Кантэкст: Студзень 2026 года ў Польшчы стаў самым халодным за апошнія 16 гадоў. З пачатку лістапада і да 11 лютага ад пераахалоджання загінулі 46 чалавек, паведаміла польская паліцыя. Гэта самы высокі паказнік смяротнасці праз непагадзь за апошнія чатыры гады.
Як Беларусь перажыла маразы? Адказваючы на гэта пытанне вядоўца і госці праграмы «Наш час» на «Беларусь 4», распавялі пра поспехі краіны ў электрыфікацыі населеных пунктаў, да якіх нявыгадна цягнуць газавод. Гэта, а таксама рэгуляваныя ўладамі цэны на электраэнергію намеснік дэкана юрфаку ГДУ Віктар Вараб'ёў назваў «чарговай гранню беларускай мадэлі» сацыяльнай дзяржавы. Адразу пасля гэтага перайшлі да мадэлі польскай, якая, паводле слоў вядоўцы і дырэктара ТРК «Гомель» Аляксандра Дабрыяна, не дала рады маразам праз увядзенне санкцый супраць Беларусі.
— У Польшчы мерзнуць проста ў кватэрах. Вось, згадвалі ўжо ў нашым аглядзе: дзясяткі чалавек проста замерзлі ў сваіх хатах да смерці. На рынку паліўных пелет у тых жа палякаў, у аглядах і ў каментарах людзей — «тэлефануем у краму — найбліжэйшыя 8 тыдняў дастаў не плануецца» <…>, — распавёў Дабрыян у эфіры 8 лютага 2026 года.
— Найбуйнейшым вытворцам пелет і даставай яе на рынак Літвы і Польшчы была Беларусь. <…> Таму адмова і санкцыі, якія яны ўжылі, увогуле, стукнулі цяпер па іх, — адзначыў чалец-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар Андрэй Грыгор'еў.
— Глядзіце. Санкцыі, якія, мы ўжо часта кажам, што не зразумела, каму санкцыі нанеслі большую шкоду, нам, ці тым, хто іх уводзіў. Але вось цяпер за гэтыя санкцыі расплачваюцца проста шараговыя пенсіянеры польскія, сем'і, якія не могуць абагрэць уласнае жытло, не маючы таннага паліва, якое дастаўлялася з Беларусі, — падсумаваў вядоўца.
Дэфіцыт пелет у Польшчы сапраўды ёсць. Пра гэта паведамляюць мясцовыя профільныя выданні. Праз маразы спажыванне вырасла, а вытворчасць, наадварот, прасела: драўніна прамерзла, тэхніка не вытрымлівае нізкіх тэмператур і псуецца. Праўда, польскае Міністэрства энергетыкі падазрае прадаўцоў пелет у змове: яны маглі штучна завысіць цэны, бачачы, што попыт на рынку расце.
Да сакавіка 2022 года даставы беларускіх пелет у Польшчу дасягалі ледзь не траціны ўсяго імпарту гэтага прадукту ў краіну. Хоць галоўным дастаўнікам заўсёды заставалася Украіна. Аднак Польшча — сама буйны вытворца пелет. І нават у гады з пікавымі даставамі з Беларусі, аб'ёмы айчыннай прадукцыі не перавышалі 6% ад таго, што вырабляюць палякі. Таму няма прычын падазраваць у дэфіцыце пелет санкцыі супраць афіцыйнага Менску.