Дзве вайсковыя групоўкі, учора яшчэ саюзнікі, пайшлі адна супраць адной. Існаванне першай забараняе закон, але падтрымлівае кіраўнік дзяржавы. Другая абапіраецца на кіраўніка, які больш за дваццаць гадоў утрымлівае ўладу ў краіне. Трэцім бокам выступае нелегітымны кіраўнік суседняй дзяржавы. Сюжэт амаль кожнага ваеннага канфлікту ў Афрыцы гэтым разам апісвае нядаўнія падзеі ў Расеі. І, хоць бунт стваральніка ПВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына звязаны перадусім з вайной ва Украіне, параўнанне з афрыканскім кантынентам не выпадковае.

Чытайце таксама: Не Украінай адзінай, ці Шлях мяцежнага варлорда. Перамогі і паразы ПВК «Вагнэр» у Афрыцы — частка другая

«Маршам справядлівасці» да Беларусі. Або да Афрыкі?

«Марш справядлівасці» расейскіх наймітаў пад правадырствам Яўгена Прыгожына доўжыўся каля сутак і завяршыўся заявай прэс-сакратара расейскага прэзідэнта аб тым, што кіраўнік ПВК «Вагнэр» па запрашэнні і пры садзейнічанні Аляксандра Лукашэнкі «сыдзе ў Беларусь». Адтуль ён можа рушыць у Афрыку, выказаў здагадку Павел Латушка.

«Прыгожын можа выкарыстоўваць Беларусь як транзітную краіну для таго, каб адправіцца ў Афрыку, дзе ў яго бізнес і вайсковы, і эканамічны. Лукашэнка таксама хоча развіваць эканамічныя адносіны з Афрыкай», — сказаў у эфіры тэлеканалу «Дождж» намеснік кіраўніка апазіцыйнага Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

«Афрыканскі след» ёсць і ў канфлікце пуцінскага варлорда з Міністэрствам абароны і Генштабам РФ. 

Шматлікія публічныя атакі стваральніка ПВК «Вагнэр» на ваеннае кіраўніцтва краіны тычыліся не толькі вайны ва Украіне — сярод іх былі і крытычныя выказванні пра кампанію Расеі ў Афрыцы.

«У тых [афрыканскіх]краінах, у якія я дастаткова нядрэнна пагружаны, я лічу, што мы не робім абсалютна нічога. Наша бюракратыя зацягвае ўсё ў даўжэйшыя працэсы. … Там, дзе знаходзяцца падраздзяленні ПВК «Вагнэр», мы сутыкаемся з каласальнымі цяжкасцямі пры ўзаемадзеянні з МЗС, з Міністэрствам абароны, і з іншымі ведамствамі», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай напачатку красавіка ў тэлеграм-канале «Кепка Прыгожына».

Версія аб Афрыцы мае пад сабой падставы — за некалькі гадоў ПВК «Вагнэр» выбудавала там трывалую сістэму сувязяў дзесьці з мясцовымі лідарамі, а дзесьці з паўстанцамі, пашырыла свой уплыў і наладзіла стабільны даход. А таксама атрымала досвед удзелу ў ваенных пераваротах.

Ацэньваючы прычыны суботняга бунту Яўгена Прыгожына палітолаг Дзмітрый Арэшкін таксама пакідае нас у расейска-афрыканскім наратыве.

«Пуцін знішчыў дзяржаўнасць. Дзяржаўнасць — гэта ўсё ж сістэма палітычных інстытуцый, тыпу канстытуцыі, свабодных выбараў, незалежных судоў, свабоднай прэсы, праваахоўных органаў. Пуцін усё гэта звёў ад дзяржавы да правадырства, а палітычную канкурэнцыю ніхто не адмяняў. І таму ён шчасна апусціў Расею да ўзроўню Судану», — сказаў эксперт, каментуючы паход ПВК на Маскву.

Мяцеж вагнэраўцаў сапраўды нагадвае актуальныя падзеі ў Судане, дзе лідар мясцовых апалчэнцаў ваюе з былым паплечнікам, а цяпер кіраўніком дзяржавы, які запатрабаваў аб'яднаць наймітаў з шэрагамі афіцыйных узброеных сіл, каб падпарадкаваць іх сабе.

Менавіта з Судану, а таксама Чаду, дзе вагнэраўцы атрымалі першы досвед узброенага перавароту, Беларускі расследавальніцкі цэнтр пачынае серыю публікацый аб удзеле ПВК «Вагнэр» у экспансіі афрыканскага кантыненту. У першай частцы мы даведаемся, які ваенны досвед набыла створаная Яўгенам Прыгожыным прыватная ваенная кампанія і як з ёй перасякаліся інтарэсы сына Аляксандра Лукашэнкі Віктара.

Ключ ад Афрыкі. Судан

«Марш справядлівасці» Прыгожына 23-24 чэрвеня быў нечым падобны на канфлікт двух генералаў у Судане, які пачаўся ў сярэдзіне красавіка. Але, у адрозненні ад мяцяжу вагнэраўцаў, баявыя дзеянні там працягваюцца дагэтуль.

Судан займае трэцяе месца сярод краін Афрыкі па плошчы і здабычы золата. Здабываюць яго там у тым ліку Беларусь і Расея. Апошняя, як год таму паведаміў CNN, кантрабандай вывозіць з краіны золата, каб фінансаваць вайну ва Украіне. У цэлым жа, паводле афіцыйных ацэнак, з краіны незаконна вывозіцца 80% золата, якое здабываецца. Менавіта яно, а таксама шэраг ваенных пераваротаў абумовілі з'яўленне ў краіне расейскіх наймітаў.

«З'яўляюцца вагнэраўцы, як правіла, у месцах, дзе адбываецца грамадзянскі канфлікт, з аднаго боку. 

З іншага боку, прысутнічае слабая грамадзянская супольнасць, якая не можа супрацьстаяць вонкаваму ўплыву. І заўсёды трэці кампанент — гэта прысутнасць карысных выкапняў або каштоўных металаў», — распавёў напрыканцы красавіка ў інтэрвʼю «Белсату» эксперт-афрыканіст Максім Матусевіч.

У 2018 годзе ў Судане ўспыхнулі дэмакратычныя пратэсты. Пазней, у 2019-м, супраць прэзідэнта Амара аль-Башыра, які кіраваў краінай 30 гадоў, выступілі былыя паплечнікі — камандуючы ўрадавымі сіламі Абдэль Фатах аль-Бурган і кіраўнік Сіл хуткага рэагавання (СХР) Мухамэд Хамдан Даглю, вядомы як Хамідці.

Паводле дадзеных амерыканскіх уладаў, ПВК «Вагнэр» была заклікана дапамагчы аль-Башыру. Годам раней, у 2017-м, падчас візіту ў Маскву ён папрасіў ва Уладзіміра Пуціна абароны ад ЗША. Узамен — пагадзіўся абмеркаваць магчымасць размяшчэння расейскай ваеннай базы ў Порт-Судане, на ўзбярэжжа Чырвонага мора, і агулам стаць для Масквы ключом да Афрыкі. Тэлеканал Al Jazeera назваў гэты візіт адчайнай спробай утрымацца ва ўладзе.

У тым жа годзе ў прэсе з'явіліся паведамленні, што ПВК «Вагнэр» пачала трэнераваць суданскае войска. Мясцовыя медыі распавялі аб ваеннай базе ў Паўднёвым Дарфуры, дзе відавочцы налічылі каля пяцісот расейскіх наймітаў.

Тады ж Расея і Судан падпісалі пагадненне аб канцэсіях на здабычу золата для расейскай фірмы «М Інвест», якую Міністэрства фінансаў ЗША лічыць шырмай, якая прыкрывае дзейнасць ПВК «Вагнэр» у краіне. Да канцэсіяў прыкладалася беспрэцэдэнтная льгота: кампаніі Прыгожына не павінны аддаваць мясцовым уладам 30% у праектах па здабычы золата.

Канцэсіі — форма партнёрства дзяржавы і прыватнай кампаніі

, пры якой бізнес фінансуе або будуе які-небудзь сацыяльна значны аб'ект, пасля чаго атрымлівае з яго прыбытак.

Зброяй наймітаў — бяспечны Судан для Беларусі

У той жа час суданскім золатам зацікавіўся і Аляксандр Лукашэнка. У 2018 годзе Судан даў права распрацоўваць свае радовішчы Беларусі. Лукашэнка асабіста падзякаваў за гэта аль-Башыру. Пазней высветлілася, што гэтае права далі не Беларусі, а эмірацкай афшорнай кампаніі Sohra Mining, звязанай з беларускім бізнесменам Аляксандрам Зайцавым. Ён знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвяза, ЗША і іншых краін як зброевы «кашалёк» Лукашэнкі.

У красавіку БРЦ апублікаваў расследаванне, з якога вынікае, што Зайцаў найперш — «кашалёк» старэйшага сына Лукашэнкі Віктара. 

 

Зайцаў працаваў яго памагатым у Радзе Бяспекі, пасля чаго стаў уладальнікам шматмільённага зброевага і лагістычнага бізнесу. Абодва існуюць за кошт прэферэнцыяў ад дзяржавы.

Беларусь была буйным пастаўшчыком зброі ў Судан задоўга да 2018 года. Amnesty International, напрыклад, паведамляла, што беларуская зброя выкарыстоўвалася падчас Дарфурскага канфлікту напачатку двухтысячных.

Дарфур стаў сусветна вядомы напачатку нулявых з-за генацыду, які зладзілі мясцовыя арабскія апалчэнцы пры падтрымцы ўрада ў дачыненні, у асноўным, цемнаскурых сепаратыстаў. 

Той канфлікт забраў жыцці каля 300 тысяч чалавек. Апалчэнцамі, якія нам ужо вядомыя пад назвай «Сілы хуткага рэагавання», і тады камандаваў Хамідці.

Аднак на здабычу суданскага золата атачэнне сям'і Лукашэнкі нацэлілася толькі пасля прыходу ПВК «Вагнэр». Верагодна, гэта звязана з бяспекай — найміты змаглі забяспечыць ахову прыіскаў ад мясцовых плямёнаў і паўстанцаў.

Ад перавароту да перавароту

Здзелка з байцамі Прыгожына не дапамагла прэзідэнту Судану аль-Башыру. Ваенным удалося зрынуць яго і пасадзіць у турму. Генерал арміі Абдэль Фатах аль-Бурган дэ-факта ўзначаліў краіну, Хамідці — намеснік кіраўніка кіруючай Пераходнай суверэннай рады, стаў фактычна другім чалавекам у Судане. Яны паабяцалі правесці выбары і перадаць уладу грамадзянскім у 2021 годзе. Гэтага не адбылося дагэтуль — аль-Бурган у кастрычніку 2021-га зрынуў грамадзянскага прэм'ер-міністра, перапыніўшы працэс дэмакратычных пераўтварэнняў.

У сярэдзіне красавіка 2023 года ў Судане зноў пачаліся ваенныя дзеянні. Адзін супраць аднаго выступілі былыя паплечнікі, лідары ваеннай хунты — аль-Бурган і Хамідці. Апошні зараз носіць генеральскае званне і кантралюе дарфурскія залатыя капальні. Менавіта там, у заходнім рэгіёне Дарфура, а таксама ў сталіцы, Хартуме, ідуць самыя жорсткія баі.

Экс-паплечнікі абвінавацілі адзін аднаго ў здрадзе. Аль-Бурган запатрабаваў уключыць байцоў СХР, якія падпарадкоўваюцца Хамідці, у склад арміі. Хамідці абвінаваціў аль-Бургана ў імкненні ўстанавіць ваенную дыктатуру і асудзіў пераварот 2021 года.

Хамідці — суданскі Прыгожын 

Эксперты параўноўваюць Хамідці з расейскім варлордам, называючы яго «суданскім Прыгожыным», і адзначаюць падабенства жыццёвых шляхоў.

«У перакладзе на расейскія рэаліі гэта такі Прыгожын, выхадзец па-за традыцыйнымі элітамі, без класічнай пасады ў традыцыйнай іерархіі, які хоча для сябе большай ролі і сварыцца, сабачыцца онлайн з традыцыйнымі элітамі», — кажа карэспандэнт Бі-бі-сі Рыгор Атанесян.

Хамідці кінуў школу ў трэцім класе і заняўся гандлем вярблюдамі. Паводле самай распаўсюджанай версіі аб яго станаўленні, за зброю будучы генерал узяўся падчас канфлікту ў Дарфуры, пасля таго як хтосьці забіў 60 чальцоў яго сям'і і забраў вярблюдаў. У выніку ён далучыўся да апалчэнцаў, а пазней прыцягнуў увагу прэзідэнта аль-Башыра, які вербаваў людзей для прыгнечання паўстання. Неўзабаве Хамідці стаў камандзірам апалчэнцаў.

Яўген Прыгожын зараз галоўным чынам асацыюецца з ПВК «Вагнэр», якая ваявала ва Украіне (у тым ліку на Данбасе ў 2014-2015 гадах), Сірыі і афрыканскіх краінах. 

Але ягоны шлях не заўсёды быў звязаны з ваеннымі структурамі. Прыгожын — выхадзец з сям'і медыка і лыжнага інструктара. У 1979-м ён атрымаў умоўны тэрмін за крадзеж, праз два гады — ужо 13 гадоў рэальнага зняволення па абвінавачваннях у крадзяжы, махлярстве, уцягванні непаўналетняга ў злачынную дзейнасць і разбоі. У 1988 годзе яго памілавалі.

Бізнес Прыгожына пачаўся з гандлю хот-догамі, потым былі прадуктовыя крамы, рэстараны, кэйтарынгавая служба і, у выніку, манаполія на рынку школьнага харчавання ў Маскве. Наступным этапам стала будаўнічая дзейнасць.


Супраца з вайскоўцамі пачалося з кантрактаў на харчаванне войска і ўборку на абʼектах Мінабароны. Клінінгавыя замовы ў вайсковых абʼектах і Крамлі ён дзяліў з беларусам Эдуардам Апсітам, аб дзейнасці якога Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў расследаванне.

Абавязанні не выкананы, але місія выканальная

Звяржэнне прэзідэнта аль-Башыра не паўплывала на становішча ПВК «Вагнэр» — найміты засталіся ў краіне. Яўген Прыгожын публічна не падтрымаў ніводны з бакоў новага канфлікту. Больш за тое — у паведамленні, апублікаваным прэс-службай, ён прапанаваў выступіць пасярэднікам паміж аль-Бурганам і Хамідці:

«Тое, што зараз адбываецца ў Судане, гэта не тое, дзеля чаго мы вучылі суданцаў трымаць зброю. Мы вучылі іх, каб яны абаранялі свае межы ад ворагаў».

Пры гэтым CNN паведаміў са спасылкай на мясцовыя дыпламатычныя крыніцы, што ПВК «Вагнэр» паставіла СХР ракеты «зямля-паветра». Дзякуючы ім апалчэнцы Хамідці могуць больш эфектыўна супрацьстаяць рэгулярнай арміі. СХР адмаўляюць сувязь з расейскімі наймітамі і сцвярджаюць, што з расейцамі супрацоўнічае войска аль-Бургана.

Прыгожын таксама раней адмаўляў сувязь з Хамідці. Аднак крыніцы Бі-бі-сі расказвалі, што апошні быў агентам ПВК «Вагнэр» і на сустрэчах з кіраўніцтвам афрыканскіх краін прапаноўваў паслугі расейцаў. The Washington Post паведамляла, што байцы СХР трэніраваліся і ваявалі разам з вагнэраўцамі ў Лівіі.

Другі бок канфлікту — аль-Бурган — меў падставы ставіцца да вагнэраўцаў падазрона. Паводле дадзеных крыніц Associated Press, напачатку года кіраўнік егіпецкай выведкі размаўляў з ім пра тое, што Захад занепакоены узрастаючым уплывам ПВК «Вагнэр» у Судане, а таксама выкарыстаннем наймітамі Судану як базы для аперацый у суседніх краінах. Што на гэта адказаў аль-Бурган — невядома.

У Судане расейскія найміты не былі заўважаныя ў маштабных ваенных дзеяннях. Падводзячы вынік іх прысутнасці ў гэтай афрыканскай краіне, мы можам сказаць, што сваю частку дамовы з аль-Башырам вагнэраўцы не выканалі: ён не ўтрымаў уладу. Пры гэтым інтарэсы Крамля ў выглядзе ўплыву і даходаў ад залатых капалень былі выкананы.

Разам з апалчэнцамі Хамідці найміты Прыгожына распаўсюдзілі свой уплыў на суседнія Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку і Лівію — пра гэта мы раскажам у наступнай публікацыі. Менавіта Судан, ЦАР і Лівія сталі плацдармам для паходу на Чад.

Найміты на баку паўстанцаў. Сардэчна запрашаем у Чад

Судан, Лівія і ЦАР мяжуюць з Чадам. У гэтай краіне здабываюць нафту, але большая частка насельніцтва жыве за кошт сельскай гаспадаркі. На поўдні, напрыклад, вырошчваюць бавоўну — на экспарт у Еўропу і ЗША.

У 2003 годзе ў краіне знайшлі нафту. Гэта стала прычынай узброеных канфліктаў: розныя групы спрабуюць атрымаць кантроль за радовішчамі. Прэзідэнт Ідрыс Дэбі ўзмацніў нестабільнасць тым, што ў 2005 годзе адмяніў канстытуцыйныя абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, што выклікала масавыя пратэсты і ўзброеныя паўстанні, якія, праўда, не прывялі да перавароту.

ПВК «Вагнэр» у Чадзе падтрымлівае не ўрад, а паўстанцаў, якія атачаюць краіну з трох бакоў — на прыгранічных тэрыторыях Лівіі, Судана і ЦАР.

11 красавіка 2021 года ў Чадзе адбыліся прэзідэнцкія выбары. У той жа дзень паўстанцы з групоўкі «Фронт за перамены і згоду ў Чадзе» паспрабавалі здзейсніць бліцкрыг. З Лівіі яны прарваліся праз чадскія памежныя пасты. Па паведамленні прадстаўнікоў паўстанцаў, яны прайшлі дзвюма калонамі большую частку Чада да правінцыі Канем за дзвесце кіламетраў ад сталіцы Нджамены. Прэзідэнт Ідрыс Дэбі выехаў да лініі сутыкненняў і загінуў у баі 20 красавіка — праз дзень пасля аб'яўлення папярэдніх вынікаў выбараў, на якіх ён перамог шосты раз запар.

Сын загінулага прэзідэнта, генерал Махамат Ідрыс Дэбі аператыўна захапіў уладу, прыпыніўшы дзеянне канстытуцыі і распусціўшы ўрад з парламентам. Пад яго кіраўніцтвам чадскія войскі разбілі паўстанцаў і адціснулі іх назад у Лівію. The Times пісала тады, што паўстанцаў трэнеравала ПВК «Вагнэр». Але іншых незалежных пацверджанняў гэтаму БРЦ не знайшоў.

У 2023 годзе амерыканская разведка папярэдзіла Дэбі-малодшага, што расейскія найміты працуюць з чадскімі паўстанцамі, якія плануюць здзейсніць у краіне пераварот і, верагодна, забіць яго, распавялі крыніцы The New York Times і The Wall Street Journal у Вашынгтоне і Нджамене. Пакуль у іх гэта не атрымалася.

Прыгожын «пойдзе ў Беларусь»

Ці можна параўнаць бунт Прыгожына з няўдалым у Чадзе і назваць праваленым, пакуль не зразумела. Без адказу застаецца некалькі пытанняў, сярод якіх — якія мэты насамрэч пераследаваў заснавальнік ПВК «Вагнэр». Адзінае, што вядома, — ён «сыдзе ў Беларусь».

Можна выказаць здагадку, што Лукашэнка адправіць вагнэраўцаў ахоўваць афрыканскія капальні, а таксама выкарыстае сувязі Прыгожына на кантыненце. Нельга выключаць і таго, што нязменны кіраўнік Беларусі прыцягне наймітаў да ўціхамірвання магчымых унутраных пратэстаў — як гэта было з беркутаўцамі, якія ўцяклі з Украіны пасля рэвалюцыі ў 2013 годзе. У вагнэраўцаў ёсць досвед удзелу ў прыгнечанні паўстання ў Судане — няўдалы. Але ў іншых краінах Афрыкі ім часта спадарожнічаў поспех. Пра гэта мы распавядзем у наступнай публікацыі аб афрыканскім шляху мяцежнага расейскага варлорда.

Іншая аналітыка