Свядомая дэзінфармацыя з мэтай перабольшыць страты Украіны ў вайне.

Ва ўкраінскім Жытоміры загінулых вайскоўцаў хаваюць ужо ў гарадскім скверы. Пра гэта паведамілі ў сваіх тэлеграм-каналах расейскі вайсковы эксперт і заўсёднік палітычных ток-шоў Ігар Каратчанка і беларускі палітолаг Аляксандр Шпакоўскі. Яны запосцілі відэа мноства свежых магіл з украінскімі сцягамі на фоне жылых дамоў з такім подпісам: 

«Масавыя пахаванні ў Жытоміры ўкраінскіх вайскоўцаў. Месцаў на могілках ужо няма, хаваюць у гарадскіх скверах».

На самім відэа прастаўлены вадзяны знак тэлеграм-канала Фарпост. Але зараз яно там адсутнічае. Такую ж навіну апублікавалi ВК-група «Навіны Данбаса», і сайт «Кліч Жытоміра».

Аднак, па гугл-картах нам удалося ўстанавіць, што на відэа не гарадскі сквер, а Жытомірскія вайсковыя могілкі №2 на вуліцы Селецькай. Яно з'явілася ў Жытоміры яшчэ ў 1946 годзе.

Каб у гэтым упэўніцца, мы звярнуліся ў прэс-службу мэрыі горада. І спецыяльна для WeeklyTopFake там зрабілі пару свежых кадраў гэтых могілак. На іх тыя самыя вароты і тая самая жылая забудова вакол могілак, бо доўгі час яны лічыліся зачыненымі.

«У 1970 годзе органамі выканаўчай улады было прынятае рашэнне аб прыпыненні пахаванняў. І, уласна, доўгі час яны былі проста закрытымі ваеннымі гарадскімі могілкамі. Пачатак вайны Расіі супраць Украіны ўнёс свае карэктывы. З 2014 года там зноў хаваюць загінулых украінскіх вайскоўцаў», — распавяла нам Вольга Юрчанка, дырэктар Жытомірскага гарадскога цэнтра сацыяльных службаў. 

Такім чынам, паведамленні аб тым, што ўкраінскіх вайскоўцаў хаваюць прама ў гарадскім скверы — свядомая дэзінфармацыя з мэтай перабольшыць страты Украіны ў вайне.

Сам фэйк з'явіўся на фоне баявых дзеянняў, якія працягваюцца ва Украіне. Расейскія войскі атакуюць на франтах Запарожскай, Данецкай і Луганскай абласцей, несучы пры гэтым цяжкія страты. Брытанскі міністр абароны Бэн Уоллес заявіў, што цяпер баявы патэнцыял расейскага войска зніжаны на 40%, у тым ліку знішчана або пашкоджана дзве траціны расейскіх танкаў.

Каратчанку, Шпакоўскаму і прарасейскім паблікам, падобна, вельмі хацелася паказаць, што вялізныя страты нясе і Украіна, таму выдалі вайсковыя могілкі за гарадскі сквер.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Кветка эдэльвейс — прыкмета нацызму

Зяленскі прысвоіў горна-штурмавой брыгадзе ВСУ назву «Эдэльвейс». Беларускія і расійскія СМІ выставілі гэта як доказ нацызму ва Украіне. Справа ў тым, што ў часы вермахта так называлі адну з нацысцкіх дывізій, на эмблеме якой была намалявана горная кветка эдэльвейс.

Так паведаміў аб гэтай навіны тэлеграм-канала АТН:

«У нацыстаў свая гістарычная памяць.

Ці зiгануў пасля падпісання ўказа Zяленскі — не паведамляецца!» 

А расейскі Лайф.ру выдаў цэлы артыкул пад загалоўкам «Галаварэзы са свастыкай: Чым праславіўся нацысцкі "Эдэльвейс", у гонар якога Зяленскі назваў брыгаду ВСУ». 

«У перыяд Другой сусветнай вайны брыгада "Эдэльвейс" займалася на тэрыторыі СССР і УССР халакостам", — гаворыцца ў артыкуле. 

Адзначылася і расейскае МЗС:

«Кажуць, ва Ўкраіне няма нацыстаў? Для сляпых і глухіх вось яшчэ адно сведчанне: у Дзень святога Валянціна Зяленскі афіцыйна назваў украінскую дывізію «Эдэльвейс» - у гонар сумна вядомага падраздзялення нацысцкага вермахта, адказнага за свае ваенныя злачынствы».

Аднак, імя гэтай горнай кветкі насіла не толькі дывізія вермахта. І чамусьці калі ў 2011 годзе «Эдэльвейсам» афіцыйна стаў называцца 17-ы атрад спецыяльнага прызначэння Расгвардыі, МЗС і прэса ніяк не адрэагавалі і не назвалі іх нацыстамі. Праўда праз 5 гадоў — у 2016 — яго перайменавалі ў «Авангард».

Акрамя таго, войскі АДКБ (у тым ліку расейскія вайскоўцы) спакойна праводзяць свае вучэнні на палігоне «Эдэльвейс» у Кыргызстане. А войскі некаторых краін НАТА праводзяць Эдэльвейс-рэйд. Гэта міжнароднае ваеннае спаборніцтва, прызначанае для праверкі альпійскіх навыкаў горных салдат.

Ну а ў Беларусі летась так называўся турысцкі намётавы дзіцячы лагер у Касцюковіцкім раёне.

Увогуле, пакуль гэта не датычылася Украіны, назва кветкі нікога не абурала. Такім чынам, АТН, Лайф.ру і расейскі МЗС раздзьмулі праблему на пустым месцы.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Усе адкрыцці Амерыкі створаны імігрантам 

Амерыканцы самі нічога вынайсці не могуць, а ўсе свае адкрыцці маюць дзякуючы разумным імігрантам, сцвярджае Вольга Шпілеўская, якая ўзначальвае прадстаўніцтва тэлеканала «МІР» у Беларусі. Вось што яна сказала ў «Клубе рэдактараў» на «Беларусь-1»:

 «Але я хачу сказаць, што амерыканцы ў гэтым плане можа нават больш эфектыўныя. Вучы тое, што табе патрэбна.

- Пачакайце, можа быць іх рэйтынгі самыя вышэйшыя, але ўсе навуковыя адкрыцці, усе важныя нейкія моманты, хто робіць? Людзі, якія прыязджаюць да іх, а не тыя людзі, якія вучацца ў іхніх універсітэтах».

Насамрэч, калі паглядзець спіс універсітэтаў з найбольшай колькасцю нобелеўскіх лаўрэатаў, якія вучыліся ў іх, то можна заўважыць прыкметную перавагу якраз ВНУ ЗША. Так што, напэўна, не такая і дрэнная заходняя адукацыя, як сцвярджае Шпілеўская. 

Хоць трэба заўважыць, што даследнікі гэтай тэмы прызнаюць: так, вынаходнікі-імігранты гуляюць важную ролю ў амерыканскіх інавацыях. Хаця і не такую, як ім прыпісвае беларускае тэлебачанне. 

Вось, напрыклад, цытата з даследавання патэнтных запісаў, якое правяла ў 2017 годзе група аўтараў Гарвардскага і Чыкагскага ўніверсітэта:

«Па нашых дадзеных, імігранты складалі 19, 6% усіх вынаходнікаў у перыяд з 1880 па 1940 год. Сёння гэтая доля складае каля 30%».

Аднак, пакуль дзве траціны вынаходстваў у ЗША застаюцца за амерыканцамі. Таму словы Шпілеўскай — фэйк.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

«Хвіліна цішыні» — унікальнае вынаходства Шайгу

Расейскі тэлеканал «Звязда» распавёў пра подзвігі сваіх ратавальнікаў у Турцыі, якія прывезлі туды ўнікальную вынаходку цяперашняга міністра абароны РФ Сяргея Шайгу. Тэхналогія называецца «хвіліны цішыні». 

«Я дадам літаральна пару слоў пра гэтыя ўнікальныя методыкі, якія зараз там выкарыстоўваюцца. таму што тыя абсалютна цудоўныя выпадкі выратавання, калі даставалі малых, дзяцей праз 40 гадзін, 70,80 гадзін, з-пад абломкаў даставалі малых і дарослых. І гэта ўсё дзякуючы вось гэтай вось тактыцы, якую ўкараняў у МНС цяперашні наш зараз міністр абароны Сяргей Кужугетовіч Шайгу, калі ён яшчэ быў кіраўніком МНС. Вось тады яшчэ ў 1995 годзе з'явілася гэтая практыка, якая да гэтага часу ратуе жыцці сотням людзей. Гэта так званыя хвіліны цішыні». 

Сам Сяргей Шайгу, у сваёй кнізе, якая называецца «Пра ўчора», таксама распавёў, што ідэя ладзіць «хвіліны цішыні» пры выратаванні людзей з'явілася ў 1995 годзе падчас выратавальнай аперацыі пасля землятрусу ў Нафтагорску.

Насамрэч, хвіліны цішыні ўладкоўвалі пры выратавальных працах і да гэтага. Напрыклад, пасля Спітакскага землятрусу 1988 года ў Арменіі - за 7 гадоў, да таго, як гэтая ідэя азарыла Шайгу.

«Як успамінае ў размове з «Медузай» альпініст Агван Чацінян, яны па сутнасці былі чорнарабочымі, якія дапамагалі замежным ратавальнікам: у тых была і спецыяльная тэхніка (у тым ліку прыборы, якія ўзмацняюць гук — каб пачуць людзей з-пад завалаў), і спецыяльна навучаныя сабакі, і пражэктары, каб працаваць ноччу. …. Часам ратавальнікі ладзілі «хвіліны цішыні», каб з-пад завалаў пачуць галасы жывых».

А наогул унікальныя тэхналогіі пры выратаванні людзей з завал - гэта, напрыклад, звышадчувальныя мікрафоны, якія ўлоўліваюць гукі, недаступныя чалавечаму вуху, спецыяльныя відэакамеры або дэтэктары, якія ўлоўліваюць вуглякіслы газ - прыкмета таго, што пад завалам хтосьці дыхае. Ну, а тое, што, пры гэтым, трэба, перыядычна хвіліну не шумець — гэта ўніверсальная практыка, а не вынаходства Шайгу.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

У Еўропе інфляцыя вышэйшая, чым у Беларусі

Летась у 16 еўрапейскіх краінах гадавая інфляцыя была вышэйшай, чым у Беларусі. Такія падлікі на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам аб эканамічных праблемах агучыў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, паведамляе інфармагенцтва БелТА.

«Лукашэнка ацаніў працу эканомікі летась: нічога не абрынулася, але маглі б крыху лепш

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў сваю чаргу прывёў цікавы факт: З 20 еўрапейскіх краін Беларусь заняла 17-е месца па ўзроўні інфляцыі. Гэта значыць 16 краін паказалі інфляцыю вышэй за нашу».

Не зусім зразумела, пра якія менавіта 20 краін Еўропы гаворыць прэм'ер-міністр, але ў любым выпадку словы Галоўчанкі — няпраўда.

Паводле дадзеных аб інфляцыі ў 20 краінах зоны еўра, краіна з самай нізкай гадавой інфляцыяй, Іспанія, мае 5,5%. Самая вялікая ў Латвіі — 20,7 працэнта. У Беларусі на снежань мінулага года кошты выраслі на 12,8%. Гэта значыць, атрымліваецца, што Беларусь на 17 месцы, але з канца.

Калі ўзяць статыстыку па ўсіх 27 краінах Еўрасаюза, то і тут Беларусь са сваёй інфляцыяй знаходзіцца недзе паміж Харватыяй і Румыніяй. Гэта значыць, толькі ў 9 краін сітуацыя горшая. Але ніяк не ў 16-ці.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі

Вадзім Ялфімаў прысарамаціў амерыканцаў за словы Байдэна пра Пуціна. Нагадваем палітолагу, хто яшчэ не саромеецца ў выразах

Антыфэйк / фактчэк

Вадзім Ялфімаў прысарамаціў амерыканцаў за словы Байдэна пра Пуціна. Нагадваем палітолагу, хто яшчэ не саромеецца ў выразах

Аляксандр Лукашэнка таксама не саромеецца ў выразах, але папрокаў за гэта з боку палітолага Ялфімава ён ніколі не атрымліваў.

01/03 Чытаць