворцы гаворыцца, што яго праграмы дапамагаюць кантраляваць і перадухіляць уцечкі інфармацыі, маніторыць працу супрацоўнікаў, расследаваць інцыдэнты і прагназаваць рызыкі. Сярод кліентаў кампаніі – міністэрства абароны Расеі, Растэх, сетка крам «Магніт», расейская «дачка» аўстрыйскага банка Raiffeisen і іншыя. Мяркуючы па дакументах, праграмамі будуць карыстацца як мінімум 400 чалавек.

БРЦ заўважыў, што ваеннае ведамства ўжо чацвёрты раз за тры месяцы спрабуе набыць такое праграмнае абсталяванне. Тры мінулыя тэндары былі адмененыя або прызнаны несапраўднымі. Апошні раз мінабароны закупляла софт для абароны інфармацыі ў 2021 годзе.

Калі меркаваць па публічнай інфармацыі, мінабароны пакуль не сутыкалася з уцечкамі інфармацыі. Пры гэтым «Кіберпартызанам» атрымоўвалася ўзламаць базы дадзеных МУС, ДТСААФ, службы бяспекі Лукашэнкі і шэрагу іншых ведамстваў.

Іншыя Навіны