Антыфэйк / фактчэк

04 чэрвеня

Клішэвіч: Скасаванне роўмінгу з Беларуссю тармозяць расейскія мабільныя аператары. Мы знайшлі іншыя прычыны

Пра планы скасаваць роўмінг упершыню паведамілі ў 2017 годзе, з той пары тэрміны ўвесь час пераносяць.

Дэпутат Сяргей Клішэвіч заявіў, што скасаванне роўмінгу паміж Беларуссю і Расеяй зацягваецца па віне расейскага боку. Журналісты Weekly Top Fake разабраліся, ці так гэта. 

Уладзімір Пуцін 24 траўня наведаў Менск з візітам. На выніковай прэс-канферэнцыі ён заявіў пра хуткае скасаванне роўмінгу паміж Беларуссю і Расеяй. 

Пра такія планы ўпершыню паведамілі ў 2017 годзе. З той пары тэрміны ўвесь час пераносяць. Дэпутат Сяргей Клішэвіч у эфіры «Радыё Менск» 27 траўня расказаў, хто, па яго думцы, у гэтым вінаваты:

«Трэба сказаць, што некаторыя расейскія службоўцы тут жа пачалі супраціўляцца, што мы не можам, тут у нас прыватная форма, і мы тут ніяк не прымусім. Бачыце, усё-такі іншая ў іх форма ўзаемадзеяння. Але яны пры вялікім жаданні, натуральна, знойдуць варыянт таго, як вырашыць гэта пытанне. Лідар расейскай дзяржавы, калі ён абяцаў, то, я думаю, гэта будзе на 100% выканана».

Словы дэпутата разыходзяцца з дадзенымі міністра лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расеі Максута Шадаева. Ён на паседжанні Дзярждумы ў траўні паведаміў, што скасаванне роўмінгу тармозіць беларускі бок.

«Мы ўжо ў дзясяткі раз зменшылі кошт роўмінгу і цяпер разам з беларускімі калегамі абмяркоўваем поўнае скасаванне. Тут, на жаль, праблема ў тым, што гэта досыць вялікія страты для аператараў беларускіх. Уласна, нашы аператары згодны з фінансавымі стратамі ад роўмінгавых паслуг, а пакуль беларускія аператары гэта пытанне разглядаюць», — заявіў Шадаеў.

Выданне РБК у 2019 годзе спыталася ва ўдзельнікаў перамоў, чаму яны не могуць дамовіцца пра скасаванне роўмінгу. Тады сярод прычын таксама называлася пазіцыя беларускіх кампаній. Беларускі бок не хацеў зніжаць стаўкі на інтэрканэкт (разлік паміж аператарамі-партнёрамі за трафік, што праходзіць па «чужых» каналах сувязі) на ўсе тыпы званкоў, на чым настойвалі расейцы.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі