Расследаванні

21 лютага 2023

Зліў: як Крэмль хоча падпарадкаваць Беларусь

Дакумент аб магчымых планах па ўзмацненні расейскага ўплыву ў Беларусі.

Рэдакцыя Yahoo News атрымала дакумент аб магчымых планах па ўзмацненні расейскага ўплыву ў Беларусі. Яго нібыта прадставіла крыніца з адміністрацыі Уладзіміра Пуціна. Гэтым «злівам» журналісты падзяліліся з Süddeutsche Zeitung, Delfi Estonia, Dossier, The Kyiv Independent, WDR, VSquare, Frontstory, NDR, Expressen і Беларускім расследавальніцкім цэнтрам.

Крыніца з адміністрацыі Пуціна адзначае, што дакумент датуецца 2021 годам. Ён нібыта распрацаваны ва Упраўленні Прэзідэнта Расейскай Федэрацыі па памежным супрацоўніцтве. У 2021 годзе яно было рэфармаванае і зараз спецыялізуецца на еўрапейскім напрамку.

Мяркуючы па дакуменце, сярод планаў Расеі – забяспечыць сваю ваенную прысутнасць у Беларусі, спрасціць працэдуру выдачы беларусам расейскіх пашпартоў, увесці адзіную валюту для дзвюх краін.

Кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч лічыць, што журналіст, які падзяліўся ўцечкай, «мае чыстую рэпутацыю ў міжнародных расследавальніцкіх колах». Зыходзячы з гэтага, ён вырашыў пераказаць змест дакумента. Аналітыка Станіслава Івашкевіча даступная на YouTube-канале БРЦ.

Паводле «зліву», атрыманаму Yahoo News, галоўная стратэгічная мэта Расеі – стварэнне да 2030 году паўнавартаснай Саюзнай дзяржавы. У 10-старонкавым дакуменце прапануюцца канкрэтныя крокі ў гэтым напрамку. Ён падзелены на тры блокі перспектыў – кароткатэрміновую, сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую. Для кожнай з іх распрацаваныя планы па рэгуляванні трох сфер грамадскага жыцця: палітычнага, гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага. У кожным пункце аўтар(ы) дакумента вылучае(юць) «мэты» і «пагрозы» іх рэалізацыі.

Адзначым, што раней падобныя «злівы» ужо з'яўляліся ў СМІ, аднак апісаныя ў іх планы не былі рэалізаваныя.

Лукашэнка і Пуцін
Крыніца: Васіль Федасенка, Reuters

Кароткатэрміновая перспектыва

Сярод мэтаў Расеі ў палітычнай сферы – фармаванне ўстойлівых прарасейскіх груп уплыву ў беларускай палітычнай эліце паралельна з «абмежаваннем уплыву» мясцовых «нацыяналістычных і празаходніх сіл». Прадугледжваецца таксама завяршэнне канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі на расейскіх умовах і, як вынік, аказанне фарміруючага ўздзеяння на беларускую партыйна-палітычную сістэму.

У той жа час сумесныя ваенныя вучэнні дзвюх краін прапануюць зрабіць рэгулярнымі і зацвердзіць адпаведны графік. Удзельнічаць у такіх вучэннях, згодна з планам, будуць узброеныя сілы і спецслужбы дзвюх краін. Згортванне такой практыкі можа паставіць пад пагрозу інтэграцыю Расеі і Беларусі, адзначаецца ў «зліве».

Таксама ў дакуменце згадваюцца планы па ратыфікацыі пагаднення аб узаемным прызнанні візаў і ўзмацненні памежнага і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Асобна прапісана «забеспячэнне ўбудавання БелАЭС у энергасістэму Саюзнай дзяржавы».

Фінальны пункт плана прадугледжвае кантроль Расеі за «ўсёабдымным выкананнем Рэспублікай Беларусь абавязацельстваў у межах Саюзнай дзяржавы і іншых інтэграцыйных аб'яднанняў».

Пагрозай для ўзмацнення расейскага ўплыву ў Беларусі, паводле дакумента, можа стаць збліжэнне нашай краіны з НАТА ці асобнымі яго сябрамі, а таксама дэстабілізацыя яе грамадска-палітычнага становішча «з прычыны ціску ЕЗ і ЗША». Асцерагаюцца аўтары дакумента і «ўзмацнення» ў атачэнні Лукашэнкі пазіцый «празаходніх і нацыяналістычна настроеных» палітыкаў.

У гандлёва-эканамічнай сферы, калі верыць дакументу, Расея мае намер дзейнічаць падобным чынам. Сярод кароткатэрміновых мэт, напрыклад, фармаванне прарасейскіх груп уплыву ў беларускай эканамічнай эліце, а таксама рашэнне праблем з «транзітам і інфраструктурнымі платформамі». Больш за тое, Расея нібыта мае намер пераарыентаваць на свае парты ўвесь аб'ём прадукцыі, якая перавальваецца праз парты краін Балтыі і Польшчы.

Таксама ў дакуменце напісана аб жаданні Расеі адмяніць роўмінг на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы і пасадзейнічаць уступленню Беларусі ў СГА.

Магчымымі пагрозамі для інтэграцыі ў кароткатэрміновай перспектыве ў дакуменце называюцца магчымае павелічэнне аб'ёмаў гандлю Беларусі з краінамі ЕЗ і ЗША і «дыскрымінацыя расейскіх кампаній і вытворцаў». Таксама аўтар(ы) прадугледжвае(юць), што Расея і Беларусь могуць сутыкнуцца з праблемамі пры збыце электраэнергіі, згенераванай на БелАЭС з-за «скаардынаванай кампаніі еўрапейскіх краін».

У гуманітарнай сферы, згодна з дакументам, у кароткатэрміновай перспектыве плануецца фарміраванне прарасейскіх груп уплыву ў беларускай навукова-экспертнай супольнасці і грамадзянскай супольнасці. У медыяпрасторы Беларусі пры гэтым павінны прасоўвацца ўстаноўкі аб перавагах культурнай, эканамічнай і палітычнай інтэграцыі з Расеяй.

Плануецца таксама павелічэнне колькасці беларускіх студэнтаў, слухачоў і курсантаў у вядучых ВНУ Расеі, паведамляецца ў дакуменце. У той жа час Беларусь павінна адкрыць на сваёй тэрыторыі пункты прыёму АДЭ альбо распрацаваць методыку ўзаемазаліку вынікаў ЦТ і АДЭ.

Асобным пунктам прапісана павелічэнне колькасці гастроляў расейскіх тэатраў федэральнага і рэгіянальнага значэння ў Беларусі, часовых выстаў расейскіх музеяў сусветнага, федэральнага і рэгіянальнага маштабу.

Пагрозу гэтым планам, паводле «зліву», могуць прадстаўляць пастаўкі ў Беларусь еўрапейскіх і амерыканскіх вакцын супраць каранавіруса ўзамен расейскіх прэпаратаў. Непакоіць адміністрацыю Уладзіміра Пуціна, мяркуючы па дакуменце, і магчымае памяншэнне ролі расейскіх СМІ ў беларускай інфармацыйнай прасторы.

Сярэднетэрміновая перспектыва

У сярэднетэрміновай перспектыве Расея нібыта мае намер максімальна павялічыць колькасць прарасейска настроеных палітыкаў сярод беларускіх уладаў і спрасціць працэдуру выдачы расейскіх пашпартоў беларусам. Згодна з дакументам, прадугледжваецца таксама пашырэнне інфраструктуры ваеннай прысутнасці Расеі ў Беларусі і недапушчэнне правядзення ваенных вучэнняў НАТА на тэрыторыі нашай краіны.

У той жа час аўтар(ы) дакумента разглядае(юць) магчымае далучэнне Беларусі да НАТА як патэнцыйную пагрозу для інтэграцыі краіны з Расеяй. Такія ж асцярогі выклікае ў яго/іх павелічэнне колькасці беларусаў, якія атрымалі карту паляка, а таксама арыентаваных на пражыванне, вучобу і працу ў ЕЗ.

У гандлёва-эканамічнай сферы, мяркуючы па дакуменце, плануецца уніфікацыя мытнага заканадаўства дзвюх краін, прыняцце і ратыфікацыя Падатковага кодэкса Саюзнай дзяржавы, а таксама аб'яднанне энергетычнай і транспартнай сістэмы Расеі і Беларусі. Адной з пагроз у гэтым кантэксце называецца магчымая пераарыентацыя Беларусі на пастаўкі нафты праз парты Польшчы і Ўкраіны.

Лукашэнка і Пуцін
Крыніца: LRT

Аднак, калі верыць дакументу, большасць планаў сярэднетэрміновай перспектывы датычацца павелічэння расейскага ўплыву ў гуманітарнай сферы Беларусі. Сярод іх, напрыклад, заснаванне Камісіі Саюзнай дзяржавы па правах чалавека і садзейнічанне гастролям у Беларусі вядомых расейскіх выканаўцаў, якія лаяльныя да ўлады або прытрымліваюцца нейтральных палітычных поглядаў.

Акцэнт зроблены на адукацыі. Плануецца адкрыццё ў Беларусі філіялаў расейскіх універсітэтаў, стварэнне расейскай школы ў Менску і дадатковых кабінетаў расейскай мовы ва ўсіх беларускіх універсітэтах.

Сарваць гэтыя планы, мяркуючы па дакуменце, могуць намаганні беларускіх уладаў па беларусізацыі, а таксама поўны ці частковы перавод сістэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі Беларусі на нацыянальную мову. Асобным пунктам у графе пагроз прапісана «адкрыццё паўнавартаснага пасольства ЗША» ў Беларусі.

Доўгатэрміновая перспектыва

Фарміраванне адзінай прававой сістэмы Саюзнай дзяржавы – мэта Расеі нумар адзін на апошнім этапе інтэграцыі з Беларуссю, указана ў дакуменце. Мяркуючы па ім, у доўгатэрміновай перспектыве плануецца таксама правядзенне ўзгодненай сацыяльнай палітыкі, а таксама – фарміраванне агульнай тэхналагічнай, навуковай і інфармацыйнай прасторы Беларусі і Расеі.

Правядзенне знешняй палітыкі дзвюх краін у галіне абароны таксама павінна быць узгоднена, лічаць аўтар(ы) дакумента. Уніфікаваць плануюць і памежную палітыку. У той жа час у дакуменце ёсць пункты аб стварэнні сумеснай сістэмы кіравання ўзброенымі сіламі і ўвядзенні адзіных норм падрыхтоўкі іх асабовага складу.

Стварэнне ўмоў для інтэграцыі Беларусі з ЕЗ і НАТА, а таксама выхад нашай краіны з АДКБ – сярод патэнцыйных пагроз для інтэграцыі Саюзнай дзяржавы, адзначаецца ў «зліве».

Між тым, асноўная ўвага ў доўгатэрміновай перспектыве будзе нададзеная гандлёва-эканамічнай сферы. Так, у дакуменце паведамляецца аб планах адміністрацыі Уладзіміра Пуціна па зацвярджэнні чатырох ступеняў свабоды: перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы. Гаворыцца і аб увядзенні адзінай грашовай валюты, стварэнні агульнага рынку каштоўных папер, поўнай інтэграцыі мытнай і падатковай прастор дзвюх краін. Сярод пагроз – пераарыентаванне эканомікі Беларусі на рынкі Кітая і краін Захаду.

У блоку аб гуманітарнай сферы прапісаныя планы па ўмацаванні пазіцый расейскай мовы ў Беларусі і забеспячэнні яе дамінавання над беларускай. Мяркуючы па «зліве», прадугледжваецца таксама аб'яднанне адукацыйных стандартаў Расеі і Беларусі і ўзаемнае прызнанне дыпломаў.

Рэакцыя дэмакратычных сіл Беларусі на зліў

Франак Вячорка, палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай:

«Лукашэнка заўсёды быў самым зручным, бо яны ведаюць, як паводзіць сябе з ім, як яго кантраляваць, як яго палохаць. А праз Лукашэнку вельмі лёгка кіраваць эканомікай, вайскоўцамі і так крок за крокам. Кожны год беларускі суверэнітэт скажаўся і перадаваўся Расеі. Апошнія два гады беларускі суверэнітэт знаходзіўся на мяжы поўнага знішчэння. Цяпер Расеі не трэба мяняць Лукашэнку, каб рэалізаваць гэты план, таму што Лукашэнка з'яўляецца лепшым выканаўцам гэтых папер».

Валерый Сахашчык, член Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі:

«Ужо зараз Беларусь выконвае ўсё, што ад яе хоча Масква. І расіяне адчуваюць сябе ў Беларусі як дома, не пра ўсё пытаюцца і нават не пра ўсё інфармуюць наша ваенна-палітычнае кіраўніцтва. Я думаю, што далей гэта будзе толькі нарошчвацца».

Іншыя Расследаванні