Кантэкст: Беларусам 4 лютага 2026 года давялося ў час пік вяртацца з працы дахаты па цёмных вуліцах і дарогах. У краіне па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі змянілі графік уключэння вулічнага асвятлення: увечары святло ўключылі бліжэй да 20:00 замест 18:00, а раніцай выключылі а 7:00—7:30.
Аляксандр Лукашэнка 6 лютага заявіў, што асвятленне на вуліцах уключылі ўсяго на 10—15 хвілін пазней, а актыўнае раскручванне гэтай тэмы — інфармацыйна-псіхалагічная спецаперацыя (ІПСА) «збеглых» супраць Беларусі. Далей ён падзяліўся падлікамі, на што хопіць зэканомленых на электрычнасці грошай:
«Дзесяць хвілін! А ніхто не палічыў, што гэтыя 10—15 хвілін, як [старшыня Менгарвыканкаму Кухараў] Уладзімір Яўгенавіч кажа, па годзе гэта даюць тры малочна-таварныя комплексы па кошце і сем прафілакторыяў для цялят, як модна цяпер казаць. Але самае галоўнае: з 1 лютага я падпісаў указ пра падвышэнне пенсіі. Трошкі, на 10%, але павялічылі пенсіі ў гэтых умовах пенсіянерам. Так калі за год узяць гэту эканомію, гэта практычна гэта падвышэнне. Дзесяць хвілін пацярпець!»
Прадстаўнікі Мінгарсвятла ў сваіх інтэрв'ю шмат разоў заяўлялі, што на асвятленне вуліц выдаткоўваецца ўсяго паўадсотка ўсёй электраэнергіі, што спажываецца Менскам. Калі выказаць здагадку, што такі ж парадак выдаткаў на асвятленне вуліц і ў іншых рэгіёнах, то ў суме па краіне на гэта ідзе чвэрць мільярда кВт⋅г ці амаль 4 тыс. гадзін працы вулічных ліхтароў штогод. У грашах атрымліваецца 130 млн беларускіх рублёў (прыкладна $45,1 млн).
Калі скараціць працу асвятляльных прылад на 15 хвілін раніцай і ўвечары, то атрымаецца ашчадзіць 6 млн рублёў у год ці трохі больш за $2 млн. А калі на 2,5 гадзіны ў содні, як насамрэч запатрабаваў Лукашэнка, — 30 млн. рублёў ці амаль $10,48 млн.
Каманда WTF праверыла, ці можна за гэтыя грошы пабудаваць тры малочна-таварныя комплексы і сем прафілакторыяў для цялят, як сцвярджае Лукашэнка. Журналісты вывучылі дзяржпраграму «Аграбізнес» на мінулую пяцігодку. Там паказана, што буйныя малочна-таварныя комплексы каштуюць 30—50 млн рублёў, а недарагія — каля 10 млн.
То бок 15-хвіліннай эканоміі на асвятленні можа не хапіць нават на адзін невялікі малочна-таварны комплекс. Але калі працягваць год жыць, падразаючы працу ліхтароў на 2,5 гадзіны ў содні, як гэта было 4 лютага 2026 года, то тры комплексы за зэканомленыя грошы пабудаваць атрымаецца.
Што да падвышэння пенсіяў, якое нібыта можна пакрыць зэканомленымі на электрычнасці грашамі: па афіцыйных разліках, на яго патрэбныя дадатковыя 219 млн рублёў толькі на люты — у паўтара разу больш, чым каштуе вулічнае асвятленне па ўсёй краіне за год.